Перед началом весенних полевых работ проверена готовность столовых для хлеборобов

Сельское хозяйство

Перад пачаткам веснавых палявых работ на кантролі прафсаюза не толькі гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі, але і сталовых. Днямі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Катовіч, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзяніс Таяновіч, урачы-гігіеністы раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правялі сумесныя рэйды з мэтай праверыць арганізацыю харчавання хлебаробаў. У адным з іх пабывала і карэспандэнт «ПК».

— Палявыя работы ў раёне сёлета распачаліся раней, чым звычайна, — гаварыў Васілій Катовіч. — У гаспадарках актыўна вывозяць у палі арганіку і мінеральныя ўдабрэнні, вядуць падсеў шматгадовых траў, падрыхтоўку глебы да сяўбы. У ААТ «Янавіца-агра», «Хацілы-агра» і «Дунілавічы-агра» ўжо выбарачна сеюць яравыя. І вельмі важна, каб механізатары, вадзіцелі, рамонтнікі атрымлівалі ў гэты перыяд якаснае гарачае харчаванне. Гэта пытанне і трымае на кантролі прафсаюз. Непасрэдна на месцах правяраем гатоўнасць сталовых забяспечваць абедамі і падвячоркамі ўдзельнікаў веснавых палявых работ.

У Палессі на кухні завіхаліся загадчыца сталовай Нэлі Дубіновіч і яе памочніца Люся Пяткевіч. Яны завяршалі прыгатаванне абеду. Праз хвілін 30 павінны былі з’явіцца першыя наведвальнікі.

— Ужо гатуем каля 40 абедаў, — расказвалі жанчыны. — Разгорнуцца масавыя работы ў полі — клопатаў дабавіцца. Стараемся, каб стравы былі смачнымі і каларыйнымі.

Люся Станіславаўна на кухні навічок. Да гэтага працавала прадаўцом у Лынтупах, але трапіла пад скарачэнне. Прапанавалі работу ў сталовай ААТ «Янавіца-агра», і яна згадзілася. Прызнаецца, што пакуль асвойваецца, вывучае абавязкі. Ёй ва ўсім дапамагае вопытная повар Нэлі Дубіновіч. Яна палескіх хлебаробаў корміць ужо на працягу 13 гадоў. Адзначае, што летась кіраўніцтва гаспадаркі паклапацілася пра абнаўленне кухоннага інвентару, посуду. Многае з прадуктаў набываюць у фірменных магазінах малочнага завода. У дастатку забяспечаныя мясам, агароднінай.

З Палесся накіроўваемся ў Камаі. Будынак сталовай ААТ «Камайскі-агра» капітальна адрамантаваны пару гадоў таму. Сёлета перад пачаткам сезона зрабілі касметычны рамонт. Чысціня і парадак на тэрыторыі, утульна ўнутры. Некалькі механізатараў, запісаўшы сваё прозвішча ў ведамасць, падыходзяць да акенца кухні і атрымліваюць комплексны абед, са­дзяцца за столікі.

Памочнік урача-гігіеніста па гігіене харчавання райЦГЭ Наталля Слабадзянюк пацікавілася ў загадчыцы сталовай Людмілы Коласавай, повараў Марыі Карняйчук і Таццяны Радзевіч наяўнасцю ў іх санітарных кніжак, забяспечанасцю прадуктамі харчавання, праверыла ўмовы іх захоўвання.

На кожным сельгаспрадпрыемстве, акрамя ААТ «Ярэва-­агра», абсталяваны свае сталовыя. З дапамогай кіраўнікоў гаспадарак, старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый яны дасканала падрыхтаваныя да пачатку сельгасработ.

— Падчас рэйдаў у абавязковым парадку мы звяртаем увагу на якасць прадуктаў і гатовых страў, умовы харчавання, наяўнасць посуду і абсталявання, своечасовасць дастаўкі страў у поле і іншыя моманты, — гаварыў Васілій Катовіч. — Грубых парушэнняў не выяўлена. Было некалькі нязначных заўваг з боку санітарнай службы. Іх хутка ўхілілі. У перыяд масавых сельскагаспадарчых работ нагрузка на повараў вялікая. Але большасць з іх маюць багаты вопыт, адказныя. Таму, упэўнены, нараканняў у  аграрыяў на харчаванне не будзе.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.