Поставское ОДП для граждан пожилого возраста ТЦСОН предлагает воспользоваться услугами бани-бочки

Общество

У лазні памыцца – нанова нарадзіцца

Так сцвярджаюць тыя, хто карыстаецца паслугамі лазні-бочкі, што ўстаноўлена на тэрыторыі пастаўскага аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН.

Лазню цэнтр набыў у рамках рэалізацыі гуманітарнага праекта «Аказанне сацыяльна-бытавой падтрымкі былым ахвярам нацызму» пры фінансавай падтрымцы фонда «Памяць. Адказнасць. Будучыня» праз міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемаразуменне».

— Галоўная мэта праекта — укараніць у глыбінцы інавацыйныя тэхналогіі, павысіць даступнасць і якасць сацыяльных паслуг для былых вязняў месцаў прымусовага ўтрымання і пажылых людзей, якія нарадзіліся да 9 мая 1945 года, — расказвала каардынатар праекта Таццяна Лемянкова. — Нашы падапечныя ўжо ацанілі новую лазню. Даўжыня бочкі — 3 метры, у ёй тры адсекі. Утульна і прыгожа. Прадстаўнікам мэтавай групы паслугі аказваюцца бясплатна.

Тэрытарыяльны цэнтр заключыў дагавор з індывідуальным прадпрымальнікам Міхаілам Ермаловічам, які аказвае паслугі таксі. Ён у вызначаны час дастаўляе бабуль з дому ў лазню. Работнікі ТЦСАН Ірына Куцуха, Ганна Хромчанка і Аксана Дробышава дапамагаюць пажылым распрануцца, памыцца, аказваюць санітарна-гігіенічныя паслугі. Набыты таксама пральная машына-аўтамат, прасавальны прэс, стэрылізатары для педыкюрных і цырульных інструментаў і многае іншае.

86-гадовая Крысціна Махніс і 88-гадовая Зоя Волк з Пастаў — суседкі па лесвічнай пляцоўцы. Ім ёсць пра што пагаварыць. Нярэдка ўспамінаюць і ваенны час. Зоя Мікалаеўна тады жыла ў вёсцы Сямёнавічы Шаркаўшчынскага раёна. Яе бацькоў з чатырма дзецьмі немцы ра­зам з іншымі вяскоўцамі пагналі ў Шаркаўшчыну. Урэшце маці з трыма малодшымі, сярод якіх была і Зоя, пакінулі на месцы, а бацьку са старэйшай дачкой вывезлі ў Германію на прымусовыя работы.

— Як жа мы нагараваліся з мамай! — дрыжыць голас жанчыны. — Але, дзякуй Богу, вайна закончылася, вярнуўся тата, пазней — і сястра. Таму мы, старэйшае пакаленне, вельмі цэнім мір і ўсё, што робіцца ў Беларусі для таго, каб яго захаваць на нашай зямлі. Што да лазні, то яна нам вельмі спадабалася.

— У нашых кватэрах няма ні душа, ні ванны, — уключаецца ў размову Крысціна Уладзіміраўна. — Пакуль былі дужэйшыя, хадзілі мыцца на ФАК. Цяпер цяжкавата. А лазня-бочка — вялікая зручнасць. Аксана Дробышава — мілая, добрая, цярплівая! Ластавачкай каля нас завіхаецца.

Памыўшыся, можна адпачыць. Сацыяльныя работнікі прапануюць гарбату, пячэнне. Паслугамі лазні карыстаюцца не толькі гараджане, але і вяскоўцы, якія адносяцца да адпаведнай катэгорыі грамадзян.

Анна Анішкевіч
Фота даслала Таццяна Лемянкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.