В Доме ремёсел открылись сразу две выставки: картины, игрушки, рушники

Культура

У аўторак тут адкрыліся дзве выставы — пастаўчанкі Марыны Юхневіч і майстроў Глыбоцкага Дома рамёстваў.

Выстава нашай зямлячкі, якая размясцілася ў вялікай зале «млына», называецца «Натхненне» і складаецца з некалькіх дзясяткаў жывапісных работ, выкананых у розных тэхніках алеем, аква­рэллю, пастэллю і акрылам. Іх аўтар прыйшла на вернісаж і з задавальненнем расказала прысутным пра сябе і сваю творчасць.

Па адукацыі Марына Юхневіч прафесійная мастачка. Цяга да малявання з’явілася ў яе яшчэ ў дзяцінстве. У 4 класе дзяўчынка, якая нарадзілася ў сям’і ваеннаслужачага і на той час жыла з бацькамі ў Эстоніі, у горадзе Тарту, сама пайшла ў мастацкую школу і папрасіла выкладчыкаў запі­саць яе. Нягледзячы на тое, што не ведала эстонскай мовы, на якой выкладаліся ўсе прадметы, вучылася з вялікім задавальненнем. Праз 2 гады сям’я пераехала ў Літву, і Марына прадоўжыла вучобу ў літоўскай мастацкай школе. Затым паступіла на мастацка-графічны факультэт Шаўляйскага педагагічнага інстытута. Але скончыць яго не паспела. Калі ў 1991 годзе ў Літве пачаліся ваенныя дзеянні, бацькі забралі дачку ў Мінск, дзе тая неўзабаве выйшла замуж і нарадзіла адна за адной чатырох дзяўчынак (усяго ў Юхневічаў іх пяць). Толькі калі старэйшыя дочкі крыху падраслі, шмат­дзетная маці змагла атрымаць дыплом. Давучвалася ў ВДУ імя П. М. Машэрава завочна.

Яшчэ да атрымання дыплома, маючы за плячыма 4 курсы інстытута, Марына Валянцінаўна пачала працаваць у адной з мінскіх агульнаадукацыйных школ настаўнікам чарчэння і рысавання. Потым настаўнічала ў Полацку. Пераехаўшы з мужам — ваенным урачом — у Паставы, уладкавалася ў школу-інтэрнат. Але душа прагла творчасці. І магчымасць заняцца ёю з’явілася ў 2020 годзе, калі пачаўся кавід.

— Седзячы дома, я знайшла ў інтэрнэце рэкламу анлайн-школы жывапісу алеем маладой мастачкі з Санкт-Пецярбурга Надзеі Ільіной, — расказвала Марына Юхневіч. — Звязалася з Надзеяй, і яна ўзяла мяне да сябе педагогам. Стала вучыць іншых — а сярод вучняў школы людзі самага рознага ўзросту з усяго свету — і шмат маляваць сама. Літаральна за 3 гады напісала каля 50 карцін. Большасць з іх вы бачыце на гэтай выставе.

Нацюрморты, пейзажы, абстрактныя і пленэрныя работы з элементамі гумару і фантазіі. Ёсць нават рэпліка на «Нараджэнне Венеры» С. Бацічэлі. Увагу прыцягваюць краявіды Пастаў і вялізная залатая рыбка. Але не буду расказваць пра ўсе карціны — іх трэба глядзець. Раю абавязкова заглянуць у «Стары млын».

Заслугоўвае ўвагі і выстава Глыбоцкага Дома рамёстваў, на якой прадстаўлены работы двух майстроў — метадыста па ткацтве Алены Міхайлоўскай і разьбяра па дрэве Віктара Дудкевіча. Экспазіцыя мае назву «У кожнай хатцы сваё ткацтва і свае цацкі». Цікава, што Алена Міхайлоўская пасля заканчэння прафесійнага каледжа ў Віцебску атрымала размеркаванне ў наш Дом рамёстваў і адпрацавала тут паўгода. Яна — ткачыха ў чацвёртым пакаленні, вырабляе габелены, абрусы, дарожкі, ручнікі, іншыя прадметы побыту і адзення. Віктар Дудкевіч таксама не ўпершыню ў «Старым млыне». Колькі гадоў назад выстаўляўся ў нас як мастак — жывапісец і графік. Цяпер прывёз цацкі: аўтарскія і рэканструкцыі старажытных. Яны будуць асабліва цікавыя дзецям. Таму прыходзьце на выставы ўсёй сям’ёй.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.