Майор милиции Юрий Зверуго признан лучшим по профессии и лучшим наставником молодежи в области

Безопасность

Найлепшы па прафесіі – у Пастаўскім РАУС. Па выніках мінулага года маёр міліцыі Юрый Звяруга прызнаны яшчэ і найлепшым настаўнікам моладзі ў вобласці.

На міліцэйскай службе Юрый ужо амаль 20 гадоў. Але перад тым як звязаць з ёй сваё жыццё, скончыў Полацкі аграрна-эканамічны каледж, выконваў воінскі абавязак перад Ра­дзімай. Потым стаў курсантам Магілёўскага каледжа Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Служыць пачаў у 2005 годзе ў Пастаўскім РАУС участковым інспектарам. Абслугоўваў лынтупскую зону, потым — мікрараён пятага гарадка. Умеў хутка рэагаваць на звароты грама­дзян, вырашаць канфліктныя сітуацыі, праводзіў вялікую прафілактычную работу, быў гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу людзям.

У чэрвені 2013-га Юрыя Звя­ругу назначылі старшым інспектарам-дзяжурным аператыўна-дзяжурнай службы, а з мая 2019-га — начальнікам ізалятара.

— Калектыў аддзялення, якое ўзначальваю, самы малады ў РАУС, — расказваў Юрый. — У маім падпарадкаванні 7 чалавек. У асноўным гэта выпускнікі Пастаўскага дзяржаўнага кале­джа. Яны праходзяць трохмесячную першапачатковую падрыхтоўку ў мінскім вучэбным цэнтры і паступаюць на службу. Пачынаю вучыць іх на практыцы. Падчас кожнай змены шмат гутару з маладымі супрацоўнікамі, многае ім тлумачу, пераконваю: «Калі чаго не ведаеце, то лепш некалькі разоў спытайце ў мяне, чым адзін раз зробіце няправільна».

Працэс адаптацыі ў прафесіі важны для кожнага. Менавіта старэйшы таварыш можа дапамагчы навічку стаць прафесіяналам. Па словах Юрыя Звяругі, аддзяленне, якое ён узначальвае, з’яўляецца кузняй кадраў. Кожныя паўгода ў яго прыходзіць адзін-два чалавекі папаўнення. Міліцыянерам даводзіцца што­дзень мець зносіны з пэўным кантынгентам грамадзян. Трэба кантраляваць іх знаходжанне ў ізалятары, канваіраваць на следчыя дзеянні, пасяджэнні суда, запаўняць журналы, выконваць іншыя абавязкі. Усё гэта пазней дапамагае ім падчас службы ў іншых аддзяленнях.

Настаўнік моладзі радуецца за Яўгенія Лысёнка, Вольгу Турок, Антона Балошку, Вадзіма Аніськовіча, Аляксея Проньку, Вадзіма Булыча, якія, прайшоўшы яго школу, зараз паспяхова працуюць у РАУС на розных пасадах, растуць у міліцэйскіх званнях.

Што да ўдзелу ў конкурсах, то Юрый неаднаразова вызначаўся ў розных. Напрыклад, пазалетась заняў 2-е месца ў асабістым заліку ў спаборніцтвах па стральбе з табельнай зброі, якія право­дзіла Віцебская абласная арганізацыйная структура Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама». Летам мінулага года здабыў «серабро» ў аглядзе-конкурсе на званне найлепшага супрацоўніка канвойных падраздзяленняў і спецыяльных устаноў упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама.

— Перамагаць мне дапамагае тое, што маю вялікі стаж, багаты вопыт, добрую фізічную падрыхтоўку, — гаварыў Юрый. — У Віцебск з раёнаў прыязджалі пераможцы ўнутраных конкурсаў усіх падраздзяленняў РАУС. У вобласці мы здавалі фізічную і агнявую падрыхтоўку, праходзілі тэсціраванне па сваіх напрамках службовай дзейнасці. Пераможца вызначаўся па найбольшай суме набраных балаў.

Свае ўзнагароды Юрый Звяруга атрымаў 1 сакавіка на ўрачыстасці ў Палацы Рэспублікі ў сталіцы з нагоды прафесійнага свята міліцыянераў. Год назад ён таксама ўдзельнічаў у такім жа мерапрыемстве, і міністр унутраных спраў Беларусі ўручыў яму імянны наручны гадзіннік.

Поспехам і ўзнагародам Юрыя радуюцца як саслужыўцы, так і сям’я. Дарэчы, яго жонка Наталля працуе старшым інспектарам па адміністрацыйнай практыцы аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС, і званне ў яе такое ж, як і ў мужа, — маёр.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.