18 лістапада ў Зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася ўрачыстая цырымонія ўшаноўвання студэнтаў і навучэнцаў — лаўрэатаў стыпендыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Сярод тых, хто атрымаў прафсаюзны грант, — выпускніца пастаўскай СШ №4 імя В. Ф. Франтова, а зараз трэцякурсніца філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя М. Танка Юлія Шылько.
Прафсаюзным лідарам наша зямлячка з’яўляецца трэці год. На першым курсе актыўную дзяўчыну, якая дапамагала праводзіць універсітэцкія мерапрыемствы, выбралі старшынёй прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў філфака. А з гэтага навучальнага года яна заняла пасаду намесніка старшыні пярвічнай прафарганізацыі студэнтаў ВДПУ. Займаецца засяленнем студэнтаў у інтэрнат, іх матэрыяльным заахвочваннем і аказаннем матэрыяльнай дапамогі, іншымі пытаннямі. Штодзень пасля заканчэння лекцый спяшаецца ў прафкам, дзе знаходзіцца да пяці-шасці гадзін вечара.
— Яшчэ ў школе я любіла ва ўсім удзельнічаць, — расказвала Юлія. — Была сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ, членам Маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў. Таму, калі кіраўніцтва факультэта прапанавала ўзначаліць студэнцкі прафкам, не раздумваючы, згадзілася. І не шкадую пра гэта, нягледзячы на тое, што сумяшчаць грамадскую дзейнасць з вучобай няпроста. Займаючыся прафсаюзнай работай, я даведваюся нешта новае, знаёмлюся з новымі людзьмі. Старшыня пярвічкі ўніверсітэта пастаянна арганізуе экскурсіі па Беларусі, і мы шмат дзе пабывалі. Таксама на нашым факультэце ёсць два валанцёрскія клубы, членам якіх з’яўляюся. А летась сама арганізавала клуб «Хвосцікі», разам з іншымі валанцёрамі дапамагаю бяздомным катам і сабакам аднаго з мінскіх прытулкаў.
Юлія — будучы настаўнік рускай і англійскай моў. Кажа, быць ім хацела з дзяцінства, таму свядома паступіла ў педуніверсітэт. Вучыцца па выбранай спецыяльнасці падабаецца. Але калі б студэнцкае жыццё складалася толькі з лекцый і падрыхтоўкі да заняткаў, яно не было б такім цікавым. Актыўная грамадская дзейнасць надае яркіх фарбаў і зусім не перашкаджае вучобе: сярэдні бал паспяховасці пастаўчанкі — 8,5.
Навіна пра тое, што яе вылучылі на атрыманне прафсаюзнай стыпендыі, стала для дзяўчыны нечаканай.
— Я вельмі хвалявалася, — прызналася Юлія. — Ужо за некалькі дзён да ўзнагароджання ўяўляла, як гэта будзе. А калі знаходзілася ў музеі Вялікай Айчыннай вайны і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўручаў мне кветкі, пасведчанне аб назначэнні стыпендыі і нагрудны знак «Лаўрэат стыпендыі ФПБ», эмоцыі проста перапаўнялі! Было і хвалююча, і прыемна адначасова. Цяпер трэба выконваць сваю работу яшчэ лепш, каб быць годнай узнагароды.
Алена Шапавалава
Фота з сайта ФПБ

