Участковый инспектор милиции Дмитрий Козел свою профессию выбрал сознательно, решил пойти по стопам отца

Безопасность

17 лістапада сваё прафесійнае свята адзначылі ўчастковыя інспектары міліцыі. Сёлета яно было асаблівым — службе споўнілася 100 гадоў. У ліку тых, хто прымаў віншаванні з векавым юбілеем, супрацоўнікі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Пастаўскага РАУС.

Зараз у гэтым падраздзяленні нясуць службу 12 чалавек. Сярод іх двое старшых і двое малодшых участковых інспектараў, за кожным з якіх замацаваны свой адміністрацыйны ўчастак у горадзе або раёне. Сямейныя канфлікты, прафілактыка адміністрацыйных правапарушэнняў, работа з асобамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, прыём грамадзян — далёка не ўвесь пералік пытанняў, якімі даво­дзіцца займацца прадстаўнікам закона на давераных ім тэрыторыях. Адным з тых, хто паспяхова спраўляецца з ускладзенымі на яго абавязкамі, з’яўляецца капітан міліцыі Дзмітрый Козел.

У РАУС Дзмітрый служыць з 2017 года. Прафесію міліцыянера выбраў свядома, вырашыў пайсці па слядах бацькі, які ў свой час таксама стаяў на варце закона: быў дзяржаўтаінспектарам, потым працаваў у пашпартна-візавай службе. Скончыўшы Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь, Козел-малодшы працоўны шлях пачаў у аддзяленні крымінальнага вышуку, паколькі вучыўся на адпаведным факультэце. Праз два гады перайшоў у аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі. Спачатку за маладым аніскіным замацавалі ўчастак у цэнтры горада, а затым даверылі абслугоўваць тэрыторыю Ярэўскага і Курапольскага сельсаветаў, якія нядаўна аб’ядналі ў адзін.

— Тут я ўжо чацвёрты год, — расказваў Дзмітрый Козел. — Калі накіравалі на сяло, думаў, што будзе няпроста. Але, пазнаёміўшыся з участкам, зразумеў: асаблівых праблем быць не павінна. Нягледзячы на тое, што замацаваная за мной тэрыторыя вялікая — амаль 50 населеных пунктаў, у якіх пражывае каля 1,5 тысячы чалавек. У вёскі дабіраюся на службовым аўтамабілі «Джылі», які «дзялю» з яшчэ двума ўчастковымі інспектарамі. Цяперашняя служба мне падабаецца: яна цікавая, кожны дзень адбываецца штосьці новае, таму сумаваць не даводзіцца.

Работа ўчастковага разнастайная і шматгранная, ахоплівае практычна ўсе напрамкі дзейнасці міліцыі. Тут трэба быць і псіхолагам, і следчым, каб устанавіць кантакт з людзьмі, раскрыць здзейсненыя злачынствы. І хоць на Курапольшчыне іх адбываецца няшмат, у першую чаргу дзякуючы добрасумленным адносінам да службы Дзмітрыя, пазбегнуць зусім пакуль не атрымалася.

— Самыя распаўсюджаныя злачынствы — крадзяжы з дачных дамоў, гаспадары якіх не з’яўляюцца там доўгі час, — працягваў суразмоўца. — З мэтай прафілактыкі крадзяжоў не ра­дзей чым раз на месяц аб’язджаю раней асуджаных асоб, тых, хто злоўжывае спіртным, выклікаю іх на саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. Сумесна з прадстаўнікамі сельскага Савета рэгулярна праводжу аглядавыя камісіі, наведваючы прытоны, нядобранадзейныя, шматдзетныя сем’і. Адным словам, прафілактычная работа вядзецца што­дзень з той ці іншай катэгорыяй грамадзян. Па серадах і суботах адпрацоўваю жылы сектар на ўчастку: хаджу па дамах і знаёмлюся з людзьмі, пакідаю ім візіткі з нумарамі тэлефонаў РАУС і сваім мабільным. Мая візітная картачка ёсць у сельскім Савеце, ва ўсіх магазінах і аддзяленнях паштовай сувязі. І людзі тэлефануюць — не толькі днём, але і ноччу, у выхадныя.

Галоўнай складанасцю ў рабоце Дзмітрый называе недахоп участковых інспектараў у іх службе: сёння тут 5 вакантных пасад, на якія ідзе падбор кандыдатаў. У сувязі з гэтым часцей даводзіцца дзяжурыць у райаддзеле, адпаведна, менш часу застаецца на работу на ўчастку па заявах і паведамленнях людзей, адпрацоўку раней асуджаных асоб і аматараў спіртнога.

Калі я папрасіла начальніка падраздзялення Паўла Нагановіча ахарактарызаваць падначаленага, той адзначыў, што да Дзмітрыя ніколі не бывае ніякіх пытанняў, усе пастаўленыя кіраўніцтвам задачы ён выконвае якасна і ў тэрмін. Заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу ў калектыве, навучыць, перадаць свой вопыт маладзейшым калегам. Таму сярод узнагароджаных да свята значыцца і яго прозвішча: малады ўчастковы ўдастоены Ганаровай граматы ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.