Как в Поставском районе проходит акция для пожилых людей «От всей души»?

Общество

Каляды і Новы год — самыя чароўныя святы. Іх чакаюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Весела бывае ў вялікіх сем’ях, дзе ўсе разам гатуюць стравы на стол, рыхтуюць падарункі. А калі чалавек адзінокі і пажылы? Ім святочны настрой ствараюць удзельнікі акцыі «Ад усёй душы», якая ў другі раз праходзіць у Беларусі па ініцыятыве Прэзідэнта краіны.

— Афіцыйна акцыя стартавала 3 студзеня, — расказвала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч. — Я, намеснік старшыні райвыканкама Стані­слаў Чымбург, дырэктар ТЦСАН Марыя Курто і яе намеснік Вольга Антух прысутнічалі на афіцыйным адкрыцці маштабнага марафону ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску. А падрыхтоўчы этап акцыі пачаўся яшчэ напярэдадні каталіцкіх Каляд. У гэты час мы аказвалі дапамогу пажылым людзям. У перадсвяточныя дні сацыяльныя работнікі не толькі дасканала прыбіралі дамы сваіх падапечных, але і ўпрыгожвалі ёлкі, прыносілі падарункі, набывалі прадукты на навагодні стол.

Лідзіі Брэскай з Белек ужо за 90. Хоць яна і праваслаўная, ёлку вырашыла ўстанавіць у пакоі яшчэ да Новага года. Дапамагла ёй гэта зрабіць сацыяльны работнік Наталля Буйко.

— Лідзію Анатольеўну абслугоўваю больш за 15 гадоў, — расказвала Наталля. — Праўда, з невялікім перапынкам — была ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Але тым часам мяне замяняла мая мама, таму я была ў курсе ўсіх спраў маёй падапечнай. Анатольеўна — вялікая аптымістка. Вельмі любіць раённую газету. Чытае яе без акуляраў. Бывае, просіць мяне пачытаць ёй. Потым разам абмяркоўваем артыкулы. Я жыву ў Гуце. Да падапечнай наведваюся два разы на тыдзень.

Яніна Брэская 36 гадоў адпрацавала на Варапаеўскім дрэва­апрацоўчым камбінаце. Каля двух гадоў назад аўдавела. Адзіны сын — дальнабойшчык, і часта бываць у маці яму не выпадае. Упраўляцца па доме Яніне Іванаўне дапамагае сацыяльны работнік Алена Цярлюк. Да каталіцкіх Каляд ра­зам упрыгожылі ёлку. Па заказе падапечнай Алена накупляла розных прысмакаў, бо на Божае Нараджэнне жанчына чакала ў госці сына і ўнука, які вучыцца ў Полацкім дзяржаўным лясным каледжы.

— Святы працягваюцца, — гаварыла Наталля Седзюкевіч. — І ніхто з пажылых не застанецца без увагі. Прадстаўнікі ўлады, работнікі культуры, валанцёры, школьнікі, члены БРСМ наведваюць аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, доўгажыхароў. Для іх арганізуюць канцэрты, круглыя сталы, тэатралізаваныя прадстаўленні, чаяванні.

Анна Анішкевіч
Фота даслала Іна Вырвіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.