12 декабря Елена Рудкевич и Елена Чешун отметят День образования финансовых и тыловых подразделений ОВД Беларуси

Безопасность

Усё на ўліку у Алены Рудкевіч і Алены Чашун. Па прафесіі яны бухгалтары і 12 снежня будуць адзначаць Дзень утварэння фінансавых і тылавых падраздзяленняў органаў ўнутраных спраў Беларусі.

У Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы абедз­ве Алены прыйшлі ў розны час, але адразу адчулі сябе тут на сваім месцы.

— Мой працоўны шлях пачаўся пасля заканчэння Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікума ў 1998 го­дзе, — расказвала галоўны бухгалтар Алена Рудкевіч. — Першая пасада — бухгалтар-касір. У той час грошы на выплату зарплаты я атрымлівала ў банку і на месцы выдавала кожнаму работніку. Пазней працавала бухгалтарам. Вучылася ў вопытнай Таццяны Баброўкі. Калі яна пайшла на заслужаны адпачынак, мяне перавялі на яе месца. Аб’ём работы вялікі, асабліва ў справа­здачныя перыяды. З Аленай Чашун мы знаходзім узаемаразуменне. Разам аналізуем фінансава-гаспадарчую дзейнасць аддзялення, прагназуем яе развіццё і трымаем руку на кнопцы фінансавай стабільнасці калектыву.

Шлях Алены Чашун у прафесію пачаўся з вучобы ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы. У той час толькі з Пастаў паступалі 8 чалавек: прафесія лічылася вельмі прэстыжнай. Першыя практычныя навыкі атрымала ў Пастаўскім райспажыўтаварыстве. З удзячнасцю ўспамінае бухгалтара Жанну Раманоўскую, якая не шкадавала часу, ахвотна дзялілася сваімі ўменнямі і навыкамі. Карыснай была і вучоба ў Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі, які скончыла завочна.

Задача бухгалтара — улік даходаў і расходаў, афармленне адпаведнай дакументацыі, падрыхтоўка і падача падатковай і статыстычнай справаздачнасці, хуткая адаптацыя да дынамічных змен у заканадаўстве і многае іншае. Прыходзіцца працаваць з вялікай колькасцю інфармацыі, аналізаваць яе і эфектыўна прымяняць на справе.

— Работа наша разнастайная, хоць на першы погляд і нябачная, — дзялілася бухгалтар Алена Чашун. — Часам узнікаюць складанасці. Але калі любіш абраную прафесію, тады і спраўляцца з ускладзенымі абавязкамі прасцей. Мне пашанцавала, што ў аддзяленні Дэпартамента аховы працую пад кіраўніцтвам такога вопытнага галоўнага бухгалтара, як Алена Рудкевіч. Яна ніколі не адмовіць у дапамозе, падкажа. Падабаецца калектыў. Тут мяне абралі старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Разам з кіраўніцтвам імкнёмся падтрымліваць членаў прафсаюза, праводзім розныя мерапрыемствы.

Бухгалтэрыя — гэта пульс арганізацыі. Абавязкі ў бухгалтараў няпростыя. Сумленнае іх выкананне патрабуе ўважлівасці, цярпення, аналітыкі. Алена Рудкевіч і Алена Чашун добра ведаюць нарматыўную базу, своечасова здаюць справаздачы, выконваюць даручэнні кіраўніцтва, пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю, карацей — ідуць у нагу з часам. Ім часта даводзіцца мець зносіны з работнікамі падатковых і іншых органаў, і вырашаць любыя пытанні жанчынам дапамагаюць камунікабельнасць, ветлі­васць, кваліфікаванасць.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.