Запісацца на прыём да ўрача, у райвыканкам і іншыя дзяржустановы, выклікаць аварыйную брыгаду, даведацца рэжым работы магазіна або спартыўнага аб’екта, запланаваць візіт у цырульню або на СТА, забраніраваць столік у кафэ і рэстаране, унесці прапановы па паляпшэнні гарадской інфраструктуры — усё гэта дазваляе зрабіць мабільны дадатак «Мой горад», які цяпер працуе ў Паставах. З ім вы будзеце атрымліваць інфармацыю пра галоўныя падзеі горада, афішу культурных і спартыўных мерапрыемстваў.
«Мой горад» акумулюе самыя папулярныя паслугі для канкрэтнага рэгіёна краіны. З яго дапамогай гараджане атрымліваюць просты і зручны доступ да ўсёй інфраструктуры свайго населенага пункта: гарадской або раённай адміністрацыі, устаноў адукацыі і аховы здароўя, аб’ектаў гандлю, культуры і адпачынку. Унікальнасць праекта заключаецца ў канцэпцыі: шмат магчымасцей у адным дадатку. Ініцыятыва па яго стварэнні распрацавана ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Лічбавае развіццё Беларусі» і накіравана на павышэнне камфорту і якасці жыцця гараджан. А рэалізаваў яе РУП «Белтэлекам».
Праект быў запушчаны ў лютым 2021 года ў Полацку, які стаў стартавай пляцоўкай для яго тэсціравання і рэалізацыі. Сёння ён ахоплівае каля сотні гарадоў па ўсёй Беларусі, у ліку якіх нашы Паставы.
У нас мабільны дадатак запрацаваў паўгода назад, і ў яго напаўненні прынялі ўдзел розныя суб’екты гаспадарання горада і раёна. Для зручнасці карыстальнікаў на платформе яны аднесеныя да пэўных катэгорый (усяго іх 21) у залежнасці ад відаў дзейнасці: адміністрацыя горада, бальніцы, установы адукацыі, транспарт, сувязь, установы культуры, СМІ і рэклама і інш. Кожны суб’ект мае персанальную старонку, дзе размяшчае свае кантакты (юрыдычны і электронны адрас, нумары тэлефонаў), рэжым работы, расказвае пра тавары і паслугі, паведамляе пра вакансіі, акцыі і скідкі. На галоўнай старонцы дадатку размешчана інфармацыя пра самыя важныя падзеі ў жыцці горада і важныя навіны, такія як маючыя адбыцца адключэнне вады ці планавыя рамонтныя работы.
Каб карыстацца дадаткам, дастаткова спампаваць яго на свой мабільны тэлефон або планшэт у AppStore ці GooglePlay. Пры гэтым аўтарызавацца неабавязкова.
— Дадатак будзе карысны пастаўчанам ужо тым, што ў ім можна знайсці нумары тэлефонаў практычна любой арганізацыі ці ўстановы горада, — гаварыў спецыяліст па продажы Пастаўскага ўчастка электрасувязі Аляксандр Зубко. — Зараз у раёне ідзе масавая замена нумароў, і тыя, што ёсць у тэлефонных даведніках, несапраўдныя. Выпускаць новы даведнік не мае сэнсу: ён хутка страціць сваю актуальнасць. А ў «Маім горадзе» ўсе арганізацыі будуць з актуальнымі нумарамі тэлефонаў.
Алена Шапавалава

