Директор Социально-педагогического центра Поставского района Наталья Селиванова — Человек года Витебщины-2023

Общество

Ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны-2023» ўдастоены людзі, якія ў мінулым годзе дабіліся найлепшых вынікаў у сваёй прафесійнай дзейнасці і ўнеслі важкі ўклад у развіццё вобласці. Сярод 50 лаўрэатаў — аператары жывёлагадоўчых комплексаў, трактарысты, электрагазазваршчыкі, сацыяльныя работнікі, кіраўнікі вядучых прадпрыемстваў і арганізацый з усіх раёнаў вобласці. У іх ліку механізатар ААТ “Навасёлкі-Лучай” Юрый Гваздоў і дырэктар Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Пастаўскага раёна Наталля Селіванава. Віншуем!

Наталля Селіванава знаходзілася ў чарговым водпуску, але тэрмінова трэба было выйсці на работу. Дзверы ў кабінет не зачыняла, і дзеткі, якія тым часам вярталіся з дзіцячага садка, убачыўшы яе, падбеглі, абляпілі з усіх бакоў. Наталля Віктараўна прысела на канапу, а адзін з хлопчыкаў прымасціўся да яе калені. Другі цягнуўся, каб абняць за шыю і пашаптаць на вуха штосьці патаемнае. І яна, як самая клапатлівая мама, туліла іх да сябе. А я падумала: колькі любові трэба мець у сэрцы, каб ахінаць ёй чужых дзяцей!

Наталля Селіванава ўзначальвае ўстанову з 2006 года. Адзначае, што дзяржава клапоціцца пра выхаванцаў цэнтра — выдзяляе сродкі на іх утрыманне. Тым не менш  праблемы існуюць. Асабліва складана маральна, бо кожнае дзіця, якімі б ні былі яго бацькі, гатова дараваць ім любыя  памылкі і хоча быць побач з роднымі.

Калі дзеці трапляюць у сацыяльна небяспечнае становішча і бацькі не прымаюць ніякіх мер па яго паляпшэнні, камісія па справах непаўналетніх дае заключэнне аб змяшчэнні дзяцей у прытулак. І тады ён для многіх дзяўчынак і хлопчыкаў ад 3 да 18 гадоў становіцца домам на паўгода. Тут іх клопатам ахінаюць выхавальнікі, што знаходзяцца побач кругласутачна. Малыя наведваюць дзіцячы садок, старэйшыя — школу. У вольны час займаюцца творчасцю, выконваюць хатнія заданні, гуляюць.

У склад Сацыяльна-педагагічнага цэнтра ўваходзяць аддзел прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці, сацыяльнага сіроцтва і комплекснай рэабілітацыі, дзіцячы сацыяльны прытулак і аддзел падтрымкі сем’яў, якія прынялі на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. Работнікі гэтых трох структурных падраздзяленняў пад кіраўніцтвам Наталлі Селіванавай аказваюць сацыяльна-педагагічную і псіхалагічную дапамогу дзецям, іх бацькам і законным прадстаўнікам, ствараюць неабходныя ўмовы для навучання і рэабілітацыі выхаванцаў.

За мінулы год шмат зроблена па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, на гэта асвоена больш за 300 тысяч рублёў спонсарскіх сродкаў. За іх заменены вокны, дзверы, адрамантаваны санвузлы, сцены, абноўлены інтэр’ер, мэбля, бытавая тэхніка, набыта адзенне і абутак, цацкі, канцтавары.

—Прытулак сям’ю не заменіць, — гаварыла Наталля Віктараўна. — Мы ж лёс кожнага нашага выхаванца прапускаем праз свае сэрцы. Памятаем усіх, хто калісьці сюды трапіў, цікавімся далейшым лёсам. І заўсёды радуемся, калі ў іх жыцці ўсё складваецца добра.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.