Уроженец Калмыкии Юрий Гвоздиков много лет назад выбрал Беларусь постоянным местом жительства

Общество

Па нацыянальнасці Юрый Гвоздзікаў рускі. Нарадзіўся ў Калмыкіі. Тэрміновую службу праходзіў у Літве. Пастаянным месцам жыхарства выбраў Беларусь. Менавіта тут шчасліва склаўся лёс яго сям’і, якой ужо 41 год.

З беларусачкай Аняй яны сустрэ­ліся, калі ёй было ўсяго сямнаццаць. Разам з іншымі землякамі дзяўчына прыехала са Століншчыны на праполку і ўборку агародніны. Маладыя людзі пазнаёміліся на танцах і пасябравалі. Калі ўборка ўра­джаю была завершана, Аня вярнулася дадому, а Юру прызвалі ў армію. Яны нават не перапісваліся. Каханне зарадзілася, калі дзяўчына зноў прыехала працаваць у яго родныя мясціны, а Юрый вярнуўся са службы.

Беларусь ён упершыню ўбачыў падчас свайго вяселля. І хоць яго спраўлялі позняй восенню, край вельмі ўразіў. «Асабліва спадабаліся лясы. На маёй радзіме іх няма, — гаварыў Юрый Віктаравіч. — Там кругом — стэп. А ў Беларусі такая прырода! І людзі тут жылі багацей, у магазінах было больш тавараў».

Аднак сямейнае жыццё пачыналі ўсё ж у Калмыкіі. Праз год пераехалі на родную Аніну Століншчыну. А ў 1986-м рашыліся яшчэ на адзін пераезд — на Пастаўшчыну, пра што ніколі не пашкадавалі.

— Наш сваяк працаваў прарабам у калгасе «Ленінскі шлях», — успаміналі муж з жонкай. — Ён расказваў, што гаспадарка моцная, калгаснікі добра зарабляюць, жывуць і працуюць дружна. Калі пераехалі, на сабе адчулі, якія цудоўныя ў Андронах лю­дзі. Найперш дапамог старшыня калгаса Міхаіл Свердлаў. Нас аформілі як перасяленцаў, што давала пэўныя льготы, выдзелілі машыну перавезці рэчы, часова падсялілі ў кватэру да іншай сям’і, а неўзабаве далі асобную. Суседзі дапамагалі абжывацца, бо мы прыехалі з дзіцем на руках і двума чамаданамі… Бясконца ўдзячныя ўсім, з кім тут звёў лёс.

Калі за першы месяц работы на цялятніку Ганна з Юрыем атрымалі 700 рублёў, іх ра­дасць была бязмежнай. Адразу ж купілі ў райцэнтры «сценку», якая на той час была ў дэфіцыце і каштавала дорага. Засталося з зарплаты грошай і на пражыццё.

Маладой сям’і, у якой у Андронах нарадзілася другое дзіця, вельмі хацелася мець свой дом. І яна атрымала яго ад калгаса. А калі стала магчымым, прыватызавала. Тое, што ўласнікі жылля — дбайныя гаспадары, адзначаюць усе, хто сюды наведваецца. Дом дагледжаны звонку, ідэальная чысціня ў пакоях. Дыхтоўныя гаспадарчыя пабудовы, у якіх Гвоздзікавы трымаюць карову, свіней, курэй. Свая садавіна, агародніна, мёд. Калі былі маладзейшыя, то і па тры каровы мелі.

— Калі не лянуешся, то будзеш мець усё, што трэба, — разважаў Юрый Віктаравіч. — Я 27 гадоў адпрацаваў на трактары, а перад выхадам на льготную пенсію — некалькі — на будоўлі. У Ані 18 гадоў стажу ў жывёлагадоўлі. Нягледзячы на тое, што яна ўжо дасягнула пенсійнага ўзросту, працуе тэхнічкай на ФАПе і ў клубе. Мне хапае клопатаў з уласнай гаспадаркай. Летам нават на рыбалку няма часу схадзіць. Добра, што сыны недалёка: адзін жыве з сям’ёй у Глыбокім, другі — у Паставах. Маем дзвюх унучак і ўнука. Да нас прыязджаюць часта, дапамагаюць у рабоце. Ды і проста ўбачыцца, пагаварыць хочацца, падзяліцца нарыхтоўкамі.

Старшыня Курапольскага сельскага Савета Лілія Гінько пашкадавала, што я наведалася да Гвоздзікавых не ў самую лепшую пару года.

— Вось каб вы прыехалі летам, то ўбачылі б, колькі ў двары кветак і якая прыгажосць не толькі ў іх , але і ў суседзяў — Ганны і Уладзіміра Гінько, Аляксандра і Любові Белых, — гаварыла яна. — Людзі дружныя, працавітыя, шмат робяць па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый. Стварылі ўзорны куточак Андрон. Сёлета тут купіў дом пад дачу пастаўчанін Віктар Курдо. Разам з жонкай таксама актыўна распачаў добраўпарадкаванне.

Ганна і Юрый Гвоздзікавы з цеплынёй і ўдзячнасцю расказвалі мне не толькі пра сваіх найбліжэйшых суседзяў, але і пра многіх іншых жыхароў вёскі. З самага перасялення некаторыя сталі для іх асабліва блізкімі.

— Мы прыехалі сюды маладыя, бедныя, многага не ўмелі, — узгадвае той час Ганна Аляксандраўна. — Трэба было абжывацца на новым месцы. Нам гэта ўдалося дзякуючы падтрымцы як праўлення калгаса, так і аднавяскоўцаў. У той час у Андронах было шмат маладых сем’яў. Мы пасябравалі з Валодзем і Фаінай Сялевічамі, Тэрэзай і Валодзем Васілевічамі, Мікалаем і Тамарай Лапушынскімі, Ганнай і Валодзем Гінько, Лідзіяй і Паўлам Счаснымі. Не толькі працавалі ў адной гаспадарцы, але і святы адзначалі разам. Адным словам, вёска прыняла нас як сваіх.

Іх родныя мясціны далёка: да Ганнінай вёскі сотні кіламетраў, да Юрынай — больш за дзве тысячы. Хоць і рэдка, але наведваюцца туды. Падчас паездкі дом і гаспадарку пакідаюць на суседзяў. Ведаюць: усё будзе ў парадку. «У свой час нават на «Жыгулях» дабіраліся да Калмыкіі, — успамінаў Юрый Віктаравіч. — І зараз едзеш па Беларусі — сэрца радуецца: дарогі добрыя, палі засеяныя, усюды чыста, акуратна. Адным словам, у краіне парадак. А хіба гэта не заслуга яе кіраўніка?»

Колькі я ні размаўляла з Гвоздзікавымі, не пачула ад іх ні аднаго дрэннага слова ў адрас аднавяскоўцаў. Наадварот, яны вельмі рады, што трапілі сюды і што тут ёсць усе ўмовы для паўнацэннага жыцця. Падумалася: калі чалавек добры, працавіты, то і яго акружэнне такое ж. Прынамсі, я ў гэтым пераконваюся часта, што дадае аптымізму.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.