Дети и взрослые из разных уголков района посетили уникальные места Камайщины

История

Гістарычныя «крокі» па Камайшчыне зрабілі 16 лістапада дзеці і дарослыя з розных куткоў раёна. Яны пераканаліся, што гэтыя ўнікальныя мясціны абавязковыя для наведвання ўсіх, хто хоча пазнаёміцца з культурна-гістарычнай спадчынай нашага рэгіёна.

Паездка адбылася ў рамках раённага адукацыйна-края­знаўчага праекта «Пастаўшчына. Кожны крок — гісторыя». Па новым маршруце, які называўся «Камайшчына гістарычная», адправіліся вучні і настаўнікі дунілавіцкай, навадруцкай, лынтупскай і курапольскай школ, прадстаўнікі раённага краязнаўчага музея, арганізатары праекта. Са славутасцямі гэтых мясцін гасцей пазнаёмілі настаўніца гісторыі Камайскай СШ Людміла Курачкіна і яе вучні Аляксандр Пойда, Ангеліна Букачова, Валерыя Памазкова, Ганна Шылько, Карына Краміч, Андрэй Урбанайць. Шмат цікавай інфармацыі расказаў і ксёндз мясцовай парафіі Яцэк Хутман.

У той дзень удзельнікі праекта наведалі касцёл Святога Яна Хрысціцеля, брацкую магілу воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, помнік воінам-землякам, сядзібу мастака Альфрэда Ромера ў вёсцы Каралінова, могілкі каля вёскі Канябічы. Пра гэтыя аб’екты гаварылася вельмі многае. Прапануем вашай увазе толькі некаторыя цікавыя факты, узятыя з апісання маршруту «Камайшчына гістарычная».

Фота Сяргея Вшыўкава
  • Касцёл у Камаях будаваўся з 1603 па 1606 гг., калі мястэчка належала браслаўскаму ваяводу, кашталяну наваградскаму Яну Рудаміна-Дусяцкаму. Для патрэб храма ён ахвяраваў шмат грошай і багаццяў, падарыў 2 вёскі з 17 падданымі, дом з пляцоўкай для спеваў, уступ у камайскае возера. За гэта абавязаў святароў адпраўляць за фундатараў кожны тыдзень па 3 святыя Імшы.
  • Касцёл Яна Хрысціцеля — адзін з апошніх абарончых храмаў на тэрыторыі Беларусі. Ён будаваўся пад уплывам чатырохвежавых цэркваў-крэпасцей XVI ст.
  • У Камаях заўсёды было шмат яўрэяў. У пачатку 1880-х гг. тут былі яўрэйская малітоўная школа, лякарня, чатыры карчмы, бровар, млын, восем разоў на год праводзіўся кірмаш. Вядома, што ў 30-я гг. ХХ ст. тут дзейнічала сінагога. На вуліцах і ў хатах гучаў ідыш, які добра разумелі і беларускія суседзі.
  • У гады Вялікай Айчыннай у будынку камайскай школы знаходзілася ваенная казарма. Дзеці вярнуліся да адукацыйнага працэсу 1 верасня 1944 года.
  • Сярод выпускнікоў камайскай школы — Якуб Якубоўскі, гісторык, географ, філолаг, энцыклапедыст, стваральнік і рэдактар часопіса «Байрам», заснавальнік згуртавання татараў-мусульман Беларусі.
  • Каля вёскі Канябічы ёсць пахаванне французскіх салдат, гэта месца здаўна называецца Французскімі магіламі.
  • Жонка Альфрэда Ромера — Ванда Ромер-Сулістроўская — перажыла мужа на 47 гадоў і пахавана на канябіцкіх могілках.
  • Могілкі каля вёскі Канябічы маюць асаблі­васць: помнікі на іх размешчаны такім чынам, што «гля­дзяць» ва ўсе напрамкі (на захад, усход, поўнач, поўдзень). Гэта не характэрна для каталіцкіх пахаванняў.
  • Узрост курганоў, знойдзеных у вёсцы Саранчаны, налічвае не менш чым паўтары тысячы гадоў.
  • Да 1944 года галоўнай славутасцю вёскі з’яўляўся сядзібна-паркавы ансамбль маёнтка Канткоўскіх. У 1938 годзе будынку было больш за 400 гадоў і ён быў прыдатны для пражывання. Некалі маёнтак пабудавалі са стогадовай лістоўніцы, якую добра адпарвалі ў кіпячай смале-жывіцы. Вакол будынка знаходзіліся вялікі парк і сад. Зараз на месцы велічнага маёнтка можна ўбачыць рэшткі скляпенняў і фрагменты будынкаў гаспадарчых пабудоў.

Падрыхтавала Іна Стаднік



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.