Как адаптируются молодые специалисты в Поставской ЦРБ?

Важное Здравоохранение

Рабіць першыя крокі ў працоўнай дзейнасці хвалююча і няпроста: новы калектыў, штодзённая адказнасць за даручаны ўчастак. Як маладыя медыкі адаптуюцца ў Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, можна было даведацца на дні адчыненых дзвярэй у гэтай установе.

Сёлета калектыў ЦРБ папоўнілі 11 маладых спецыялістаў. Вольга Таразевіч, Вікторыя Ракіта, Яна Кумішча і Марына Бекіш — урачы агульнай практыкі, Вікторыя Каспяровіч — урач-афтальмолаг. Пасля атрымання сярэдняй медыцынскай адукацыі выкананне абавязкаў медыцынскай сястры распачалі Дар’я Бушманава, Вераніка Качкаева, Дар’я Ластоўская, Лаліта Сакалова. Злата Ціхановіч працуе фельчарам у скла­дзе выязной брыгады хуткай дапамогі, Дзіяна Курцэвіч — памочнікам урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе. Усе яны маладыя, амбіцыйныя, мэтанакіраваныя, з багатым багажом ведаў.

На сустрэчу прыйшлі як маладыя спецыялісты, так і тыя, хто марыць пра гэту прафесію, — навучэнцы школ раёна. Прысутных прывітаў намеснік галоўнага ўрача Міхаіл Рабіза. Затым старшыня камісіі прафактыву па рабоце з моладдзю Кацярына Касандровіч уручыла маладым медыкам значкі маладых спецыялістаў і памятныя падарункі. Яна пажадала, каб стартавая пляцоўка, якой стала для навічкоў пастаўская бальніца, апраўдала іх чаканні, садзейнічала кар’ернаму росту, каб першы рабочы вопыт успамінаўся з цеплынёй.

У Пастаўскай ЦРБ шмат робіцца для замацавання маладых спецыялістаў, нала­джана настаўніцтва. Кансультацыю па любым пытанні можна атрымаць у загадчыкаў аддзяленняў, іншых вопытных калег. У калектыўным дагаворы ёсць нямала пунктаў па сацыяльнай падтрымцы маладых работнікаў. У мінулым годзе чатыры спецыялісты, якія прыбылі сюды на першае рабочае месца, атрымалі службовае жыллё. Ёсць надзея, што пасля ўвядзення ў эксплуатацыю новага жылога дома па вуліцы Юбілейнай некаторыя і сёлетнія выпускнікі медустаноў змогуць справіць там наваселле.

Ад імя маладых спецыялістаў выступіла ўрач-афтальмолаг Вікторыя Каспяровіч. Яна расказала пра свой шлях у прафесію, першыя крокі на рабочым месцы.

Для школьнікаў была арганізавана экскурсія па мед­установе. Яны змаглі пазнаёміцца з умовамі работы медыкаў, абсталяваннем, на якім тут працуюць. Вечарам маладыя спецыялісты сабраліся на папулярную ў моладзі гульню «Мафія» і цікава правялі час.

P.S.Той, хто пажадае звязаць сваё жыццё з медыцынай, можа заключыць дагавор на мэтавую падрыхтоўку ў галоўным упраўленні па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама. Больш падрабязную інфармацыю выпускнікі школ могуць атры­маць у аддзеле кадраў Пастаўскай ЦРБ па тэлефоне 2-21-45.

Анна Анішкевіч
Фота даслана Пастаўскай ЦРБ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.