О тепле, свете и порядке шла речь на заседании Дуниловичского сельисполкома

Местная власть

Пра цяпло, святло, парадак ішла размова на мінулым тыдні на пасяджэнні Дунілавіцкага сельвыканкама.

Прысутныя найперш абмеркавалі работу сельскага Савета, а таксама Валкоўскага і Дунілавіцкага лясніцтваў па забеспячэнні палівам насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі сельсавета. Старшыня сельскага Савета Таіса Баторы нагадала нормы, устаноўленыя на адно домаўладанне: паліўныя брыкеты — 3,5 тоны, торф кавалкавы — 4, вугаль — 2,5 тоны, дровы — 4,9 кубаметра. Праінфармавала, што праз Пастаўскі філіял абласнога ўнітарнага прадпрыемства  «Віцебскаблпаліва» Дунілавіцкае лясніцтва забяспечыла дрывамі 188 домаўладанняў, у тым ліку 50 — ільготнай катэгорыі, Валкоўскае лясніцтва — 145, у тым ліку 102 — ільготнай катэгорыі. Торфабрыкет завезены ў 76 домаўладанняў. Ляснічы Дунілавіцкага лясніцтва Генадзій Дзюшко запэўніў, што праблем з забеспячэннем дрывамі тых, хто яшчэ не нарыхтаваў іх дастаткова, не будзе. Дырэктар сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Андрэй Сарапененка гаварыў пра тое, што гаспадарка выдзяляла і будзе выдзяляць людзям транспарт для самавывазу дроў або брыкету з мэтай змяншэння кошту транспартных расходаў.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, які прымаў удзел у пасяджэнні сельвыканкама, заклікаў дэпутатаў і старэйшын аператыўна рэагаваць на патрэбы вяскоўцаў, прыслухоўвацца да іх меркаванняў. А клопатаў у мясцовай улады прыбавілася. Справа ў тым, што з 1 верасня бягучага года ліквідаваны Валкоўскі сельсавет, а яго тэрыторыя далучана да Дунілавіцкага.

— На тэрыторыі ўзбуйненага сельсавета знаходзіцца 51 населены пункт (33 — у валкоўскай зоне, 18 — у дунілавіцкай), 28 прадпрыемстваў і арганізацый, — расказвала Таіса Баторы. — Агульная колькасць насельніцва — 1 695 чалавек. За 16 гадоў работы старшынёй Валкоўскага сельскага Савета я добра ведаю там людзей і іх праблемы, ушчыльную працавала з дэпутатамі і старэйшынамі. Спадзяюся знайсці ўзаемаразуменне і падтрымку і ў Дунілавічах. Буду рабіць усё для таго, каб апраўдаць давер дэпутатаў, якія прагаласавалі на сесіі за маю кандыдатуру, і ўсяго насельніцтва.

На цяперашні час самае актуальнае пытанне — наладжванне вулічнага асвятлення. Ад старэйшын і дэпутатаў у сельскі Савет паступаюць званкі, дзе ўзніклі праблемы, а адтуль звяртаюцца па дапамогу ў РЭС. Пастаянны клопат — добраўпарадкаванне, асабліва месцаў масавага карыстання. Асобная тэма — работа з дамамі, якія пустуюць. На сённяшні дзень працуем з 17 такімі дамамі. ­Адзін сёлета прадалі, яшчэ на адзін склалі дагавор дарэння, на другі — куплі-продажу, 6 знесены, на 2 падрыхтаваны дакументы на знос. Запланавана знесці яшчэ 4 дамы і 2 выставіць на продаж.

У полі зроку мясцовай улады гандлёвае, медыцынскае, культурнае абслугоўванне насельніцтва, прафілактыка п’янства і правапарушэнняў, небяспечнага становішча ў сем’ях, сацыяльная абароненасць адзінокіх пажылых, інвалідаў. Ды і многія іншыя пытанні жыццядзейнасці ў кампетэнцыі сельскага Савета.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.