Тракторист-художник? Почему бы и нет! Александр Булышко помогает украшать стены и здания

Общество

Кожнага наведвальніка Коўзанскага ФАПа першым сустракае… Айбаліт — на карціне, якая займае ўсю сцяну ў калідоры. У адным месцы казачны доктар уважліва слухае праз стэтаскоп сэрца медз­ведзяняці, у другім — ён ля такіх пацыентаў, як сабачка і вярблюд. Ёсць на карціне і мора, пальмы…

Мінулым летам старэнькі будынак ФАПа ўнутры абнавіўся: санітарка Таццяна Дунец з мужам Леанідам паклеілі шпалеры, пафарбавалі падлогу, а мясцовы механізатар Аляксандр Булышка размаляваў сцяну.

Трактарыст — мастак? Як было не зацікавіцца чалавекам? Аляксандр згадзіўся на размову.

— Калі б не пакінуў вучобу ў Віцебскай школе мастацтваў, мог бы стаць настаўнікам малявання, а стаў трактарыстам, — без шкадавання гаварыў Аляксандр Фёдаравіч, бо працаваць на тэхніцы яму падабаецца.

Творчыя задаткі ў хлопчыка — з малых гадоў: любіў маляваць, ляпіць з пластыліну, займаўся разьбой па дрэве. Скончыў школу мастацтваў у Міёрах і пры конкурсе пяць чалавек на месца паступіў у віцебскую. Аднак правучыўся там усяго паўтара года.

— Гэтага недастаткова, — прызнаецца. — Тэхнікай малявання валодаю, а вось фантазіі малавата…

— А чаму не расказваеш, што нават абразы і партрэты маляваў? Людзі ахвотна іх куплялі, — падказвае жонка Алёна. — Гэта было ў Міёрах, дзе мы жылі да пераезду ў Коўзаны.

У ААТ «Навасёлкі-Лучай» прыкмецілі здольнасці прыезджага механізатара, калі ён прыгожа аформіў кабіну вы­дзеленага яму «Беларуса». Праз нейкі час намеснік дырэктара папрасіў намаляваць трактар на сцяне ля рамонтнай майстэрні. Намаляваў! Потым спатрэбілася аформіць аўтобусны павільён у Навасёлках, будынак новай фермы ў Пагарцах, Коўзанскі ФАП, сталовую ў навасёлкаўскай школе. Аляксандр усюды якасна выканаў работу.

У лютым мінулага года ён удзельнічаў у арт-праекце «Галерэя кароў», які праводзіўся ў рамках міжнароднага форуму «Беларусь аграрная. Малочная ферма». І хаця малюнак Аляксандра не заняў прызавога месца, мастак атрымаў шмат яркіх уражанняў. А на памяць застаўся каляндар, зроблены пазней, на кожнай старонцы якога змешчаны работы ­ўдзельнікаў названага праекта.

Месяц назад мнагадзетная сям’я Булышка пераехала з Навасёлак у кватэру, пабудаваную ў райцэнтры.

— Зручна, што дом знахо­дзіцца побач з дзіцячым садком, у які ходзіць наша малодшанькая і куды ўладкавалася памочнікам выхавальніка жонка, — гаварыў Аляксандр. — А я буду ездзіць на работу ў Навасёлкі. Шэсць гадоў назад, калі мы пераехалі з Міёр, нас вельмі добра прынялі ў гаспадарцы, выдзелілі адну кватэру, потым — другую. Заўсёды адчуваю падтрымку ад дырэктара Юрыя Францішкавіча Шымчыка. Добрыя заробкі. Дык навошта шукаць штосьці іншае?

Пакуль мы размаўлялі з Аляксандрам, яго дачка Даша займалася размалёўкамі. «Бачу ў ёй схільнасць да малявання, — гаварыў тата. — А ў Паставах ёсць магчымасць пайсці ў школу мастацтваў. Абавязкова скарыстаемся ёй».

Хто ведае, можа, праз год-другі дзяўчынка прапануе: «Тата, давай з табой намалюем казку або што-небудзь іншае!»

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.