Зыта Синица встретила свой 90-летний юбилей в родном доме в Норице

Общество

Сёлета ў верасні Зыце Тамашаўне Сініцы споўнілася 90. Юбілей яна сустрэла ў роднай хаце ў Норыцы, побач з дачкой Галінай.

Дзве апошнія зімы бабуля правяла ў свайго старэйшага сына Рамана ў Наваполацку.

Мне там было вельмі добра: прасторная кватэра з усімі выгодамі, асобны пакой, клапатлівыя сын з нявесткай. І дачка Галя часта прыходзіла, — гаварыла Тамашаўна. — Але ўсё роўна хочацца ў Норыцу. І як толькі наступае вясна, мы з Галяй пераязджаем сюды і застаёмся да халадоў.

Нягледзячы на тое, што дом зімаваў без гаспадыні, ён, як і раней, дагледжаны. Тут чыста і акуратна, пахне жылым. Дагледжаная і прыдамавая тэрыторыя. На градках — добры ўраджай агародніны. Быў час, калі гэты дом з’яўляўся цэнтрам прыцяжэння вяскоўцаў. Асабліва ахвотна наведвалася сюды моладзь — адзначалі выпускныя балі, сустракалі Новы год. Вернікі каталіцкай канфесіі кожны год збіраліся на маёвыя набажэнствы.

З гадамі Норыца апусцела. Аднак многія выхадцы з яе, стаўшы гараджанамі, не занядбалі родныя сядзібы. З іх ліку і дзеці Зыты Тамашаўны.

Яны выраслі добрымі, працавітымі, клапатлівымі, — расказвала жанчына. — Зараз ніколі не пакідаюць мяне адну. Самі або ўнукі (я маю семярых унукаў і столькі ж праўнукаў) заўсёды побач. Вельмі люблю ўсіх і даражу імі.

Усе чацвёра дзяцей знайшлі свой шлях у жыцці. Ірына працавала інспектарам па кадрах міёрскага льнозавода, Галіна — тэхнолагам на норыцкім спіртзаводзе, а пасля яго закрыцця — страхавым агентам, начальнікам Дунілавіцкага аддзялення паштовай сувязі, у доме-інтэрнаце, Раман — на «Нафтане». Алег з сям’ёй жыве ў Ляхаўшчыне, ён — камунальнік.

Нялёгка было падымаць чацвярых на ногі, — успамінала Тамашаўна. — Ды яшчэ згарэла наша хата. Я тады працавала ў начную змену на спіртзаво­дзе. Муж паспеў вывесці дзяцей, суседзі дапамаглі вынесці рэчы. Новую хату пабудавалі на папялішчы. А з мужам пражылі толькі 25 гадоў, і ён памёр.

Аднак ні цяжкасці, ні гора не зламалі жанчыну. Яна як была сціплай, сардэчнай, працавітай, такой і засталася праз усё жыццё.

Пасля таго, як мама аўдавела, знаходзіліся годныя мужчыны, якія хацелі звязаць з ёй свой лёс, — дзялілася Галіна. — Аднак яна ўсім адмовіла і цалкам прысвяціла сябе нам, дзецям. Кожнаму справіла вяселле, сынам — праводзіны ў армію. Кожнаму аддае ўсю сваю любоў.

А я назіраю, з якой любоўю Галіна глядзіць на маці, як клапатліва папраўляе на ёй каўнерык халата, захінае пасмачку валасоў, што выбілася з-пад абруча на галаве, гла­дзіць рукі, а Тамашаўна раз-пораз прамаўляе: «Дачушка, ластавачка мая, як жа ты пра мяне клапоцішся!», і гэта кранае мяне да слёз.

Мама, а раскажы, колькі табе было віншаванняў у юбілейны дзень», — прапануе дачка.

Асабліва званкоў, — свеціцца радасцю юбілярка. — Не толькі ад родных, але і ад проста знаёмых. Як яны памяталі пра маю дату? Нават не ўсіх адразу пазнавала. Было вельмі прыемна, і калі прыехала з кветкамі старшыня сельскага Савета Таіса Баторы.

Усе жадалі імянінніцы найперш здароўя. Далучаюся да гэтага пажадання і я. Такія прыгожыя людзі, як Зыта Тамашаўна, павінны жыць доўга і шчасліва.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.