Виктор Квятковскмй четверть века возглавлял налоговую инспекцию

Общество

Віктара Іванавіча Квяткоўскага добра ведаюць на Пастаўшчыне – ён чвэрць стагоддзя ўзначальваў падатковую інспекцыю.

21 верасня ветэран працы адзначыў сваё 70-годдзе. У той дзень юбіляра цёпла віншавалі не толькі родныя і блізкія, але і ў калектыве, дзе працаваў, а таксама ў раённым Савеце дэпутатаў. Уся працоўная біяграфія Віктара Іванавіча звязана з Пастаўшчынай. Ён нарадзіўся ў вёсцы Яцавічы Шыркаўскага сельсавета. Скончыў Полацкі сельгастэхнікум і Беларускі інстытут народнай гаспадаркі, прайшоў тэрміновую службу ва Украіне. Працаваў памочнікам брыгадзіра комплекснай брыгады калгаса «Слава», намеснікам старшыні калгаса імя Калініна, старшынёй Ярэўскага сельскага Савета, намеснікам старшыні райвыканкама — старшынёй планавай камісіі.

Асабліва вялікі ўклад у развіццё раёна ўнёс, узначальваючы калектыў падатковай інспекцыі. Яна была створана ў раёне ў 1991 годзе, і Віктар Квяткоўскі стаў першым начальнікам. Справа новая і вельмі адказная. Многае залежала ад падбору кадраў. Кіраўнік імкнуўся да таго, каб гэта былі не толькі фінансава адукаваныя, але і сумленныя, справядлівыя людзі (у калектыве працавала да 35 чалавек). А як важна было захоўваць у рабоце баланс: і напаўняльнасць бюджэту раёна выконваць, і не ўшчамляць у правах плацельшчыкаў падаткаў. Калектыў паспяхова спраўляўся са сваімі задачамі.

У 64 гады Віктар Квяткоўскі пайшоў на пенсію, але не перастае цікавіцца справамі інспекцыі, наведваецца ў калектыў, і тут яго заўсёды рады бачыць. Былыя падначаленыя Віктара Іванавіча расказвалі мне, што ён — вялікі прафесіянал, мае багаты вопыт і многаму навучыў маладыя кадры, згуртаваў калектыў, карыстаўся бясспрэчным аўтарытэтам не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Да таго ж пазітыўны, лёгкі ў зносінах, з пачуццём гумару.

А ў самога юбіляра пацікавілася, чым ён займаецца зараз. «У мяне спраў — хоць адбаўляй, — пачула ў адказ. — У нас з жонкай Верай свой дом у Паставах, а ў Шабанах — дача. Займаемся аграэкатурызмам, усюды падтрымліваем парадак. Працы заўсёды шмат. А якое задавальненне збіраць грыбы і ягады, лавіць рыбу!»

Адно засмучае Квяткоўскіх, што іх малодшы сын жыве з сям’ёй у ЗША і яны не могуць уволю нацешыцца зносінамі з трыма ўнукамі, бо вельмі рэдка бачацца з імі. Ну а старэйшы сын — у Паставах, займаецца грузаперавозкамі. Дарэчы, Дзмітрый і Аляксандр, як і бацька, скончылі Беларускі інстытут народнай гаспадаркі. Але выбралі ў жыцці іншы шлях…

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.