Специалисты «Ветразя» разработали программу реабилитации при остеоартрозе. Беседа с Павлом Качаном

Важное Здравоохранение

АДРАЦ «Ветразь» — установа, вядомая не толькі на Пастаўшчыне і Віцебшчыне. Ведаюць пра яго і ў іншых кутках Беларусі, а таксама за мяжой. Штогод сюды на санаторна-курортнае аздараўленне і рэабілітацыю прыязджаюць тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Прымае цэнтр і дарослых. Нядаўна яго спецыялісты распрацавалі праграму рэабілітацыі пры астэаартрозе. Пра яе і само захворванне гутарым з намеснікам галоўнага ўрача па лячэбнай рабоце Паўлам КАЧАНОМ.

— Павел Генрыхавіч, астэаартроз часта называюць хваробай цывілізацыі. Чаму?

— Таму што ад яго, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пакутуе кожны дзясяты жыхар планеты. ХХІ стагоддзе для медыцыны — гэта час прарываў у барацьбе з захворваннямі, якія раней лічыліся невылечнымі. Знізілася смяротнасць ад інфекцыйных захворванняў і траўм, інфарктаў і інсультаў, анкалагічныя захворванні больш не разглядаюцца як прысуд. Усё гэта прывяло да значнага павелічэння працягласці жыцця і, як следства, да з’яўлення так званых хвароб цывілізацыі.

— Што адбываецца пры астэаартрозе?

— Пры ім разбураюцца не толькі сустаўны храсток і костка пад храстком, але і навакольныя тканкі: капсула, сінавіяльная абалонка, звязкі, мышцы. Здаровы храсток забяспечвае слізганне сустаўных паверхняў і раўнамерна размяркоўвае нагрузку на костку. У норме яго таўшчыня — 2-3 мм. Абаронай для гэтай тонкай структуры з’яўляецца своеасаблівы мышачны карсет, які акружае сустаў. Напрыклад, калі чалавек скача, мышцы забіраюць негатыўную энергію ўдараў, змяншаючы нагрузку на храсток. Працэс распаду і сінтэзу храстковай тканкі ў норме збалансаваны. Пры артрозе распад пачынае пераважаць над сінтэзам, у выніку храсток не паспявае аднаўляцца і ўтвараюцца дэфекты, якія агаляюць костку. З-за змяненняў у суставе павялічваецца нагрузка на мышцы. У адказ яны скарачаюцца, і пацыент адчувае боль. Знаходзячыся доўгі час у стане спазму, мышца паступова атрафіруецца і перастае паўнацэнна ўтрымліваць сустаў. Парушаюцца таксама працэсы аднаўлення іншых структур сустава, што прыводзіць да дэфармацыі і абмежавання руху ў ім.

— Якая прычына развіцця астэаартрозу, і якія суставы ён часцей за ўсё пашкоджвае?

— Развіццё захворвання, як правіла, звязана з празмернай нагрузкай на сустаў. Яна можа ўзнікнуць пры цяжкай фізічнай рабоце або з-за празмернай масы цела. Часцей за ўсё астэаартроз пашкоджвае каленныя і тазасцегнавыя суставы, радзей — дробныя суставы кісцяў рук.

— Якое лячэнне вы прапануеце?

— Мы прымаем пацыентаў з астэаартрозам буйных суставаў канечнасцей і тых, каму праведзена іх эндапратэзаванне. Для кожнага падбіраецца індывідуальная праграма, якая ўключае ў сябе фізіятэрапеўтычныя працэдуры: агульную і мясцовую магнітатэрапію, жамчужныя ванны, падводны душ, ручны, шкляначны і апаратны масаж, парафінавыя і азакерытавыя аплікацыі, электрастымуляцыю мышцаў канечнасцей, лазера- і карбоксітэрапію — і заняткі з інструктарамі па лячэбнай фізкультуры з выкарыстаннем спецыяльных трэнажораў. Фізіятэрапія дазваляе расслабіць мышцы канечнасцей і спіны і зняць з іх напружанне, узмацніць крываток у суставе і тым самым палепшыць яго сілкаванне. Заняткі лячэбнай фізкультурай узмацняюць калясустаўныя мышцы і звязкі, стабілізуюць хворы сустаў. Па паказаннях праводзяцца ўнутрысустаўныя ін’екцыі прэпаратаў гіалуронавай кіслаты ў каленны сустаў.

Пацыентам, якія рыхтуюцца да эндапратэзавання тазасцегнавых і каленных суставаў, важна прайсці курс фізіялячэння і лячэбнай фізкультуры, накіраваны на ўмацаванне мышцаў канечнасцей і навучанне хадзьбе на мыліцах. Гэта дазволіць хутчэй устаць на ногі пасля аперацыі і вярнуць рухальную актыўнасць.

Гутарыла Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.