Да найстарэйшай жыхаркі завулка Ленінскага ў райцэнтры Раісы Іванаўны Мацук я ішла па ўспаміны пра ваеннае ліхалецце. А пачула і пра многія іншыя выпрабаванні, што выпалі на яе долю. Колькі ж гора можа вытрываць чалавек!
Раіса нарадзілася за год да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў мнагадзетнай вясковай сям’і на Браслаўшчыне. Яна — апошняе і самае позняе дзіця. Старэйшай дачцэ споўнілася 23 гады, і яна выходзіла замуж, а маці была цяжарная Раяй. Бацькі вельмі перажывалі, ці паспеюць выгадаваць малую, ці палюбяць яе старэйшыя браты і сёстры…
А ў 1941-м грымнула Вялікая Айчынная. Асобныя падзеі моцна ўрэзаліся ў дзіцячую памяць, пра многае Раіса ведае з расказаў сваіх бацькоў, сясцёр і братоў. Братоў было трое, усе змагаліся з ворагам у партызанскім атрадзе, а пасля вызвалення Беларусі — на фронце, потым служылі ў арміі.
— Да сённяшняга дня памятаю гул самалётаў, якія ляталі над нашай мясцовасцю і бамбілі яе, — успамінала жанчына. — Людзі хаваліся, хто дзе мог. Тата выкапаў у лесе зямлянку, але і там акупанты знайшлі нас. Перад тым дашчэнту спалілі нашу вёску Якшты, а Баравыя — разам з людзьмі. Усё гэта жахліва! Калі нас разам з жыхарамі іншых вёсак пагналі ў Відзы, ніхто не ведаў, што чакае наперадзе, многія ў думках развітваліся з жыццём. На ноч усіх пакінулі пад вартай на тэрыторыі рынку, а раніцай адных адабралі для адпраўкі ў Германію, у тым ліку і маю старэйшую сястру з мужам, іншых адпусцілі.
Куды было ісці, калі хаты спаленыя? Сталі разбрыдацца па ўцалелых вёсках, дзе бяздомным гаротнікам давалі прытулак не толькі сваякі, але і чужыя людзі. Іх сям’ю не ўзяў ніхто — партызанская! Усе баяліся расправы акупантаў. Падаліся ў Літву, там працавалі ў гаспадароў за сталаванне. Пасля вызвалення Беларусі вярнуліся ў родныя мясціны.
— Тата зноў выкапаў у лесе зямлянку, у ёй і жылі, — працягвала аповед мая суразмоўца. — Кожную ноч да зямлянкі падыходзілі ваўкі і вылі. Ад гэтага станавілася жудасна. Не было ежы. Збіралі асаку, тата нейкім чынам яе здрабняў, мама пякла аладкі. Але іх нават праглынуць было цяжка. Вясной падбіралі на палях мерзлую бульбу і з яе рабілі аладкі. Пагаладалі нямала. Палягчэла толькі тады, калі былыя партызаны далі нам карову, а тата раздабыў у суседніх вёсках крыху зерня і бульбы на сяўбу. Вярнуліся з лесу на папялішча ў Якшты. Тата зладзіў невялічкі домік. Узвёў яго пад магутным дубам, каб быў непрыкметным для лётчыкаў: яшчэ жыў страх пасля бамбардзіровак.
Калі Раіса падрасла, яна вывучылася за швачку, пасля асвоіла прафесію будаўніка. Выйшла замуж у Баравыя. У сям’і ўжо былі дзве дачушкі, і яна насіла пад сэрцам трэцяе дзіця, калі аднойчы ў сваёй жа вёсцы прапаў яе муж. Толькі праз паўгода знайшлі яго цела ў рацэ. Раіса перакананая, што Віктара забілі і ўкінулі ў раку. Але гэта не даказана.
Стрэс ад гібелі мужа адбіўся на цяжарнасці: хлопчык нарадзіўся сямімесячным і вельмі слабым. Медыкі ратавалі і дзіця, і парадзіху. Прапаноўвалі пакінуць немаўля ў бальніцы, спасылаючыся на тое, што цяжка будзе падымаць на ногі траіх дзяцей. Не згадзілася! Як гэта пакінуць на чужыя рукі працяг свайго загінулага мужа?! Яго імем і назвала сыночка.
Калі дзеці былі малыя, сястра з мужам, якія жылі ў Паставах, прапанавалі Раісе перабрацца сюды, каб мець большыя магчымасці для працы і вучобы. З дапамогай радні яна купіла ў Паставах паўдоміка, а з цягам часу і новы дом пабудавалі. Але і года не пражылі ў ім, як дом згарэў. У той дзень Раіса з дзецьмі паехалі ў лес у ягады, а вярнуліся на пажарышча.
Уся вялікая радня дапамагала пагарэльцам адбудоўваць жыллё. Працавалі і яе дзеці-школьнікі: тынкавалі сцены, клеілі шпалеры, падбівалі столь, сцялілі падлогу, устаўлялі вокны. А вось з самой гаспадыні работнік быў слабы: яна стала задыхацца ад астмы. Не злічыць, колькі разоў хуткая дапамога ратавала Раісу ад прыступаў. Ляжала ў бальніцы, але беспаспяхова. І толькі калі трапіла ў адну з маскоўскіх клінік, а пасля прадоўжыла лячэнне ў ялцінскім санаторыі, цяжкую хваробу ўтаймавалі. Але гора працягвала праследаваць жанчыну. Наступны ўдар лёсу быў яшчэ больш жорсткім — утапіўся сын Віктар. Яму было ўсяго 35.
— Нават ворагу не пажадаю перажыць столькі гора, колькі яго зведала я, — гаварыла Раіса Мацук. — Але ёсць у маім жыцці і шчасце. Найперш яно ў дзецях, унуках і праўнуках. Унукаў маю пяцёра, праўнукаў — дзесяць. І ад іх, і ад дзяцей атрымліваю ўвагу. А з малодшай дачкой Наташай жывём у адным доме, толькі ў розных палавінах. Яна найбольш клапоціцца пра мяне. Лепшага жыцця, чым у мяне цяпер, і жадаць не трэба. Адно сумна, што гады збягаюць, а хвароб прыбаўляецца. Стараюся не паддавацца ім.
— А хто у вас іграе? — пытаюся ў гаспадыні, звярнуўшы ўвагу на гармонік.
— У нашым родзе ўсе музыкальныя, — адказала жанчына. — На розных інструментах ігралі мае браты і сёстры, іграюць дзеці і ўнукі. Гэты гармонік застаўся ад сына, і я стала вучыцца граць на ім, выйшаўшы на пенсію. Люблю спяваць, дзесяць гадоў удзельнічала ў хоры ветэранаў.
Прашу гаспадыню ўзяць інструмент у рукі, і яна расцягвае мяхі гармоніка і спявае песню ўласнага сачынення. У ёй — пра перажытае, пра дзяцей і ўнукаў, пра веру і надзею. Жанчына прызнаецца: «Калі падступае маркота, адганяю яе музыкай. Асабліва люблю песні сваёй маладосці, з цяперашніх — толькі задушэўныя».
Таксама яна любіць рукадзельнічаць — нездарма ж дзяўчынай навучылася шыццю. Ніводную спісаную з ужытку рэч, якія належалі дочкам, унукам, праўнукам, не выкіне на сметнік, а дасць ёй другое жыццё. З вырабленых майстрыхай дываноў, посцілак на ложак, накідак на крэслы, палавічкоў, сумак, хатніх тапак можна стварыць цэлую выставу. А з сюжэту жыцця Раісы Іванаўны — захапляльны кінасерыял, які па насычанасці і драматычнасці перасягнуў бы многія, што мы бачым сёння на тэлеэкранах.
Фаіна Касаткіна
Фота з архіва сям’і Мацук

