Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Следующая остановка — деревня Сурвилишки

Главное Общество

Заглянем у гісторыю

Вось якія звесткі пра Сурвілішкі я знайшла ў энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», створанай супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Вёска ў Камайскім сельсавеце, ля возера Вялікія Сурвілішкі, за 28 кіламетраў ад Пастаў, 20 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Лынтупы, 302 кіламетры ад Віцебска.

  • Упершыню ўспамінаецца ў 1557 годзе як частка маёнтка Камаі ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Належала каралеўскаму пісару Яну Гайку, які раней набыў яе ў Станіслава Сурвілы, ад прозвішча якога паходзіць назва вёскі.
  • У 1557 годзе была прададзена кіеўскай ваяводзіне, княгіні Фядоры Фрыдрыхавай-Пронскай.
  • У канцы ХVІІІ стагоддзя — шляхецкае ўладанне.
  • Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) — у скла­дзе Расійскай імперыі.
  • У 1905 годзе — маёнтак у Камайскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні, 89 жыхароў, 984 дзесяціны зямлі.
  • Са жніўня 1915 года да лістапада 1918-га была акупавана германскімі войскамі.
  • З 01.01.2019 — у складзе БССР.
  • З красавіка 1919 г. да ліпеня 1920 г. акупавана польскімі войскамі.
  • З 1921 г. — у складзе Польшчы.
  • З 1922 г. — у Віленскай зямлі.
  • З лістапада 1939 г. — зноў у БССР. У 1940 г. у былым маёнтку было 29 двароў, 116 жыхароў.
  • У 1950-х праведзена калектывізацыя.
  • На пачатку новага тысячагоддзя ў вёсцы налічваліся 31 гаспадарка і 63 жыхары.
  • Па стане на 2019 год — 17 гаспадарак, 37 жыхароў.

Не знікне!

Сустракаюся са старэйшынам вёскі Аленай Лукіянавай — і пазнаю ў ёй гераіню сваёй даўняй публікацыі ў раённай газеце. Тады я пісала, як яна, маладая жанчына, якая мела дзвюх дачушак, выйшла замуж за ўдаўца з трыма дзяўчынкамі, прыняла іх як родных і аддавала ім усю душу. Алена Лявонаўна і зараз захоўвае той артыкул. На жаль, праз 25 гадоў, калі ўсе дзеці ўжо выраслі, саюз Алены з мужам распаўся. У 2005 годзе жанчына купіла сабе домік у Сурвілішках і назаўсёды пакінула Паставы.

Пераехаўшы ў вёску, яна стала працаваць сацыяльным работнікам. Абслугоўвала адзінокіх старых у Сурвілішках, Трапшавічах, Мягунах, Дзяўгунах. У 2010-м пайшла на пенсію. Але не абмяжоўваецца клопатамі толькі пра свой дом і падвор’е. Ужо шмат гадоў Алена выконвае грамадскі абавязак — з’яўляецца старэйшынам Сурвілішак.

— Тут вельмі прыгожыя мясціны, — расказвала. — Вёска размешчана паміж двума азёрамі, недалёка лес. А колькі садоў! На жаль, многія дамы пустуюць. Аднак мне верыцца, што Сурвілішкі будуць жыць. Бо ёсць у нас і маладыя сем’і, і дачнікі. Зараз жыхароў няшмат, затое гэта ў асноўным руплівыя гаспадары. Большасць трымаюць на ўласных падвор’ях жыўнасць. Праўда, ёсць і гультаі, аматары спіртнога. Але такіх адзінкі.

Алена прызнаецца, што яе душэўная траўма з гадамі не зажыла. Затое пашанцавала, што трапіла менавіта ў гэту вёску, знайшла агульную мову з мясцовымі жыхарамі. У яе хоць і старэнькі, але дагледжаны, утульны дом. Вырошчвае агародніну, садавіну, захапляецца зборам карысных траў, з найвялікшай радасцю сустракае самых дарагіх гасцей — дачок з зяцямі, унукаў, якія прыязджаюць у госці.

Чаму б тут не жыць?

Іосіф і Людміла Пашкевічы — старажылы вёскі. Іх дом узвышаецца на пагорку ўсяго за некалькі дзясяткаў метраў ад возера.

— Як шкада, што вы прыехалі ў пару, калі прырода яшчэ не ажыла! — гаварыла мне Людміла Антонаўна. — Калі б летам наведаліся, то ўбачылі б, як прыгожа наўкола.

На падвор’і Пашкевічаў прыгажосць не толькі прыродная, але і рукатворная. Адна «гармата», змайстраваная з колаў і кавалка трубы і ўстаноўленая на пні старога дрэва, чаго вартая! Гаспадар жартуе: «Ад нас недалёка граніца з Літвой. Няхай НАТАўцы ведаюць, што маем дальнабойную зброю». Ля дома ёсць і іншыя малыя архітэктурныя формы. Ну а кветак летам тут, напэўна, не злічыць.

Усё жыццё Пашкевічы адпрацавалі ў калгасе: ён — механізатарам, яна — у паляводстве. Але ёсць у іх біяграфіі і такі эпізод. У юнацтве абое паехалі на заробкі ў Цюмень. Прабылі там усяго паўгода і вярнуліся.

— Хоць і зараблялі нядрэнна, але там ставіліся да нас як да чужынцаў, — успаміналі. — На Радзіме няхай і бядней, затое тут усе — свае людзі. Шкада толькі, што вёсачкі пусцеюць. Вось і ад нас не так даўно пераехалі ў Паставы чатыры мнагадзетныя сям’і. Вядома, пахвальна, што дзяржава клапоціцца пра такія сем’і, яны атрымліваюць ільготнае жыллё. Дрэнна іншае — яно ўзводзіцца ў гарадах. З-за гэтага становяцца бязлюднымі вёскі. Зараз у нас 22 дарослыя жыхары і трое дзяцей.

Не затрымаліся ў Сурвілішках і іх дзеці. Дачка Эля жыве ў Мядзеле, сын Віталій — у Паставах. Яны, а таксама зяць і нявестка, унук і ўнучка любяць наведвацца сюды, дапамагаюць падтрымліваць сядзібу ва ўзорным стане. Людміла Антонаўна і Іосіф Гаўрылавіч упэўненыя, што іх дом ніколі не стане занядбаным. Радуюцца яны і таму, што ў іх вёсцы некалькі дамоў купілі дачнікі і нават аграсядзіба павінна з’явіцца. Чаму б не жыць у такіх прыгожых мясцінах?

Павароты лёсу

Якія ўсё-такі непрадказальныя людскія лёсы! Аксана Артамонава — расіянка. Яна нарадзілася і вырасла ў Карэліі, там жа і замуж выйшла, але за мужчыну з Беларусі, які быў намнога старэйшы за яе. Калі аўдавела, у другі раз стварыла сям’ю са стрыечным мужавым братам Пятром Ясінскім.

— Вось так мы з ім і парадніліся ў другі раз, — смяецца жанчына. — Калі Пецева жонка пайшла з жыцця, у яго на руках засталіся дзве дачушкі. Малодшай не было і двух гадкоў. Гадаваць іх дапамагалі яго бацькі. А праз чатыры з паловай гады, у 2013-м, мы з ім сышліся. Я ж прыязджала сюды да свекрыві, ведала, што гэта на­дзейны чалавек.

Аксана па стане здароўя не магла мець сваіх дзяцей і ўсю нерастрачаную любоў аддавала Пецевым дачушкам. Дзяўчынкі выраслі. Вераніка скончыла Полацкі педагагічны каледж і другі год настаўнічае ў СШ №2 імя Н. М. Асяненкі. Валя — другакурсніца Пастаўскага дзяржкаледжа. У выхадныя бацька або Аксана прывозяць дзяўчат дадому, а ў Паставах здымаюць для іх кватэру. Ёсць яшчэ адзін член сям’і — 52-гадовая сястра Пятра Алёна — інвалід з дзяцінства. Пасля смерці бацькоў брат не аддаў яе ў спецыялізаваную ўстанову, а разам з Аксанай даглядае. Сама Аксана мае ІІ групу інваліднасці. Але гэта не перашкаджае жанчыне быць клапатлівай гаспадыняй. А яшчэ яна — азартная рыбачка. «Лес, рыбалку, агарод — усё люблю», — прызнаецца.

Пётр і Аксана трымаюць вялікую гаспадарку. Зараз у ёй 25 авечак, чацвёра свіней, статак курэй. Ёсць і восем пчоласем’яў.

— Працы хапае, — гаварыў Пётр. — Добра, што маем сваю тэхніку: трактар і ўсё прычапное да яго, мотаблок, дзве легкавыя машыны, матацыкл і мотавеласіпед.

Слухала гаспадароў дома, радавалася за іх і думала: ну хто, пазнаёміўшыся з гэтай сям’ёй, скажа, што ў вёсцы жывуць бедна?

Хутчэй бы загаварыў!

Мацярынства — вялікае шчасце. Але і найвялікшая адказ­насць. Сыночку Сняжаны і Аляксандра Сцепанянаў тры з паловай гады. Вясёлы, рухавы, усё разумее, наведвае дзіцячы садок, але не размаўляе.

Гэта трывожыць бацькоў, пра што мне і гаварыла пры сустрэчы маладая мама. А я прыгадала, як некалькі гадоў назад моцна перажывала з такой жа прычыны мая знаёмая. Яе сынок не размаўляў да чатырох гадоў. Зараз ён ужо паспяхова скончыў пачатковую школу і такі суразмоўца, што не спыніць. Вось і Сняжану сталічны ўрач-неўролаг запэўніў, што ў хлопчыка няма ніякіх адхіленняў і ён абавязкова загаворыць.

Давялося ёй паляжаць у бальніцах з сынком Антонам і з такімі сур’ёзнымі дыягназамі, як пашкоджанне кішэчніка, пахвінная грыжа.

— Добра, што ў мяне надзейны муж, — гаварыла жанчына. — Падчас маёй адсутнасці на ім застаюцца дом і гаспадарка. Мы трымаем дзвюх кароў, свіней, курэй. А яму ж і на работу трэба — працуе электрыкам у «Янавіцы-агра». Калі неабходна, то і на трактар садзіцца. Ля нашага дома сам пабудаваў гараж і лазню, зараз ладзіць у двары арэлі для Антона.

Сняжана не працуе. Справа ў тым, што з завяршэннем навучальнага года ў вёску перастае хадзіць аўтобус, які возіць дзяцей у школу. А ў садок як хочаш, так і дабірайся. Праблема. Таму ўсё лета дзіця дома з мамай.

Дабрабыт ствараюць працай

Не спадзявалася застаць Вікторыю Шэршань дома, ведаючы, што яна працуе на ферме ў Камаях. Аднак пашанцавала: дачку падмяніў бацька. Якраз і яе муж Арцём прыехаў на абед. Дома былі і двое іх дзетак. Першакласніца Лера — сапраўдная казачная фея — аднеслася да «фотасесіі» з мілай какетлівасцю, трохгадовы Максім — насцярожана. Што з гэтага атрымалася, бачыце на здымку.

Арцём працуе ў ААТ «Камайскі-агра» на трактары, Вікторыя разам з роднай сястрой даглядае цялят на дарошчванні.

— А магла б быць бухгалтарам, — расказвала яна. — Такую спецыяльнасць я набыла ў пастаўскім каледжы. Працавала ў бухгалтэрыі «Камайскага-агра». Але вельмі хутка зразумела, што гэта не маё. Таму пасля заканчэння дэкрэтнага водпуску ў бухгалтэрыю не вярнулася, а пайшла на ферму.

У Шэршняў добры, па-сучаснаму абсталяваны дом, у гаражы — два легкавікі, у хлявах — карова, свінні, куры.

— Усё дабро, якое маем, здабываем працай, — расказвала Вікторыя. — І дом пабудавалі самі з дапамогай бацькоў. Свая агародніна. Люблю збіраць грыбы і ягады, прычым не толькі сабе, але і на продаж. Нават Лера збірала лісічкі і здавала іх нарыхтоўшчыкам. Такім чынам ужо атрымала свае першыя грошы.

— Напэўна, вы і з рыбай заўсёды? — пытаюся. — Побач жа возера.

— Не, рыбу лавіць няма калі, — чую ў адказ. — Арцём з вясны да позняй восені з шасці раніцы да васьмі вечара на працы. Але ў нас і без рыбы ўсяго хапае.

У бацькоўскім доме

Папярэдне гэты адрас у маім журналісцкім блакноце не быў пазначаны. Але хіба можна было праехаць міма, убачыўшы прыгожы дом і прасторную дагледжаную тэрыторыю ля яго?

— Тут жыве адзінокі мужчына Рыгор Данілаў, — тлумачыць старэйшына вёскі. — Можам зайсці.

Гаспадар здзівіўся нечаканым візіцёрам, але ў хату запрасіў. У пакоях такія чысціня і парадак, якія ўбачыш не ў кожнай гаспадыні, нават вазоны ёсць.

— Гэта бацькоўскі дом, — расказваў Рыгор. — Я тут нарадзіўся і вырас. А ў дарослым жыцці лёс закідваў у Міёры, Маскву. Урэшце вярнуўся ў родныя мясціны. 20 гадоў адпрацаваў энергетыкам у Палессі. Там і жыў. Калі цяжка захварэў бацька, прыехаў сюды.

Была і другая прычына — распалася сям’я. Я не стала распытваць, з-за чаго: мяне больш цікавіў сённяшні дзень вяскоўца.

— Вырашыў пажыць для сябе, — адкрыта гаварыў мужчына. — Трымаю карову, курэй, збіраюся купіць бычка. Дапамагаю вяскоўцам з апрацоўкай агародаў, нарыхтоўкай дроў. Патрабуецца мая дапамога і дачнікам. Маю сваю машыну і матацыкл.

Ахвотна здабывае Рыгор такія дары прыроды, як грыбы, ягады, рыба. Найвялікшы трафей — шчупак вагой 7 кілаграмаў 800 грамаў.

З роду доўгажыхароў

Найстарэйшай жыхарцы Гераіме Жарынай— 88. Усё яе жыццё, за выключэннем дзевяці гадоў, калі працавала ў Казахстане на шахце, прайшло тут. Шчыравала ў калгасе даяркай, была на добрым рахунку. Нарадзіла і выхавала з мужам трох сыноў і дачку. Перажыла цяжкае гора: памерлі ў маладым узросце два старэйшыя сыны. 24 гады назад не стала і мужа. Засталася адна. Добра, што малодшы сын жыве ў суседняй вёсцы Мягуны і амаль штодня наведваецца, дапамагае. А вось дачка Алёна — у Швянчонісе, і зараз ёй вельмі складана прыехаць на Радзіму, таму бывае тут рэдка. Але калі летась маці захварэла і ляжала ў бальніцы, дачка ўзяла водпуск і апякала яе.

Ёсць у Гераімы Эдвардаўны і яшчэ адна памочніца — сацыяльны работнік Наталля Жарына. Вось і ў той дзень, калі я прыехала ў вёску, яна была ў сваёй падапечнай.

— Эдвардаўна — малайчына, — гаварыла Наталля. — Яна найстарэйшая з усіх жанчын, якіх я абслугоўваю, але самая рухавая. А як добра выглядае!

Аднак гады не праходзяць бясследна, а штосьці забіраюць у чалавека. У Гераімы Эдвардаўны сеў зрок, яна мае вялікія праблемы са слыхам. Але да нядаўняга часу яшчэ чытала, а тэлевізар у навушніках глядзіць і цяпер. Казала: «Мой дзед дажыў да ста гадоў. Можа, і ў мяне атрымаецца…»

Са сваёй гаспадаркі

Бываючы ў вёсках, не часта сустракаю гаспадароў, якія трымаюць жывёлу. Старыя, у большасці адзінокія людзі, не маюць на гэта сіл, маладыя не хочуць сябе абцяжарваць. Сурвілішкі прыемна ўразілі тым, што тут на многіх падвор’ях ёсць жыўнасць.

Ва ўласнай гаспадарцы Валянціна і Таццяны Жарыных зараз дзве каровы, бык, некалькі свіней, куры. Такая «ферма» патрабуе шмат корму і клопатаў. Таццяна не працуе, а займаецца гаспадаркай. Безумоўна, без удзелу мужа не справілася б. Валянцін працаваў у ААТ «Камайскі-агра» на трактары. Мінулым летам ён перанёс інфаркт і зараз знаходзіцца на ІІІ групе інваліднасці. Але сельгаспрадпрыемства не пакідае.

У сям’і двое дзяцей. Ліза вучыцца ў каледжы ў Віцебску на повара-кандытара, Аня паступіла ў Полацкі лясны тэхнікум. На канікулах дзяўчаты дапамагаюць бацькам спраўляцца з гаспадаркай. А калі ад’язджа­юць на вучобу, ім ёсць чым напоўніць сумкі — маю на ўвазе дамашнія прадукты.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.