22 декабря в Козловщине открылся магазин продуктовых товаров «Фантазия-2»

Общество

22 снежня ў Казлоўшчыне адкрыўся магазін прадуктовых тавараў пад назвай Фантазія-2».

Яго гаспадыня — індывідуальны прадпрымальнік Людміла Мяшко. Найперш цікаўлюся ў яе, чаму такая назва — з лічбай. І чую ў адказ, што «Фантазію-1» яны з мужам Сяргеем адкрылі яшчэ ў 2007 годзе ў аграгарадку Парыж. Але літаральна праз год жыццё мужа дачасна абарвалася. Таму «Фантазія-2», напэўна, і не з’явілася б, калі б не дапамога райвыканкама.

— Адкрыць магазін у Казлоўшчыне мне прапанавала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Несцяронак, — расказвала Людміла. — А на ўсіх этапах ажыццяўлення гэтай ідэі дапамагала намеснік начальніка аддзела эканомікі Аксана Чашун, за што я вельмі ўдзячная ёй. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» здало ў арэнду будынак былой сталовай. Уласнымі сіламі адрамантавалі і абсталявалі яго.

Я трапіла ў магазін якраз у дзень адкрыцця. Прыемна ўразіла насыча­насць таварамі: каўбасы, паўфабрыкаты, кураціна, фарш, пельмені, селядцы, хлебабулачныя вырабы, чай, кава, цукеркі, алкагольныя і безалкагольныя напіткі… Ды хіба ўсё пералічыш? Акрамя прадуктаў, магазін прапануе і самыя неабходныя тавары нехарчовай групы. Вывучаецца попыт вяскоўцаў, прымаюцца заяўкі. Спраўляцца з усімі клопатамі ў абедз­вюх «Фантазіях» Людміле Мяшко дапамагае яе сын Аляксандр і яшчэ адзін прадавец — Таццяна Салтанава. Тавар пастаўляюць такія надзейныя вытворцы, як Пастаўскі малочны завод, мясакамбінат «Славянскі», «Вкусное дело», Мінскхлебпрам, Глыбоцкі хлебазавод, «Світ Айс» і іншыя.

— Адкрыццё магазіна — выдатны падарунак жыхарам не толькі Казлоўшчыны, але і Луцк-Казлоўскага, Лашукоў. Нават з Навінак прыязджаюць пакупнікі, — адзначыла старшыня мясцовага сельскага Савета Ірына Кукоўская. — Зручны графік яго работы: без выхадных, з 9 да 18 гадзін, толькі ў нядзелю працуе да 17-ці. Магазін размешчаны ля шашы Паставы—Мосар. Добры даезд да яго, хапае месца для паркоўкі машын.

Гаспадыня «Фантазіі-2» спадзяецца, што магазін будзе прывабліваць пакупнікоў не толькі ў пераднавагоднія дні, але і ва ўсе іншыя.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.