Следующая остановка на пути редакционного проекта «Вёсачка» — деревня Гридьки

Важное Общество

Рыхтуючы чарговы выпуск праекта, кожны раз звяртаюся да гісторыі вёскі. З энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі» даведалася, што ­Грыдзькі знахо­дзіліся ва ўладанні Тызенгаўзаў. У 1905 годзе тут налічвалася 257 жыхароў, апрацоўвалася 330 дзесяцін зямлі, дзейнічала народнае вучылішча. У 1941 годзе — 58 двароў і 150 жыхароў. У чэрвені 1944-га акупанты спалілі ўсю вёску і жыхароў, якія ў той дзень знаходзіліся дома. Падчас акупацыі загінула 12 вяскоўцаў. 27 чалавек ваявалі на фронце, 6 з іх загінулі. У 1950 годзе ў вёсцы быў створаны першы калгас «Шлях Сталіна».

 

Увекавечыла ў кнізе

Але ёсць яшчэ адна пісьмовая крыніца гісторыі Грыдзек — самая блізкая і дарагая для выхадцаў з вёскі. Гэта кніга, падрыхтаваная ўраджэнкай Грыдзек Соф’яй Жук. «Для мяне гэта самае светлае і чыстае месца на зямлі, — піша ў прадмове аўтар. — Тут я нарадзілася, расла, тут мяне заўсёды чакалі, тут жылі дарагія мне людзі». Далей яна расказвае, што сабой уяўляла вёска ў пачатку ХХ стагоддзя. Працытую асобныя радкі: «Была мнагалюднай, гаспадарку вялі аднаасобна. З «тэхнікі» — конь, саха, барана, плуг. Усе жанчыны мелі залатыя рукі: пралі, ткалі, шылі, вышывалі». Найбольшая каштоўнасць гэтага выдання, якое вельмі годна аформлена і паліграфічна, — фотаілюстрацыі. На кожнай старонцы размешчана па некалькі здымкаў і подпісаў пад імі, у якіх — гісторыя сем’яў. Адметна, што на першых старонках — здымкі тых, хто змагаўся з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Нізкі паклон Соф’і Андрэеўне за яе каласальную працу па зборы матэрыялаў і выданні кнігі, якой яна ўвекавечыла сваю родную вёску. А мы знаёмімся з сённяшнімі Грыдзькамі.

 

Куток бацькоўскі не прадаецца

Напэўна, нікога не пакідае раўнадушным хіт папулярнай беларускай групы «Дразды», у якім гучаць такія словы: «Не прадаецца хата бацькоў,/ Куток бацькоўскі не прадаецца,/ Куды вяртаюсь я зноў і зноў,/ Дзе адчуваю, як сэрца б’ецца».

З ліку тых, хто даражыць бацькоўскім кутком, Ірына Счасная. Яе кватэра — у Паставах, работа — у Навасёлках, а месца сілы — у Грыдзьках.

— У гэтым доме жылі мае дзядуля з бабуляй, бацькі, тут нарадзіліся я і мой брат, — расказвае Ірына і паказвае на сцяне партрэты продкаў. — Дзядуля, Сяргей Швед, — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ён вельмі любіў нас, унукаў, а мы ганарыліся ім, зараз даражым памяццю пра дзядулю.

Памяць і ў тым, што жыве дзедаў дом. Прычым ён выглядае вельмі эфектна. Гаспадары здолелі ўдала спалу­чыць элементы мінуўшчыны і сучаснасці, ад чаго і своеасаблівая аўра ў пакоях.

Муж Ірыны, Сяргей, зараз працуе ў Санкт-Пецярбургу, там жывуць і іх дачка з зяцем. Усе вельмі любяць прыязджаць у Грыдзькі. Сяргей едзе не адпачываць, а працягвае добраўпарадкоўваць сядзібу. Больш за тое, Ірына з Сяргеем купілі суседні дом, які доўгі час пуставаў і наво­дзіў на іх сум. Ужо распачалі наводзіць парадак і там. Ніхто не сумняваецца, што з часам створаць такі ж узорны куточак, як і на дзедавай сядзібе.

Не прадалі і не закінулі бацькоўскія сядзібы Анатолій і Яўгенія Лосікі, Артур  Ягела з жонкай, Зоя і Віктар Курыловічы, Лена Пахомчык, Наталля і Віктар Бухавецкія, Таня і Расціслаў Чарэнкі.

 

Жанчына са стрэльбай

Не палохайцеся, гэта не агрэсарка, а аматарка палявання Алена Голубева. Не сфатаграфавала яе са зброяй у руках толькі таму, што не застала дома. Мы сустрэліся ў «Мясной лаўцы» па вуліцы Юбілейнай у райцэнтры, дзе яна працуе.

На маё здзіўленне незвычайным для жанчыны захапленнем Алена Аляксандраўна адказала: «А мне заўсёды падабаліся мужчынскія заняткі: касіць, будаваць, паляваць, лавіць рыбу».

Яна мае паляўнічы білет, зарэгістраваную стрэльбу. Але сцвярджае, што не прагне здабычы, хіба што лісу ці янота калі застрэліць, затое наталяецца еднасцю з прыродай.

— Я і ўнукаў далучаю да яе, — расказвае. — Саджу ў машыну — і едзем у лес. Паказваю, як распазнаваць сляды звяроў. А колькі радасці было, калі яны ўбачылі казулю, лася! Сёлета надзвычай грыбны год. Грыбоў нарыхтавала, напэўна, больш, чым хтосьці — бульбы. А колькі ягад мы з дочкамі наносілі з лесу і прадавалі ў тыя гады, калі мелі вялікія матэрыяльныя цяжкасці!

Зараз у абедзвюх яе дачок, якія жывуць у Паставах, свае сем’і. А Алена, 3 гады назад развёўшыся з мужам, абуладкавалася ў бацькоўскім доме ў Грыдзьках. З дапамогай дачок і зяцёў ператварыла старую хату ў сучаснае добраўпарадкаванае жыллё з усімі выгодамі, нават электраацяпленне зрабіла.

— Захапляюся нашай вёскай, — радасна дзялілася Алена. — Люблю людзей і работу. Зараз у маім жыцці найлепшы перыяд, і нічога мяняць не збіраюся.

 

Упершыню села за руль у 57 гадоў

У той дзень, калі я наведалася ў вёску, яе старэйшыну Рэгіну Ціхановіч чакалі неадкладныя справы ў райцэнтры — у двары ўжо праграваўся «Сітраен Ксара». Не стала затрымліваць жанчыну. Тым больш напярэдадні мы доўга размаўлялі з ёй па тэлефоне.

Жахаркай Грыдзек яна стала ў 1991 годзе. Сям’я пераехала сюды з Ашмяншчыны, калгас выдзеліў жыллё. Яны з мужам працавалі ў жывёлагадоўлі, трымалі шмат скаціны на ўласным падвор’і.

— 10 гадоў назад не стала майго Івана, — расказвала Рэгіна Рамуальдаўна. — Вельмі цяжка перажывала дарагую страту. Адольвалі трывога, страх, павышаўся ціск, не знаходзіла сабе месца. Каб адцягнуць мяне ад гнятлівых думак, дзеці ўгаварылі пайсці ў ДТСААФ на вадзіцельскія курсы. Пайшла, улягла ў вучобу і ў 57 гадоў з першага разу здала і тэорыю, і ваджэнне.

Асабліва часта яна курсіруе на машыне з Грыдзек у Юнькі, дзе будуе дом яе сын, потым у Паставы, каб адвезці ўнука да рэпетытара, прыгледзець за ім, пакуль мама на экзаменацыйнай сесіі ва ўніверсітэце. Ды ці мала іншых дарог і клопатаў? Паспявае ўсюды.

— Я і на веласіпедзе з задавальненнем езджу, — казала. — Штодня выконваю такія фізічныя практыкаванні, як адцісканне, прысяданне. Адным словам, не падпускаю да сябе старасць.

За 32 гады пражывання Грыдзь­кі сталі для Рэгіны Ціхановіч роднымі. Як старэйшыну яе радуе, што людзі тут шчырыя, працавітыя і гаспадарлівыя. Акрамя тых сем’яў, пра якія змешчаны асобныя матэрыялы, трэба назваць і сем’і Алесі і Дзмітрыя Гутараў, Сяргея і Вольгі Жук. У вёсцы няма закінутых дамоў, а некалькі тых, якія пуставалі, купілі людзі з Пастаў і Мінска. Ва ўзорным стане ўтрымліваюць грыдзь­каўцы месца вечнага спачыну вяскоўцаў.

Даўно жывуць у вёсцы Іван Вараб’ёў і Ніна Баравец. Нягле­дзячы на пажылы ўзрост, яны ўтрымліваюць жыллё і двары ў добрым стане. Нядаўна купіла дом у Грыдзь­ках і Нініна дачка Галя. Набыла тут дом і Ларыса Невяртоўская, зараз робіць рамонт. Добрым гаспадаром паказвае сябе Сяргей Капцюхоў. Заўсёды чысціня і парадак у дварах Анатолія і Яўгеніі Лосікаў, Віктара і Зоі Курыловічаў, Валянціны Сініцы, у чым заслуга і іх дзяцей. А Лене Пахомчык дапамагаюць не толькі яе дзеці, але і ўнукі. Марат і Назар яшчэ школьнікі, але ўмела ўпраўляюцца з касой, рыдлёўкай, граблямі. Малайцы, хлопчыкі!

 

Яшчэ раскашуюць хрызантэмы

Праязджаючы праз Грыдзькі, заўсёды звяртала ўвагу на кветнік ля гэтага дома. Нарэшце пазнаёмілася з гаспадыняй — Франяй Врублеўскай.

— Пераехалі сюды з Кейзікаў 40 гадоў назад, — расказвала жанчына. — Шмат гадоў адпрацавала на ферме. Была ў ліку перадавікоў, маю граматы, падзякі.

Але галоўнае яе багацце — 2 сыны і 2 дачкі, 10 унукаў і 4 праўнукі. Старэйшы сын, Дзіма, працуе на сельгаспрадпрыемстве, трое іншых дзяцей знайшлі сабе прымяненне ў Паставах. Франя Люцыянаўна цешыцца, што ўсе дзеці блізка ад яе, часта наведваюцца, дапамагаюць. Калі ўзніклі праблемы са здароўем, яе вазілі не толькі ў раённую бальніцу і ваенны шпіталь, але і ў Віцебску, Мінску лячылася.

— І вось пакрыху кратаюся ў доме і ля дома, — гаво­рыць. — Трымаю казу, курэй. На градках працаваць ужо не магу, а ў агародчыку з кветкамі корпаюся. Люблю, каб было прыгожа.

— І тут прыгожа заўсёды, — дадае Соф’я Жук, якая дапамагала мне знахо­дзіць адрасы, за што ёй вялікі дзякуй. — У гэтым двары неаднойчы ладзілася свята вёскі, гучалі музыка і песні.

 

Паўсюль – узорны парадак

На сядзібе Наталлі і Віктара Бухавецкіх немагчыма не захапіцца ідэальным парадкам, які паўсюль: у садку перад домам і ў самім доме, на градках, у цяпліцах, агародчыку з мноствам кветак.

— Дык гэта ж толькі рэшткі, — зазначае гаспадыня. — Бачылі б вы, як летам усё квітнела.

Пытаюся, як яна паспявае спраўляцца з усім.

— Сёлета ў маі пакінула свой «Шкаляр» (кніжны магазін у райцэнтры — аўт.) і ўсё лета жыла тут. Шчыравала разам з сястрой Алай Жук, якая таксама ўжо на пенсіі і гэтак жа, як і я, даражыць бацькоўскім домам. Тут мы з ёй выраслі, тут да 96 гадоў дажыла наша мама. А які нястомны працаўнік мой муж Віктар!

Побач з сядзібай Бухавецкіх — невялікі вельмі прыгожы дачны домік Таццяны і Расціслава Чарэнкаў, які яны пабудавалі на месцы згарэлага бацькоўскага дома.

— Выдатныя гаспадары! — характарызавала Наталля суседзяў. — Вельмі шкада, што Расціслаў зараз хварэе. Але мы верым, што ён паправіцца і зноў будзе побач з намі. І ўвогуле людзі ў вёсцы добрыя. Кажам, што ўсе мы з грыдзь­каўскага брацтва.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.