Заботливых, креативных, нежных, активных суперженщин пригласили в РДК на мероприятие, посвященное Дню матери

Общество

Клапатлівыя, крэатыўныя, пяшчотныя, актыўныя. Менавіта такія супержанчыны сабраліся ў раённым Доме культуры на мерапрыемства, прысвечанае Дню маці. Вядучая Алена Слядзеўская па чарзе запрашала на імправізаваную сцэну гераінь. І яны, шчаслівыя не толькі ў мацярынстве, але і сваім хобі, расказвалі пра сябе, сям’ю, захапленні.

«Про пиано» – папулярна

Маленькая Мая марыла стаць спявачкай. З задавальненнем хадзіла ў музычную школу, іграла на фартэпіяна. Закончыўшы Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж, а затым Беларускі дзяржаўны пед­універсітэт імя М. Танка, па размеркаванні прыехала ў Лынтупы. Там выйшла замуж і нарадзіла двух сыноў. Зараз Кірылу 15 гадоў, Марку — 3. Мая Шымковіч працуе ў камайскім філіяле Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Знаходзячыся ў водпуску па доглядзе Марка, задумалася над тым, каб вучыць іграць на фартэпіяна не толькі дзяцей, але і дарослых. Запусціла рэкламу і атрымала водгук. Першай вучаніцай стала Марыя Міцюк — медык па адукацыі. Праз 3 месяцы яна сыграла першы твор. На вечары разам з Маяй Шымковіч прысутнічалі яе вучаніцы Алёна Машніч і Анастасія Ксяндзова, якія выканалі некалькі твораў.

— Праект называецца «Про пиано клуб», — расказвала Мая Шымковіч. — Да нас прыходзяць не толькі з мэтай навучыцца іграць на фартэпіяна, але і з жаданнем акунуцца ў атмасферу творчасці і прыгажосці. Сустрэчы адбываюцца раз на месяц. За плячыма некалькі канцэртаў. Яны прайшлі ў кафэ «Марцін» і «Ансэлм», «Кафейні» напярэдадні інклюзіўнага фестывалю «Асаблівыя, як усе», у аграсядзібе «Тры мядзведзі». Да фартэпіяна далучылі скрыпку і саксафон.

Падтрымаць Маю прыйшлі мама і бабуля, якая, выйшаўшы на пенсію, навучылася іграць на баяне, асвоіла інтэрнэт і гаджэты.

Спыніць імгненне

і навучыцца фатаграфаваць, бачыць лю­дзей праз аб’ектыў было дзіцячай марай Анастасіі Ксяндзовай. Дзяўчынка збірала грошы і ў 9 класе купіла за іх прымітыўны фотаапарат. Хацела пасту­піць у акадэмію мастацтваў, але бацькі гэту ідэю не падтрымалі. Закончыла Белдзяржуніверсітэт, працуе эканамістам, выхоўвае сыноў Радаміра і Цімафея.

Прафесійную камеру набыла, пайшоўшы ў другі дэкрэтны водпуск. Спачатку фатаграфавала родных, сяброў. Яны захапляліся яе работамі, паказвалі фотаздымкі сваім знаёмым. І прыйшла папулярнасць. Цяпер Анастасія называе сябе сямейным фатографам, бо вельмі часта здымае закаханых лю­дзей, іх вяселле, затым чаканне і нараджэнне першынца, хрышчэнне, юбілейныя дні нараджэння і іншыя знакавыя для сям’і падзеі.

Мадэльны журналіст

Закончыўшы Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава і крыху папрацаваўшы настаўніцай, Наталля Налей зразумела: педагогіка — не для яе. Хутка нарадзіўся сын Раман, менш чым праз тры гады — Максім. Выхоўвала іх і знаходзіла час на захапленні: шыла розныя рэчы, асвоіла бісерапляценне, рабіла ўпрыгажэнні з эпаксіднай смалы.

Сыны сталі наведваць дзіцячы сад, а мама — працаваць карэспандэнтам на «Паставы ТБ». У 2018 годзе Наталля прыйшла ў рэдакцыю раённай газеты. Яна — рэдактар інтэрнэт-рэсурса. А яшчэ — афарміцель будынка рэдакцыі, нашых кабінетаў да розных свят.

Сёлета ў жанчыны з’явілася новае хобі: убачыўшы ў газеце аб’яву аб наборы ў школу мадэлінгу, вырашыла паспрабаваць і захапілася. Удзельнічала ў паказах у гандлёвых цэнтрах «Палаццо» і «Сталіца» ў Мінску, аграгарадку Навасёлкі. Прадэфіліравала і перад удзельнікамі мерапрыемства.

І «р» навучыць гаварыць

Студыя карэкцыі маўлення. Чулі пра такую? Яе гаспадыня — Рэната Яфіменка. Па адукацыі лагапед, вучыць дзетак правільна вымаўляць гукі, будаваць сказы. Да водпуску па доглядзе сына Івана працавала ў школе і дзіцячым садку. Калі нарадзілася дачушка Аліса, задумалася пра адкрыццё сваёй справы.

І ў яе атрымалася. Працуе па праграме «Супермозг», якая разлічана на 2-4-гадовых дзяцей і развівае ў іх памяць, увагу. На занятках дзеці вучацца гуляць, узаемадзейнічаць, развіваюць маторыку. Рэната праводзіць як групавыя, так і індывідуальныя заняткі. Сама наведвае розныя курсы, удзельнічае ў анлайн-марафонах. А станоўчых эмоцый набіраецца ў «Про пиано клуб», членам якога з’яўляецца больш за год.

Міс Гранд Італія

Гэтага тытулу ўдастоена Таццяна Палякова. Мадэллю яна хацела быць з дзяцінства. Але ўсё нешта не складвалася. Мэтанакіравана развівала кветкавы бізнес: арандавала памяшканні пад сетку магазінаў па іх продажы, дастаўляла тавар. Каб усё нармальна функцыянавала, шмат працавала. Не заўважыла, як вырас сын Ілья, падрастала дачушка Ульяна. Пяць гадоў таму пабудавала ў Паставах уласны магазін і больш часу стала прысвячаць дзецям.

Ажыццявіць сваю дзіцячую мару вырашыла праз Ульяну. Вазіла яе ў адну са сталічных мадэльных школ. І калі дзяўчынка рыхтавалася да міжнароднага конкурсу, педагог прапанавала і Таццяне паўдзельнічаць у ім. Некалькі месяцаў заняткаў — і ў выніку тытул «Міс Гранд Італія», дыплом і два сертыфікаты на ўдзел у аналагічных конкурсах у Грэцыі і Францыі. Апошні раз была ў Італіі ў студзені бягучага года на Міланскім тыдні моды.

Салодкая мама

Так дачушкі Ліза і Аліса называюць Аляксандру Фалевіч. Саша — ураджэнка Верхнядзвінска. Закончыла Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію і разам з мужам па размеркаванні прыехала на Пастаўшчыну. Працуе аграномам-аналітыкам у інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Вольнага часу няшмат, бо дома ёсць гаспадарка, увагі патрабуюць муж і дачушкі. Але пры гэтым Аляксандра выпякае прыгожыя і смачныя торты, пернікі, капкейкі, безэ і многае іншае. Ліза і Аліса не толькі любяць маміны прысмакі, але і з задавальненнем дапамагаюць ёй. На свяце муж Аляксандры і дачушкі віншавалі яе кветкамі. А прысутныя змаглі пакаштаваць яе выпечку.

* * *

Парадавалі прысутных сваім выступленнем салісткі ўзорнай вакальнай студыі «Юніта» Вікторыя Мацюшонак, Мілана Шчановіч, Мілана Надзей і ўзорнай цыркавой студыі «Каскад» Кіра Зелянкевіч і Арына Варановіч, вакалістка Вольга Балотнікава. Удзельнікі фальклорнага калектыву «Журавінка» паказалі абрад «Дажынкі». На завяршэнне вечара дырэктар раённага Дома культуры Ала Чарнюк падзякавала супермамам за ўдзел у сустрэчы, уручыла дыпломы і запрасіла іх да супрацоўніцтва.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.