З 13 па 17 студзеня на базе ўстаноў адукацыі Віцебска, Оршы, Полацка і Лужасна праходзіў трэці (абласны) этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Наш раён на ім прадстаўлялі 42 навучэнцы 8—11 класаў з усіх сярэдніх школ (за выключэннем Лынтупскай і Камайскай СШ), якія змагаліся за званне найлепшых па 12 дысцыплінах. У выніку заваявалі 10 дыпломаў, два з іх — І ступені, тры — ІІ ступені і пяць — ІІІ ступені.
Па традыцыі найбольш узнагарод атрымана па беларускай мове і літаратуры. Тут у нас два дыпломы І ступені, уладальнікамі якіх сталі 11-класніца СШ №1 Вікторыя Зелянкевіч і 8-класнік СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Максім Пачко. Іх падрыхтоўкай да алімпіяды займаліся педагогі Галіна Іжмайловіч і Людміла Несцяронак. Яшчэ адна навучэнка Галіны Гжаславаўны і аднакласніца Вікторыі Зелянкевіч — Анастасія Райчонак — удастоена дыплома ІІ ступені. А 10-класніца Пастаўскай гімназіі Мілана Мажэйка, чыім педагогам з’яўляецца Ніна Субач, адзначана дыпломам ІІІ ступені.
Сёлетнія выпускніцы першай гарадской школы Маргарыта Януш і Яна Арэхава прывезлі з абласнога спаборніцтва дыпломы ІІ ступені па астраноміі і фізічнай культуры і здароўі. У гэтым немалая заслуга настаўнікаў Жанны Вайцяховіч і Мікалая Бузанава.
11-класнікі Варапаеўскай СШ Вікторыя Германовіч і пастаўскай СШ №3 Даніла Татыржа заваявалі дыпломы ІІІ ступені па гісторыі (настаўнікі — Лілія Брэская і Наталля Пабядзінская). Аналагічныя ўзнагароды па геаграфіі і працоўным навучанні ў іх равеснікаў Юрыя Брагіна з варапаеўскай школы (настаўнік — Аляксандр Гарны) і Дзмітрыя Казловіча з Дунілавіцкай СШ (настаўнік — Валерый Гірын).
Віншуем прызёраў і педагогаў, якія іх падрыхтавалі, і жадаем ім новых перамог!
Алена Шапавалава

