Газоэлектросварщик УП ЖКХ Сергей Поташов в этом году стал лауреатом звания «Человек года Поставщины»

Общество

Гэта высокая адзнака яго працоўных заслуг. І чарговая. Акрамя грамат і падзяк, атрыманых на прадпрыемстве, Сяргей Афанась­евіч узнагароджаны Ганаровымі граматамі райвыканкама, абласнога ўпраўлення ЖКГ, Падзякай старшыні аблвыканкама. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у абласных конкурсах прафесійнага майстэрства і займаў прызавыя месцы.

Гэтыя факты гавораць самі за сябе. Тым не менш сваё прызванне Сяргей знайшоў не адразу. Скончыўшы гідрамеліярацыйны тэхнікум, працаваў у калгасе аграномам, прарабам, потым пайшоў радавым будаўніком, каб больш зарабіць. І толькі набыўшы спецыяльнасць газаэлектразваршчыка, зразумеў, што менавіта гэта работа яго найбольш прыцягвае. Ужо 10 гадоў працуе ва УП ЖКГ.

— Работы хапае заўсёды. — расказваў Сяргей Паташоў. — Вядзецца замена асобных участкаў цеплатрас, устанаўліваецца новае абсталяванне, здараюцца аварыі на кацельнях — усюды патрабуецца зварка. Летась было шмат працы пры замене цепласетак на ўчастках кацельняў у Азёрках і Касцянях, пры рэканструкцыі кацельні ПТЛ па пераводзе на мясцовыя віды паліва. У экстрэмальных сітуацыях працую звышурочна, у выхадныя. Пасля завяршэння ацяпляльнага сезона пачынаем падрыхтоўку да новага. Мінулым летам ставілі агароджу з металапрофілю ўздоўж вуліцы Чырвонаармейскай — зноў без зваркі не абышлося.

— Зваршчыкаў не хапае, — дапаўняе нашу размову з рабочым начальнік службы кацельняў і цеплавых сетак УП ЖКГ Віталій Мацюшонак. — Нагрузка на Сяргея Паташова вялікая. У раёне 26 кацельняў, і пры неабходнасці ён усюды даязджае. Ды і не толькі кацельні абслугоўвае — зварка патрабуецца і на іншых аб’ектах. Хачу сказаць пра Сяргея Афанась­евіча не толькі як пра высакакласнага спецыяліста, але і як пра Чалавека з вялікай літары. Ён руплівы гаспадар, прыкладны сем’янін, надзейны калега, бо і калектыў — таксама сям’я — рабочая, і тут праяўляецца характар кожнага.

Найлепшыя словы пра рабочага пачула я і ад дырэктара УП ЖКГ Фёдара Тананы:

— Добрасумленны, дысцыплінаваны, работу заўсёды выконвае якасна, паказвае прыклад іншым, не лічыцца з асабістым часам. Такія спецыялісты, як Сяргей Паташоў, на вагу золата.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.