«За рулём кайфую!» — утверждает водитель автобуса Наталья Бейнер

Общество

Аднаго разу я праводзіла сяброўку на рэйсавы аўтобус на Віцебск, які адпраўляецца ў 4.00 з аўтавакзала. Чакаем пасадкі. Шпаркім крокам падыходзіць спартыўнага целаскладу жанчына і ветліва прапануе заняць месцы ў салоне маршруткі. Адзін з пасажыраў пытаецца ў яе: «А дзе вадзіцель?» «Гэта я», — адказвае з усмешкай.

У вялікіх гарадах жанчыны звычайна кіруюць тралейбусамі, а ўбачыць іх за рулём аўтобуса — рэдкасць. Кіраўніцтва ўчастка г. Паставы філіяла «Аўтатранспартнае прадпрыемства №16 г. Глыбокае» задаволенае, што тут працуе жанчына, на якую павінны раўняцца і некаторыя мужчыны.

Наталля Бейнер уладкавалася на аўтапрадпрыемства год таму. Як прызнаецца, прывяла яе сюды любоў да руху, тэхнікі. Нара­дзілася і расла ў Станілевічах. Да тэхнікі цягнулася з дзяцінства. Першым асвоіла матацыкл. Каталася на братавых — «Мінску», ІЖы. Калі вучылася ў старэйшых класах, каля вёскі працавалі дарожнікі. На КамАЗах яны вазілі з кар’ера пясок для падсыпкі дарогі на Асінагарадок. Дзяўчыне хацелася пакіраваць магутнай машынай. Некаторыя вадзіцелі дазвалялі — і тады Наталля проста кайфавала. Атрымаць вадзіцельскае пасведчанне было для яе мэтай. І Наталля яе дасягнула.

Жыццё прымусіла жанчыну зай­мацца шмат чым і загартавала, навучыла спраўляцца з многімі праблемамі і нежаночымі справамі. Асноўны занятак —вядзенне сялянскай фермерскай гаспадаркі. А пару гадоў таму на вочы трапіла аб’ява ў раённай газеце, што прыватнаму транспартнаму прадпрыемству патрабуецца вадзіцель аўтобуса. І Наталля, каб туды ўладкавацца, атрымала ў Полацку катэгорыю D. Праўда, пакуль вучылася, вакансію занялі. Ёй прапаноўвалі работу ў Полацкім турагенцтве. Але Наталля пайшла ва ўчастак г. Паставы АТП №16 г. Глыбокае.

— Першае пытанне, якое задаў дырэктар участка Сяргей Крыштафовіч: «Кім хочаце ў нас працаваць?» — расказвала. — З недаверам аднеслася і кіраўніцтва аўтапрадпрыемства ў Глыбокім. Я змагла пераканаць, што дарога мяне ніколі не палохала, тэхніку ведаю добра. На ўласным мікрааўтобусе скалясіла Расію, Украіну.

Салон яе маршруткі з густам аформлены, у ім заўсёды парадак. Вопыт дазваляе Наталлі ўпэўнена трымаць руль. Цяпер яна — любімы вадзіцель многіх пасажыраў. Ёсць такія, што тэлефануюць і цікавяцца, якім рэйсам будзе ехаць, і ў адпаведнасці з графікам плануюць сваю паездку.

— Наталля Мікалаеўна — вельмі адказная, добрасумленная, — характарызаваў вадзіцеля дырэктар участка Сяргей Крыштафовіч. — 7 сакавіка мы аднаўляем рэйс на Мінск з адпраўленнем з Пастаў у 12.00, з Мінска — у 16.40. Першай на яго выедзе Наталля Бейнер.

— Ад дарогі на Віцебск, Мінск, Маладзечна атрымліваю асалоду: люблю вялікія адлегласці, — гаварыла жанчына. — Людзі — самы каштоўны «груз». Я за іх у адказе. Таму заўсёды старанна рыхтуюся да выезду на лінію. Пасажыры трапляюцца розныя, і з кожным трэба захоўваць культуру зносін. Раблю ўсё, каб яны бяспечна і спакойна маглі дабрацца да пункта прызначэння. Самае прыемнае, калі пасажыры, асабліва мужчыны, выйшаўшы з аўтобуса, падыходзяць, паціскаюць руку, дзякуюць за камфортную паездку. Гэта падбадзёрвае і пацвярджае: мой выбар правільны.

Анна Анішкевіч



Tagged

1 комментарий по теме “«За рулём кайфую!» — утверждает водитель автобуса Наталья Бейнер

  1. Мы тобой очень гордимся !!! Очень очень любим !!! Ты наш пример , на которого мы должны равняться

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.