Майор милиции Ольга Далинкевич награждена нагрудным знаком «Отличник внутренних дел Витебского облисполкома»

Общество

Дасць фору любому мужчыну — так кіраўнік калектыву Пастаўскага РАУС Дзмітрый Куталёў гаворыць пра начальніка крымінальна-папраўчай інспекцыі маёра Вольгу Далінкевіч.

І дадае, што напярэдадні Дня міліцыі, які адзначаўся 4 сакавіка, Вользе ўручаны нагрудны знак «Выдатнік унутраных спраў Віцебскага аблвыканкама». Да яе, сапраўднага прафесіянала, адказнага работніка, чулага чалавека, з вялікай павагай ставяцца не толькі саслужыўцы, але і тыя, хто знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі.

А сама Вольга пры сустрэчы са мной цытуе Канфуцыя: «Знайдзі сабе справу па душы, і табе не давядзецца працаваць ні дня ў сваім жыцці». Прызнаецца, што такую справу яна знайшла, пра работу ў міліцыі марыла са школьных гадоў. Мара збылася, але да гэтага яна 10 гадоў праслужыла ў пагранічных войсках, што дало ёй добрую фізічную і псіхалагічную загартоўку.

У непасрэдным падпарадкаванні Вольгі Далінкевіч тры міліцыянеры: старшы інспектар Андрэй Сялевіч, інспектары Вольга Турок і Сяргей Лапушынскі. А на ўліку ў інспекцыі сёння 284 чалавекі. Асноўныя задачы інспекцыі — выкананне пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства асу­джаных, кантроль за асобамі, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, правядзенне з імі выхаваўчай работы, прадухіленне здзяйснення імі злачынстваў.


Работа не для тых, у каго слабыя нервы.  Але мне яна падабаецца. І ўсе ў аддзяленні прыкладваюць шмат намаганняў, каб нашы падапечныя станавіліся на правільны шлях: гутарым, кантралюем, уладкоўваем на работу, хадайнічаем пра выдзяленне жылля. Кожнага ведаем у твар, яго жыццёвыя абставіны і радуемся за ўсіх, хто знаходзіць сілы змяніць сваё жыццё да лепшага. Ну а тым, хто не выправіў сваіх паво­дзін, замяняем пакаранне на больш строгае.

Вольга Далінкевіч


Разумеючы, на які праблемны кантынгент даводзіцца ўздзейнічаць супрацоўнікам інспекцыі, не стрымліваю эмоцый: «Няўжо вам і сапраўды цікава працаваць з імі?!» На што мая субяседніца адказвае: «Але ж гэта людзі! І так хочацца ім дапамагчы!» А тое, як зацікаўлена і падрабязна яна расказвала пра сваю работу ў інспекцыі, вартае асобнага артыкула.

Што да службы ў міліцыі ўвогуле, то гэта, несумненна, прэрагатыва мужчын. Але калі такую справу выбіраюць жанчыны, то яны ні ў чым не павінны састу­паць ім. Вось і Вольга выдатна здае нарматывы па агнявой і фізічнай падрыхтоўцы — страляе ў цэль з пісталета і аўтамата, адціскаецца, падцягваецца на перакладзіне, бегае, дзяжурыць у РАУС і месцах масавага знахо­джання грамадзян падчас правя­дзення розных мерапрыемстваў, выязджае ў рэйды.

— І як вам пры ўсім негатыве, з якім даводзіцца сутыкацца пры выкананні сваіх службовых абавязкаў, і пры такіх фізічных нагрузках удаецца захаваць аптымізм, не зачарсцвець сэрцам, не страціць жаноцкасці? — пытаюся ў Вольгі.

— Я чалавек жыццярадасны, — адказвае. — Радуюся кожнаму новаму дню. Захапляюся спортам: гуляю ў валейбол, катаюся на каньках і лыжах, плаваю, удзельнічаю ва ўсемагчымых спаборніцтвах. У выхадныя еду да бацькоў у вёску і ахвотна дапамагаю ім спраўляцца з работай у доме, агародзе, кветніках, садзе. Люблю прыроду і фатаграфую яе ў розны час года.

Многае значыць надзейны тыл. Муж Юрый ва ўсім падтрымлівае Вольгу. Радуе бацькоў дачка Маша — студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. Як прызналася сама дзяўчына: «Мая мама найлепшая ў свеце. І яна мая сяброўка. Няма такой тайны, якой бы я не падзялілася з мамай. Ва ўсім хачу быць падобнай да яе». Хіба могуць быць для маці словы, даражэйшыя за гэтыя?

Вольга не любіць галоснасці. І на сустрэчу з журналістам зга­дзілася не адразу. А падчас гутаркі прасіла: «Толькі не пішыце пра мяне шмат. Лепш перадайце віншаванне ўсім пастаўчанкам. Няхай наша жаночае свята прынясе кожнай радасць, а веснавое абнаўленне прыроды натхніць на добрыя справы».

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.