Председатель райкома профсоюза работников АПК Василий Котович с подарками побывал на фермах хозяйств района

Общество

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч у калядныя і пераднавагоднія дні пабываў на многіх фермах гаспадарак раёна.

На некаторыя з іх наведалася і я. Першыя на маршруце — сельгас­прадпрыемства «Дунілавічы-­агра» і ферма ў Дунілавічах. Аператары машыннага даення Людміла Ермаковіч, Галіна Мычко, Ірына Камлягіна, Юлія Шкорнік, Жанна Вярцінская, Наталля Курачонак і Ірына Фрол завяршалі падрыхтоўку да вячэрняй дойкі. Разам з загадчыцай Ганнай Лакеевай яны сабраліся ў пакоі адпачынку, дзе ўстаноўлена ёлка. Прыезду прафсаюзнага лідара аграрыяў абрадаваліся. Васілій Уладзіміравіч падзякаваў жывёлаводам за іх нялёгкую працу, якая не ведае сезоннасці, распытаў пра вытворчыя справы і заахвоціў салодкімі падарункамі.

Накіроўваемся ў Сяргеевічы. На двары фермы з мабільным тэлефонам у руках сустракае яе загадчык Сяргей Чукін. Тлумачыць, што чакае машыну з камбікормам. Першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч цікавіцца ў яго графікам ацёлаў кароў, надоямі. Загадчык задаволены калектывам. Ён дружны, аператары адказна адносяцца да выканання сваіх абавязкаў, хоць працаваць нялёгка. Саладосці ад прафсаюза паспрыялі святочнаму настрою жывёлаводаў.

Заўсёды прыемна зайсці на ферму ў Целяках ААТ «Хацілы-­агра». Нягледзячы на тое, што будынкі старыя, усюды парадак.

У гэтыя дні сярэдні надой ад каровы на ферме «Целякі» складае амаль 16,5 кілаграма малака, валавая вытворчасць за дзень – больш за 2 400 кілаграмаў.

Прозвішчы аператараў Ліліі Стрэльскай, Святланы Січкар, Веранікі Валодзькі і Надзеі Машары пастаянна значацца сярод перадавікоў раёна. Увага з боку прафсаюза кранула жанчын. Яны шчыра дзякавалі за пачастункі, абяцалі дабівацца яшчэ вышэйшых надояў. Для гэтага ў гаспадарцы створаны ўсе ўмовы: хапае сенажу і сіласу, кармы якасныя, у рацыён уключаны камбікорм з вітаміннымі дабаўкамі.

— Кожны год стараюся пабываць на розных фермах, завезці работнікам салодкія падарункі, — гаварыў Васілій Катовіч. — Праца ў жывёлаводаў цяжкая. І калі гараджане адпачываюць у святочныя дні, то работнікі ферм штодзень даглядаюць жывёлу, адпраўляюць на перапрацоўку малако. У іх няма ні выхадных, ні свят. Дзякуй ім за старанне, за той уклад, які яны ўносяць ў харчовую бяспеку краіны.

Зімова-стойлавы перыяд — адзін з найбольш адказных для жывёлаводаў. Падрыхтоўка да яго пачалася яшчэ летам, калі каровы знаходзіліся на кругласутачным утрыманні ў полі. Памяшканні адрамантаваны, трывалая кармавая база назапашана. Стаіць задача не дапусціць спаду вытворчасці, забяспе­чыць належную якасць прадукцыі. Менавіта ў такім кірунку арганізуюцца працоўныя будні работнікаў ферм раёна. Стойлавы перыяд праходзіць у штатным рэжыме.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.