Культурна-асветніцкая акцыя “Святкуем па-беларуску”. Вадохрышча

Культура

Традыцыйна на Пастаўшчыне праводзілася культурна-асветніцкая акцыя “Святкуем па-беларуску”. Ініцыятарам гэтага мерапрыемства застаўся  Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна.У прошлым годзе жанілі Цярэшку. На гэты раз фальклорныя гурты вырашылі прысвяціць нашы вячоркі святу вадохрышча. Сустрэча адбылася ў Юнькаўскім СДК, куды завітала моладзь з Дунілавіч, Варапаева, Гуты, Лукашова, Навасёлак, Андроны, Лынтупы, Парыж і вучні сярэдняй  школы №3 горада Паставы. Залу Дома культуры ў народным стылі  ўпрыгожыць пекна і багата, дыванамі і саламянымі ўборамі, вазонамі  дапамагла загадчыца Пастаўскага Дома рамёстваў Петух Таццяна Мікалаеўна. Яна таксама правяла майстар-клас па  кукле-абярэгу ”Зярнушка“.

Ўсім вядома, што студзень багаты на святы. Заканчваліся зімовыя святы Вадохрышчам, якое да хрысціянства, відаць, было заканчэннем Каляд.  Галоўнай падзеяй на Вадохрышча з’яўляецца асвячэнне вады ў царкве і ў вадаёмах. У дзень Вадохрышча людзі зранку ідуць у царкву на святочную службу, каб запасціся хрышчэнскай вадой на цэлы год. ”А вы ці назапасілі вады?“- пытаюцца вядучыя (Максім Літвтновіч  і Марыя Гурская) ў старэйшых гледачоў мерапрыемства. А гэта актыўныя ўдзельніцы народнага клуба ”Юнчанка“, якія потым нам і праспявалі некалькі народных песен.  Хрышчэнская вада – вада вялікага асвячэння. Гэта вада спрадвечна шанавалася ў народзе і выкарыстоўвалася як універсальны сродак аховы і дапамогі ва ўсіх жыццёвых сітуацыях: ад бытавых да надзвычайных. Так, хрышчэнскай вадой апырскваюць баразну перад пасадкай насення, гэту ваду даюць ад хваробы чалавеку.

Танцавальны блок ”Побытавыя танцы“ распачалі  ўдзельнікі Міжнароднага турніру нацыянальных танцаў ”Танчым разам “ у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ , Людміла і Аляксандр Яршовы з Варапаева, якія прадэманстравалі наіскладнейшыя варыянты танцаў ”Падыспань“, ”Кракавяк“ ,”Лысы“ або ”Карапет“, ”Субота“, ”Лявоніха“, ”Базар“. А потым кіраўнік танцавальнага калектыву Варапаеўскага ГПДК Ірына Кузьміч  правяла майстар-клас для ўдзельнікаў мерапрыемства па бытавым танцам. І добра ў іх атрымлівалася. Малайцы, хлопчыкі і дзяўчынкі!

Потым гулялі ў “Клубок”, “Міхасік”, ”Ручаёк“, ”Іванка і Марылька“, ”Стужкавы паясок“ і  абавязкова ў “Яшчура”.

Гэта гульня ў 2018 годзе набыла статус  гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны” Народная гульня моладзі ”Яшчур“ ў в. Гута Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці”.

Exif_JPEG_420

Для гульні ”Яшчур“ выбіраецца вядучы – хлопец-Яшчур, якога пераапранутым у кажух і шапку-вушанку садзяць у цэнтры. Вакол яго дзяўчаты водзяць карагод з песняй.

Сядзіць, сядзіць Яшчур,

Гэй нам, гэй

На залатым крэсле,

Гэй нам,гэй

На залатым крэслі

Гэй нам, гэй

На шчаслівым месце

Гэй нам,гэй

Пан калёсмы точыць-

Гэй нам, гэй

Ён жаніцца хочыць.

Гэй нам, гэй

Бяры сабе панну,

Каторую хочаш.

 У гэты час Яшчур выбірае сабе ”панну“, забірае ў яе хустку альбо вянок. А потым кожная дзяўчына спявае Яшчуру традыцыйную песню-просьбу і выконвае яго заданні, каб вярнуць сваю рэч.

Яшчур-панок,

Аддай вянок,

Што я пліла, як я цвіла

Ручкі-ножкі мазоліла

Свайго вяночка ня зносіла.

Пераемнасць народнай гульні ”Яшчур“ адбылася ў фальклорным калектыве Гуцкага СКЦ ад старэйшых носьбітаў падчас сустрэч з імі і этнаграфічных экспедыцый супрацоўнікаў Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна. А якая ж вечарына без гармоніка. Быў запрошаны  наш незаменны народны музыка-аматар Аляксандр  Пачкоўскі, які грае на ўсіх  вечарынках .

Асаблівае месца ў святочных звычаях займалі варожбы. Найбольш былі пашыраны варожбы дзяўчат на замужжа. Вось і мы паспрабавалі гэта зрабіць.

Шмат было прапанавана:  з блінамі,  з кнігай,  з яловымі веткамі, з дровамі, з рознымі рэчамі і нават з попелам. Каго гэта зацікавіла, прыходзьце на вечарыну ў наступны раз, мы і вас навучым.

Завяршылася свята агульным танцам ”Лявоніха“, удзельнікі атрымалі салодкія прызы.

Хочацца падзякаваць адміністрацыі сярэдняй школы№3, работнікам культуры раёна, ўсім ўдзельнікам свята, за актыўную падрыхтоўку, за добры настрой, за тое, што дапамагаеце зберагаць нашу культуру і традыцыі нашых продкаў.

Вядучы спецыяліст па  фальклору Святлана Марозава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.