Семью Граблевских из Веренек поздравили Дед Мороз, Снегурочка и представители различных организаций

Общество

У сям’і Граблеўскіх з Вярэнек у перадсвяточныя дні Дзед Мароз і Снягурка, прадстаўнікі розных арганізацый — частыя госці. Аліна Міхайлаўна і Бенядзікт Браніслававіч выхоўваюць семярых прыёмных дзетак.

Усе яны напісалі пісьмы добраму барадатаму чараўніку і цяпер з нецярпеннем чакаюць яго з падарункамі, — расказвала прыёмная мама. — Хлопцы прасілі бесправадныя навушнікі, скейтборд, віртуальны шлем і іншае. Жаданні спаўняюцца. Пра падарункі для нашых дзяцей паклапаціліся калектывы цэнтральнай раённай бальніцы, пастаўскага аддзялення Белаграпрамбанка, раённага аддзела па над­звычайных сітуацыях, ТЦСАН, пагранічнікі, раённая арганізацыя «Белай Русі».

Прыемным сюрпрызам стаў для сям’і прыезд старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Варапаеўскай дыстанцыі пуці Надзеі Кімбар і члена прафсаюза Наталлі Казаровец. Яны прывезлі сертыфікат на 1 126 рублёў.

— Дабрачыннасцю наш калектыў займаецца кожны год, — гаварыла Надзея. — Гэтай сям’і дапамагалі два гады таму. Вырашылі і сёлета. Справа, якой прысвяцілі сябе Аліна Міхайлаўна і Бенядзікт Браніслававіч, вельмі высакародная. Не кожны здольны ўзяць на сябе адказнасць за выхаванне прыёмных дзяцей, паставіць іх на ногі, наву­чыць усяму і адправіць у дарослае жыццё. Гэта вельмі цяжкая праца. Нам прыемна бачыць шчаслівыя твары дзетак, іх абуладкаваны быт.

3-гадовая Сафійка, якую Граблеўскія ўзялі сёлета 1 снежня, з задавальненнем забралася да Надзеі Кімбар на рукі. 5-гадовая Марыйка (з’явілася ў сям’і, калі ёй было ўсяго 15 дзён ад нараджэння) увайшла ў ролю экскурсавода і вадзіла гасцей па ўсіх пакоях. Старэйшыя хлопцы паводзілі сябе больш стрымана — толькі радасна ўсміхаліся.

Першую дзяўчынку Граблеўскія ўзялі на выхаванне 17 гадоў таму. Сёння Насця — навучэнка 2 курса Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Атрымлівае прафесію бухгалтара. Пасля яе было яшчэ 20 дзяцей. Шасцярых з іх усынавілі. Двое вярнуліся ў біялагічныя сем’і. Тыя, што выраслі і пакінулі дом Граблеўскіх, у якім іх ахіналі цяплом і клопатам, прыяз­джаюць да прыёмных бацькоў на святы, падчас водпускаў.

Граблеўскія ніколі не разлучаюць родных братоў і сясцёр. Цяпер у іх жывуць Вова і Дзіма Дзілі, Лёша і Косця Бельскія.

Зразумела, што для такой колькасці дзяцей ніякія грошы не бываюць лішнімі. Шмат іх ідзе на харчаванне. Аліна Міхайлаўна паказвала 5-літровую каструлю з супам, вялізную міску з салатай. Перад Новым годам усім набылі новы абутак. Муж і жонка ніколі не разлічвалі на чыюсьці дапамогу: і калі выхоўвалі сваіх чацвярых дзяцей, і цяпер. Але, вядома, вельмі прыемна, калі нехта яе аказвае.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.