Государство и спонсоры помогают Центру коррекционно-развивающего обучения и реабилитации Поставского района

Общество

У апошні час дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу сацыялізацыі інвалідаў, стварэнню для іх даступнага асяроддзя жыццядзейнасці. Прынята і рэалізуецца Дзяржаўная праграма «Сацыяльная абарона» на 2021—2025 гг., у рамках якой выдзяляюцца бюджэтныя сродкі на прывядзенне розных устаноў у адпаведнасць патрабаванням гэтай праграмы. Напрыклад, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Пастаўскага раёна сёлета атрымаў 10 тысяч рублёў на абсталяванне безбар’ернага асяроддзя і 15 тысяч на ўмацаванне матэрыяльнай базы.

— На выдзеленыя на стварэнне безбар’ернага асяроддзя грошы мы паклалі на падлозе ўнутры памяшкання тактыльную плітку і накіравальныя элементы, устанавілі на ўваходзе і выхадзе з цэнтра моўныя інфарматары і мнемасхемы са шрыфтам Брайля для людзей з парушэннем зроку, на ганку — кнопку выкліку персаналу і рэжым работы ўстановы, — расказвала яе дырэктар Іна Краўчук. — Гэта толькі палова таго, што неабходна зрабіць. Зараз ідзе працэдура закупкі поручняў у санвузел для дзяцей-інвалідаў. Да канца года павінны адрамантаваць пляцоўку перад уваходам і пандус, дзе таксама будуць устаноўлены новыя поручні.

15 тысяч рублёў, якія былі выдзелены з абласнога бюджэту на ўмацаванне матэрыяльнай базы, кіраўніцтва ЦКРНіР выкарыстала на даабсталяванне кабінета псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі. Для паўнавартаснай работы ў ім набылі ноўтбук і прынтар, а таксама стацыянарны камп’ютар для спецыялістаў, для заняткаў з дзецьмі, правя­дзення розных мерапрыемстваў і дэманстрацыі матэрыялаў — мультыборд. Акрамя таго, для развіцця сэнсаматорнай інтэграцыі дзяцей купілі некалькі элементаў сэнсарна-дынамічнага комплексу «Дом Савы».

— На наступны год нам абяцаюць яшчэ 15 тысяч, — працягвала Іна Іванаўна. — Ва ўсялякім выпадку, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хама, наведваючы падчас свайго візіту на Пастаўшчыну наш карэкцыйны цэнтр, сказаў, што практыка выдзялення мэтавых сродкаў установам адукацыі будзе працягвацца. І гэта не можа не радаваць, бо мы маем магчымасць набываць тое, што неабходна ў рабоце.

Не застаецца ўбаку і раённая ўлада. Яе прадстаўнікі цікавяцца жыццём цэнтра і яго патрэбамі, унікаюць у праблемы. Так, сёлета дзякуючы сродкам мясцовага бюджэту тут змаглі абсталяваць санвузел для дзяцей-інвалідаў. Вялікую дапамогу аказваюць арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Без іх, па словах Іны Краўчук, ва ўстанове не было б і паловы таго, што ёсць. У ліку пастаянных памочнікаў ААТ «Паставымэбля», пагранкамендатура «Паставы», малаказавод, Пастаўскі мэблевы цэнтр, райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, лясгас і іншыя.

Напрыклад, «Паставымэбля» бясплатна вырабіла для цэнтра нямала рознай мэблі, у тым ліку вялізную, ва ўсю сцяну, шафу-купэ ў кабінет псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі. За спонсарскія грошы малаказавода і ПМЦ да пачатку гэтага навуальнага года атынкавалі і пафарбавалі сцены ў вучэбным класе. Пагранічнікі, якія не прапуска­юць ніводнае свята, да 1 Верасня падарылі дзяцям спецкласа, што навучаюцца дома, пакеты з поўным наборам канцылярскіх прылад. Да Дня інвалідаў заўсёды дапамагаюць раённая арганізацыя «Белай Русі» і вучні СШ №1. Першая рыхтуе ў асноўным салодкія падарункі (сёлета іх атрымалі ўсе ўдзельнікі «Спартыўнай перазагрузкі», якая прайшла напярэдадні на ФАКу), другія — канцылярскія наборы. Цесныя сяброўскія сувязі склаліся таксама з аддзелам спорту і турызму райвыканкама, раённым Домам культуры і ўдзельнікамі ўзорнай цыркавой студыі «Каскад», валанцёрамі руху «Добрае Сэрца» БРСМ.

Усім сваім памочнікам Іна Іванаўна і яе калегі шчыра ўдзячныя і спадзяюцца на далейшае сяброўства.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.