Выращиванием льна-долгунца занимается Поставский льнозавод. Он занимает 1450 га в нашем районе и 560 — в Браславском

Сельское хозяйство

Як я люблю, калі цвіце лён! Адразу ўспамінаецца бесклапотнае дзяцінства ў невялікай вёсачцы, вакол якой перыядычна сеялі гэту культуру. У канцы першага летняга месяца на льняныя палі, здавалася, апускалася блакітнае неба, якое мякка калыхалася ад павеваў лёгкага ветрыку. Мама працавала звеннявой па вырошчванні даўгунцу і расказвала, што сонечным днём кветкі льну раскрываюцца каля 6 гадзін раніцы, а к 10-11 ужо адцвітаюць.  Аднак, дзякуючы таму, што раслінак на полі мноства, назіраць за прыгажосцю можна каля двух тыдняў.

А далей пачыналася цяжкая работа. Як толькі насенныя каробачкі выспявалі, жанчыны ўручную рвалі лён з каранямі (не жалі сярпом, не касілі косамі), вязалі і састаўлялі ў «бабкі». Потым звозілі ў спецыяльнае памяшканне, сушылі, коннымі малацілкамі абмалочвалі льняное семя, а снапы зноў везлі на палеткі і рассцілалі тонкім слоем каранямі ў адзін бок, каб саломка намакала ад жнівеньскай расы і дажджу, а потым высыхала на сонцы — вылежвалася. Затым яе зноў падымалі, вязалі і везлі сартаваць. Толькі пасля роўныя снапы дастаўлялі на льнозавод.

Ільнокамбайны і іншая тэхніка часткова замянілі цяжкую ручную працу прыкладна пасля 1980 года. Тым не менш уборка паўночнага шоўку ніколі не абыходзілася без дапамогі гараджан. Палягчэла, калі з’явіліся ўспушвальнікі, прэс-падборшчыкі.

Выращиванием льна-долгунца занимается Поставский льнозавод. Он занимает 1450 га в нашем районе и 560 — в Браславском

Вырошчваннем даўгунцу займаецца Пастаўскі льнозавод. Гэта культура сёлета пасеяна на 1 450  гектарах у нашым раёне і на 560 — у Браслаўскім.

— Працэс вырошчвання лёну працаёмкі, — гаварыла дырэктар ільнозавода Алёна Юрынёнак. — Каб атрымаць канчатковы вынік, неабходна выканаць не менш за 10 відаў розных работ: сяўба, хімапрацоўка, унясенне ўдабрэнняў, церабленне, успушванне, прасаванне… А яшчэ трэба правільна падабраць землі, вытрымаць тэрміны — зрабіць усё па тэхналогіі. Лён — капрызная культура, патрабавальная да надвор’я. Нягледзячы на тое, што ў мінулым годзе яно не спрыяла росту даўгунцу, мы нарыхтавалі 3,5 тысячы тон трасты, забяспечылі трохзменную работу прадпрыемства.

Сёлета льнозавадчане таксама зрабілі ўсё згодна з тэхналогіяй. Хаця з-за празмерна дажджлівага надвор’я вясной не ўсе ўчасткі змаглі засеяць поўнасцю, вымачкі дасявалі пазней. На іх расліны пакуль крыху адстаюць у росце.

— Лён цягнем да неба як толькі можам, усё робім з дакладнасцю да грама і міліметра — працягвала Алёна Юрынёнак. — А дажджы праходзяць нераўнамерна. У асноўным лён нядрэнны, а там, дзе дажджоў было больш, — асабліва высокі і прыгожы. Разлічваем, што восенню атрымаем высокі працэнт доўгага валакна.

Дождж важны не толькі на стадыі росту, але і для вылежкі трасты. Важную ролю ў атрыманні якаснай прадукцыі адыгрываюць мадэрнізацыя і тэхнічнае пераабсталяванне прадпрыемства: летась тут запусцілі дзве высокатэхналагічныя лініі па выпуску доўгага валакна, у планах набыць лінію па вытворчасці катанізаванага.

Цяпер пара цвіцення льну. Праязджаючы ўздоўж блакітнага поля, не магу не спыніцца: сінія кветачкі лашчаць вока і радуюць сэрца.

Анна Анішкевіч
Фота Людмілы Зелянкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.