По «золотому кругу» дуниловичского края проехали участники проекта «Поставщина. Каждый шаг — история»

История

Па «залатым коле» дунілавіцкага краю праехалі 16 кастрычніка ўдзельнікі раённага адукацыйна-краязнаўчага праекта Пастаўшчына. Кожны крок — гісторыя». З пачатку года гэта быў шосты па ліку маршрут, які распрацавалі і абкаталі аматары гісторыі роднага краю.

Стартавала падарожжа ў Паставах. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі раённага савета ветэранаў, аддзела спорту і турызму райвыканкама, раённага краязнаўчага музея, настаўнікі і вучні лынтупскай, камайскай, курапольскай школ і іншыя. Прыехаўшы ў Дунілавічы — адно з самых даўніх паселішчаў краю, — яны найперш наведалі касцёл Святой Троіцы, які з’яўляецца тут галоўнай архітэктурнай славутасцю. Пра храм, а таксама іншыя гістарычна значныя аб’екты падарожнікам расказалі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дунілавіцкай СШ Вольга Андрэйчык і юныя краязнаўцы школы. Вольга Антонаўна разам з настаўнікам Валерыем Гірыным, зацікаўленымі гісторыяй вучнямі склала маршрут усёй паездкі.

Чарговым прыпынкам вандроўнікаў стаў помнік воінам-землякам. Ён устаноўлены ў парку ў цэнтры Дунілавіч. Тут у гады Вялікай Айчыннай вайны былі пахаваны салдаты, якія загінулі пры вызваленні вёскі. Пазней астанкі перапахавалі на мясцовых могілках, аднак абеліск, на якім значацца імёны ахвяр вайны, і сёння нагадвае пра трагедыю таго часу.

Удзельнікі праекта таксама ўшанавалі памяць салдат, што загінулі падчас савецка-польскай вайны 1919—1920 гадоў, усклалі кветкі на брацкай магіле ахвяр яўрэйскага гета. Затым яны сустрэліся з мясцовым края­знаўцам Францам Хомічам, які расказаў шмат цікавых фактаў пра мястэчка, распавёў легенды пра парк Крыкалы. Запомнілася і знаёмства з Дунілавіцкай СШ, асаблівасцямі навучальнага працэсу ў ёй.

На жаль, не захавалася да сённяшняга дня яшчэ адна славутасць Дунілавіч — палац графа Тышкевіча

— У маршрут мы таксама ўключылі «сястру» Хатыні — вёску Альцы. Пра яе сумны лёс нам расказала навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Аксана Журава, — распавядала адзін з арганізатараў праекта Наталія Федаровіч. — Увогуле, кожная такая паездка пацвярджае, як многа людзей цікавіцца гісторыяй роднага краю. Вывучаць яго будзем і далей. Напрыканцы месяца плануем з’ездзіць на Камайшчыну, крыху пазней — акунуцца ў гісторыю ваенных гарадкоў Пастаў. Ёсць упэўненасць, што ўсё атрымаецца, бо праект падтрымлівае вялікая колькасць людзей. На дунілавіцкім маршруце нас усюды суправаджала старшыня мясцовага сельскага Савета Таіса Баторы, а адправіцца па маршруце ўдалося дзякуючы начальніку аддзела спорту і турызму райвыканкама Вячаславу Врублеўскаму. Мы дзякуем усім за падтрымку і зробім усё магчымае, каб на новых маршрутах было шмат новых эмоцый.

Іна Стаднік
Фота даслала Наталія Федаровіч і з адкрытых крыніц



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.