Коренной немец Михаэль Шольц покинул Берлин и с женой Аленой переехал на постоянное место жительства в Гуту

Общество

Карэнны немец Міхаэль Шольц, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, сёлетнім летам без шкадавання пакінуў Берлін і разам з жонкай Алёнай пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Гуту.

Гута — родная вёска Алёны.

Тут жылі мае бацькі і вырасла я, тут нарадзіла і выхоўвала сына і нікуды з’язджаць не збіралася, тым больш пакідаць Беларусь, — расказвала яна. — Але лёс распарадзіўся інакш, і я апынулася ў Берліне.

25 гадоў назад Алёну і Міхаэля пазнаёміў яе сваяк са Скідаля. Іван — музыкант па прафесіі — разам з сябрам іграў у Берліне ў бары і на вуліцы. Міхаэль, які нядрэнна размаўляў па-руску, на цэлых паўгода даў ім прытулак у сваёй халасцяцкай кватэры, пасябраваў з беларусамі і ў нашу краіну ўпершыню прыехаў з імі.

Ваня мне шмат расказваў пра Алёну, — узгадвае Міхаэль. —  Але пакуль яе не ўбачыў, і думкі не было пра нейкія адносіны, тым больш — жаніцьбу. А ўбачыў — прыгажуня! Знаходзіцца побач з ёй было лёгка і прыемна.

Калі б Міша (так Міхаэля зараз называюць усе, і яму гэта падабаецца) не ведаў рускай мовы, у нас з ім, напэўна, нічога не склалася б, бо я не разумела ніводнага слова па-нямецку, — удакладняе Алёна.

Праз тыдзень пасля знаёмства ў Міхаэля заканчвалася віза, і ён паехаў у Германію. Сталі тэлефанаваць адно аднаму, пісалі пісьмы, а праз некалькі месяцаў ён прыехаў да Алёны з заручальнымі пярсцёнкамі і патрэбнымі для рэгістрацыі шлюбу дакументамі, нават не папярэдзіўшы пра свой сур’ёзны намер. Гэта быў для яе прыемны сюрпрыз.

Міша мне падабаўся, я давярала яму, таму і згадзілася выйсці замуж, — дзялілася жанчына. — У Германію ехаць не баялася. Наадварот, было цікава ўбачыць краіну і лад жыцця немцаў. Але сына з сабой адразу не забрала — на два гады пакінула ў сваіх бацькоў, бо не мела ўпэўненасці, што прыжывуся там. Дарэчы, мой ужо дарослы сын зараз жыве ў Берліне, але вельмі любіць Беларусь. У яго, як і ў мяне, беларускі пашпарт, і ён па магчымасці з радасцю наведваецца сюды. Я ж на першым часе, не ведаючы мовы, адчувала сябе ў Германіі, нібыта пяцігадовае дзіця, — без Мішы ні кроку.

З гадамі Алёна авалодала мовай настолькі, што нават нямецкія кніжкі чытае. Але ўсё роўна сумавала па Беларусі, бацьках і сябрах, нават не брала нямецкае грамадзянства. Штогод па два разы прыязджала ў Гуту і па месяцы праводзіла з бацькамі. Спадабалася жончына Радзіма і Міхаэлю. Ён таксама ахвотна наведваўся сюды. А збіраючыся ісці на пенсію (працаваў садоўнікам у Берліне), ужо цвёрда ведаў, што хоча жыць у Беларусі.

Яны ўладкаваліся ў доме Алёніных бацькоў, якіх ужо няма ў жывых. Калі я пераступіла яго парог, падалося, што трапіла ў сваё далёкае вясковае дзяцінства. Непрывычна і радасна было бачыць этажэрку, трумо, буфет, жалезны ложак, а на ім — падушкі ў вышываных навалачках, пад посцілкай — бялюткі падузорнік, на вокнах — такія ж бялюткія фіранкі з рышэлье, на падлозе — паласаты самаробны палавічок і многае іншае. Самае дзіўнае, што ўсе хатнія рэтра-рэчы выглядаюць тут не старамодна, а заварожвальна. Прычым паўсюль — ідэальная чысціня. Адразу адчуваецца клапатлівая рука гаспадароў.

Абстаўляючы пакоі, мы наўмысна захавалі стыль 60—70 гадоў, — тлумачылі яны, заўважыўшы мае здзіўленне і захапленне. — У ім шмат натуральнасці і душэўнасці. Купілі ў Гуце яшчэ адзін дом. Але ж ён звонку і знутры ўвесь у пластыку. Нам такое не трэба, будзем усё перарабляць пад дрэва. А абставім мэбляй у стылі вікінгаў, якую прывезлі з Германіі, і ён будзе выглядаць зусім інакш, чым гэты.

Міхаэль зачараваны нашай прыродай: побач з вёскай — лес, непадалёк — дэндрапарк, рукой падаць да возера, у якім ён любіць купацца і плаваць на лодцы разам з Алёнай. Вельмі падабаюцца беларускія прадукты, асабліва мясныя і малочныя. Пасябраваў з многімі мясцовымі жыхарамі і адзначае, што беларусы адрозніваюцца ад немцаў сваёй адкрытасцю і чуласцю.

А з якім захапленнем ён расказвае пра сваю вялікую калекцыю часцінак метэарытаў і рэдкіх камянёў, якія збірае на працягу многіх гадоў! Пераконвае, што яны валодаюць магічнай сілай.

Гэта кавалачкі ад метэарытаў, якія ўпалі ля Байкала, Амана, Сахары, Сіхатэ-Аліня. А вось туліт з Нарвегіі, ісуа з Грэнландыі, лабрадор з Пакістана, — пералічвае дзясяткі назваў. — А звярніце ўвагу, як мяняюць сваю афарбоўку гэтыя камяні… Кожны каштуе ад 60 да 100 еўра. Але я не прадаю іх, а толькі калекцыяную, некаторыя апрацоўваю.

Міхаэль выдатна размаўляе па-руску, і толькі заспяшаўшыся, зрэдку забывае якое-небудзь слова і просіць Алёну падказаць. А мне карціць пачуць, калі ён навучыўся. Адказвае, што вывучаў рускую мову ў школе, і яна яму была цікавай. Акрамя таго, яго бацькі ездзілі на экскурсіі ў Мінск, Ленінград, Маскву, уразіліся гэтымі гарадамі, шмат расказвалі пра іх, прывозілі адтуль цацкі. «І мяне са школьных гадоў цікавіў Савецкі Саюз, — гаворыць. — Таму і рускую мову вучыў».

Ну а Беларусь ён палюбіў усім сэрцам яшчэ і таму, што тут сустрэў і пакахаў цудоўную жанчыну.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.