Начала работу первая очередь современного животноводческого комплекса в Баковичах

Сельское хозяйство

Пераступаю парог каркасна-тэнтавага збудавання на ферме ў Бакавічах, дзе ўтрымліваюцца цялушкі злучнога ўзросту, — і прыемна здзіўляюся ідэальнаму парадку: светла, чыста, стойлы ўсыпаныя жоўтым пілавіннем, аператары падкопваюць корм, у паілках — празрыстая вада.

Удыхнуць жыццё ў закінутыя будынкі фермы ў Бакавічах, якія шмат гадоў таму пачало ўзводзіць ААТ «Сцяг Перамогі-агра», летась вырашыла кіраўніцтва малочнага завода. У лютым пачаліся работы. Члены будаўнічай брыгады завода пад кіраўніцтвам Яўгенія Юркова выразалі кустоўе на прылеглай тэрыторыі, прыбралі смецце і распачалі ўзвядзенне каркасна-тэнтавых збудаванняў. У іншых будынках загаспадарылі будаўнікі «Рассвета Пастаўскага». Гнаясховішча абсталёўвалі работнікі філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132». У канцы пашавага перыяду ў тэнтавіках з’явіліся першыя навасёлы — цялушкі злучнога ўзросту.

— Цялушак куплялі ў гаспадарках, якія ўваходзяць у склад нашага аграпрамысловага аб’яднання, — расказваў намеснік дырэктара завода па сельскай гаспадарцы Канстанцін Гайлеўскі. — 63 прывезлі з ААТ «Янавіца-агра», 80 — з «Дунілавіч-агра» і 193 — з «Кураполля-агра». Усяго 336 галоў. 176 з іх маюць вагу больш за 340 кілаграмаў. Ветурачы пачалі іх асемяненне.

Яшчэ 160 галоў узята з груп дарошчвання. Яны ўтрым­ліваюцца ў іншым памяшканні, якое падзелена на «сталоўку» і «спальню», куды, насыціўшыся, цялушкі ідуць адпачываць. Даглядаюць статак аператары Ганна Лукашэвіч і Іліта Абуховіч. Пра тое, што на ферму патрабуюцца работнікі, яны даведаліся з сайта Praca.by. Аня падчас вучобы ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы вытворчую практыку праходзіла на ферме ў Шырках ААТ «Сцяг Перамогі-агра». Атрымаўшы дыплом аб заканчэнні каледжа, вырашыла пакаштаваць гарадскога хлеба — пайшла рэзчыкам матэрыялаў на завод «Беліт». Даведаўшыся пра новую ферму, памяняла работу.

— У будучым Аня стане аператарам машыннага даення, — расказвала начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы малочнага завода  Наталля Лоўшанка. — Яна 3 месяцы стажыравалася ў аператараў буцавіцкай фермы ААТ «Камайскі-агра». Немалы вопыт работы ў жывёлагадоўлі ў Іліты. Пакуль жанчыны со­чаць за парадкам у памяшканнях, кармавым сталом. А «накрывае» яго на самаходным кормараздатчыку механізатар Дзмітрый Хардыкін.

Гатовы для прыёму навасёлаў і два памяшканні, дзе будуць утрымлівацца дойныя каровы. Ужо закуплена і ўстаноўлена даільнае абсталяванне. На будаўніцтва фермы заводу выдзелена 5 мільёнаў 125 тысяч рублёў крэдытных сродкаў. Згодна з бізнес-планам, будаўніцтва абыдзецца ў 9 мільёнаў. За кошт таго, што многія работы выкананы сіламі сваёй будаўнічай брыгады і за ўласныя сродкі, атрымалася сэканоміць. У планах кіраўніцтва завода — набыць за астатнія грошы малочнае таксі, размарожвальнік малодзіва, падкопшчык кармоў, абсталяванне для выяўлення кароў у ахвоце, амкадор, цялежку для перавозкі цялят, трактар «МТЗ-1221», бочку для вывазу арганікі.

— Кармоў для жывёлы мы назапасілі 2 680 тон, — гаварыў Канстанцін Гайлеўскі. — 1 000 тон узялі на браслаўскіх землях і заклалі там у сянажныя траншэі. Ёсць камбікорм, вітамінныя дабаўкі. У наступным годзе ферму ўвядзём у строй, і адсюль на завод будзе паступаць якаснае малако.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.