«Прорыв года» — в этой номинации на празднике ко Дню работников культуры была награждена Татьяна Карпова

Культура

«Прарыў года» — у гэтай намінацыі на свяце да Дня работнікаў культуры была ўзна­гароджана Таццяна Карпава. Адзначалася: яна як навуковы супрацоўнік Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна сёлета скончыла маштабную работу па ўключэнні традыцыі інструментальнага выканання на дыятанічных цымбалах у Пастаўскім раёне ў Дзяржаўны спіс элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. І гэта толькі частка работы, якую за апошні час правяла культработнік.

У галіне культуры Таццяна Карпава шчыруе 10 гадоў. Яе можна ўбачыць і як вядучую разнастайных мерапрыемстваў, і як гераіню анімацыйных праграм для дзяцей. Да душы маладой супрацоўніцы і краязнаўчыя экспедыцыі, размовы з носьбітамі традыцый.

Свой прафесійны шлях Таццяна пачынала культарганізатарам у Доме культуры ў Варапаеве, пасля ўлілася ў творчы калектыў ЦКіНТ Пастаўскага раёна. За яе плячыма — удзел не ў адной сотні мерапрыемстваў. Праведзена і вялікая работа з дакументамі, статыстычнай інфармацыяй.

Я доўга марыла стаць псіхолагам, але ў 11 класе вырашыла: буду рэжысёрам, — гаварыла Таццяна Карпава. — Вучылася па спецыяльнасці «Рэжысура народных абрадаў і свят». У галіну культуры прыйшла працаваць па прыкладзе сваёй мамы. Не скажу, што ўсё адразу складвалася ідэальна. У пачатку работы было і такое, што ў сельскай мясцовасці доўга і карпатліва рыхтавала мерапрыемства, а на яго ніхто не прыйшоў, акрамя бацькоў дзяцей, якія былі задзейнічаны ў праграме. Сёння гэты выпадак узгадваю з усмешкай. Але і ён быў патрэбны, каб зрабіць высновы і расці прафесійна.

Маці Таццяны Карпавай — дырэктар ЦкіНТ Пастаўскага раёна Ксенія Грэська — штодня з’яўляецца для яе і настаўнікам, і дарадчыкам, і лепшым творчым сябрам. Натхняюць на працу і калегі — энергічныя, крэатыўныя, якія заўжды нацэлены на плённую работу ў камандзе. Разам атрымліваецца многае, і ў кожным поспеху — уклад усіх супрацоўнікаў. Аднак менавіта Таццяна правяла асабліва вялікую работу па абагульненні ўжо вядомай і пошуку новай інфармацыі пра дыятанічныя цымбалы на Пастаўшчыне.

Работа ў гэтым кірунку распачалася вясной мінулага года і скончылася толькі летам сёлетняга, — адзначала Таццяна. — За гэты час давялося прачытаць шмат літаратуры, сустрэцца з разнастайнымі людзьмі, у тым ліку з работнікамі Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Вельмі дапамаглі Валянцін Жагула, прадстаўнікі некалькіх пакаленняў сям’і Мацкевіч, якія захоўваюць цымбальныя традыцыі сваіх продкаў, а таксама Анатолій Собаль. Разам з імі мы, работнікі цэнтра, у жніўні паехалі на Беларускую рэспубліканскую навукова-метадычную раду па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Абарону прайшлі паспяхова.

Творчых планаў і ў самой Таццяны, і ў яе калег дастаткова. Адразу пасля Дня работнікаў культуры яны актыўна пачнуць рыхтавацца да абласнога свята-конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны «Вялікая вясельніца», які пройдзе 21 кастрычніка ў Дуброўне.

Іна Стаднік



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.