2 ноября католики вспоминают всех усопших верующих

Духовность

2 лістапада Каталіцкі Касцёл успамінае ўсіх памерлых вернікаў. Гэта нагода памаліцца за іх, наведаць могілкі і нагадаць сабе, што і нам некалі трэба будзе прайсці праз браму смерці. Молячыся за памерлых, мы даручаем іх Богу і спадзяёмся на сустрэчу з імі ў небе. Годным успамінам з’яўляюцца запаленая на магіле свечка, прынесеныя кветкі. Найбольш дасканалай малітвай — святая Імша.

У суботу, 21 кастрычніка, з раніцы шэрае неба вось-вось, здавалася, праль­ецца дажджом. Адпаведным быў і настрой. Як ні старалася сябе пераканаць у тым, што павінна радавацца, бо збіраюся на святую Імшу на могілках у Лукашове, якая тут адбудзецца ўпершыню, не атрымлівалася: вельмі балюча зранена сэрца стратай дачушкі.

Ініцыятар правядзення Імшы — ксёндз-дэкан Павел Самсонаў. Нягледзячы на ветранае і сырое надвор’е, людзей сабралася шмат. Каля помнікаў затрымцелі агеньчыкі лампадак, закалыхаліся на ветры кветкі. Кожны прынёс выпамінкі — лісточкі з імёнамі дарагіх людзей, якія чакаюць сустрэчы з намі ў Вечнасці. На могілках пахаваны як католікі, так і праваслаўныя. Але падчас малітвы не было падзелу па веравызнанні.

«Вечны адпачынак дай ім, Пане…» — узносіліся ў неба словы малітвы за памерлых бацькоў, сваякоў, дабрадзеяў, ахвяр войнаў і загінулых у аўтакатастрофах, за ўсе душы, якія церпяць у чысцы. Услухоўвалася ў імёны — і многіх уяўляла жывымі. Станіславе Антаневіч лёс адмераў 103 гады. Ледзь не да стогадовага ўзросту наведвала касцёл, перадавала сваю веру дзецям і ўнукам. Памятаю, як разам з прадстаўнікамі раённай улады я ездзіла віншаваць яе са 100-годдзем з дня нараджэння. Пазітыўная, з пачуццём гумару юбілярка тады жартавала: «Напэўна, Бог згубіў мае дакументы, таму і не кліча да сябе». У жанчыны было нялёгкае жыццё: рана страціла сына, дапамагала нявестцы выхоўваць чацвярых дзяцей. А калі ўнукі выраслі, перайшла да дачкі, была ахінута яе клопатам і любоўю. Цяпер спачывае побач з мужам, сынам і нявесткай. Адышлі ў вечнасць і яе дачка з зяцем, старэйшы ўнук. На магілах заўсёды ідэальны парадак. Наводзяць яго ўнукі і праўнукі. Многія з іх прыехалі і на святую Імшу.

А вось жыццё Валерыя Шырокага абарвалася ў 19 гадоў: загінуў у выніку аварыі. У 35 гэтым летам раптоўна памёр Жэня Зеляндзін. Сяргею Ханяўку сёлета споўнілася б 56, але ў памяці ён так і застаўся 30-гадовым. Трагічны лёс хлопцаў дачасна пабяліў валасы іх бацькоў, падарваў здароўе.

У Лукашове пахаваны і многія аднавяскоўцы з Цешалава. Сярод іх бацькі маёй сяброўкі Алены Антух — Леанід і Ядвіга Варашкевічы. Данатавіч быў вельмі руплівым, пастаянна некуды спяшаўся, быў надзвычай клапатлівым бацькам, ва ўсім імкнуўся падмяняць жонку. Можа, таму дачасна спынілася сэрца. Робертаўну ведала як памяркоўную, разважлівую. Цяжкая хвароба надоўга прыкавала яе да ложка. Адзіная дачка недасыпала начамі, разрывалася паміж работай і доглядам нямоглай маці.

Ірына Дубовік загадвала Лукашоўскім фельчарска-акушэрскім пунктам, а жыла ў Цешалаве. Многія лічылі яе сямейным доктарам. Апошнім часам сама мела праблемы са здароўем, але ніколі нікому не адмовіла ў медыцынскай дапамозе. Памерла на 71-м годзе жыцця. Цешалаўцам вельмі не хапае яе, фельчара ад Бога. Таму многія спыняюцца ля магілы Ірыны Вікенцьеўны, каб падзя­каваць за яе дабрыню і папрасіць ва Усявышняга для яе душы спакою.

Успамінала тых, каго прыняла навечна лукашоўская зямля, рада была сустрэчы з жывымі землякамі. Паплакала разам з Алінай Тананой з Сіманаў, якая за паўгода страціла двух сыноў. Калі я выйшла замуж у гэту невялікую вёсачку, то заўсёды дзівілася, як дружна там жылі людзі: адно аднаго выручалі ў любой сітуацыі, сумесна адзначалі святы. У Аліны з Пятром было чацвёра дзяцей. Гаспадар памёр даўно, а гаспадыня засталася адзінай жыхаркай у апусцелай вёсцы. Сыны наведвалі маці, дапамагалі. Сёлетняй вясной пасля цяжкай хваробы памёр малодшы, Андрэй, што жыў на Ушаччыне, нядаўна ў Паставах раптоўна не стала старэйшага, Віктара.

Чым можна суцешыць мацярынскае сэрца? Толькі надзеяй на тое, што пасля смерці жыццё не заканчваецца, што ўсіх нас чакае Веч­насць, а там — сустрэча з блізкімі. Пра гэта гаварыў на Імшы і ксёндз Павел. Мне сілы жыць даюць малітва, моцная вера і Хрыстос, які памёр за ўсё чалавецтва на крыжы, уваскрос і падчас кожнай святой Імшы прыходзіць да нас у выглядзе хлеба. Няхай гэта дапаможа і іншым, хто перажывае страту дарагіх людзей.

Пасля святой Імшы святар асвяціў магілы, якія ў гэтыя дні выглядаюць па-святочнаму: упрыгожаныя кветкамі, запаленымі лампадкамі. Ля іх збіраюцца сваякі, сябры, знаёмыя, ціха вядуць размовы, успамінаюць дарагіх людзей, па якіх сумуюць.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.