Чэмпіянат Беларусі па валейболе. «ДЮСШ-Шахцёр» (Салігорск)–«Атлант» (Паставы)

Спорт и туризм

Насуперак цяжкасцям

«ДЮСШ-Шахцёр» (Салігорск)–«Атлант» (Паставы) – 2:3

1 дзень. 2:3 (25:20; 25:21; 22:25; 19:25; 7:15)

Перад выездам у Салігорск у склад юніёрскай зборнай Беларусі (U-18) выклікалі цэнтральнага блакіруючага пастаўчан Артура Морхата. Пасля вучэбна-трэніровачнага збору ў сталіцы ён будзе абараняць гонар нашай краіны адразу на двух міжнародных турнірах. Такія абставіны яшчэ больш ускладнілі кадравыя праблемы нашай каманды, бо з розных прычын адсутнічала яшчэ 6 вядучых валейбалістаў. У Салігорск «Атлант» прывёз усяго 9 ігракоў. На пляцоўку зноў прыйшлося выйсці галоўнаму трэнеру, кандыдату ў майстры спорту Аляксею Лабуцю.

Усяго тры месяцы назад сапернікі правялі паміж сабой два напружаныя паядынкі ў Паставах. Тады двойчы нечакана поспеху дабіліся дублёры найлепшага клуба краіны. Яны маглі вызначыцца і ў трэці раз, бо лепш за пастаўчан правялі канцоўкі двух стартавых сэтаў. Да гонару нашых ігракоў, у складаным становішчы яны не разгубіліся, загулялі з поўнай самааддачай. Старшы трэнер Павел Вавінскі зрабіў шэраг тактычных перастановак па пазіцыях, і паступова «Атлант» стаў дамінаваць. Ролю лідара нашай каманды ўзяў на сябе 24-гадовы нападаючы Ягор Дашкевіч. Ён згуляў бездакорна і правёў найбольш выніковых камбінацый. Яго напор падтрымалі астатнія партнёры.

Пераломнай у гульні стала трэцяя партыя. Пастаўчане яе выйгралі, займелі ўжо не толькі псіхалагічную, але і гульнявую перавагу. У скарочаным заключным сэце стрымаць «Атлант» было ўжо немагчыма. Важнай валявой перамогі дабіліся Мацкевіч, Пятрэвіч, Скаромнік, Сімагасціцкі, Дашкевіч, Лабуць, Канаш і капітан Зарэцкі на пазіцыі лібера.

У паралельным матчы ў Мінску наш наступны сапернік — РДВАР-2009 — прайграў лідару першынства 1-й лігі — «Барысаву-БДУФК-2» з лікам 0:3 (20:25; 12:25; 22:25).

Чэмпіянат Беларусі па валейболе. «ДЮСШ-Шахцёр» (Салігорск)–«Атлант» (Паставы)

На фоне стомленасці

«ДЮСШ-Шахцёр» (Салігорск)–«Атлант» (Паставы) – 3:0

2 дзень. 3:0 (25:21; 25:18; 25:19)

Паўторная сустрэча для пастаўчан стала яшчэ больш складанай. Па сутнасці, у іх не было лаўкі запасных у адрозненне ад саперніка. У першай партыі нашы змагаліся на роўных. Аднак фактар стомленасці даваў пра сябе ведаць. Салігарчане ў канцоўцы сэта выйшлі наперад.

У наступнай партыі «ДЮСШ-Шахцёр» прыбавіў ва ўсіх кампанентах гульні. «Атлант» адстаў і саступіў у паўторным матчы. Але задачу-мінімум на выездзе ён выканаў: дабіўся поспеху ў першы дзень.

Лідарам папярэдняга раўнда з 24 ачкамі засталіся барысаўчане пасля паўторнай выязной перамогі з лікам 3:0 над мінчанамі. На наступных месцах размяшчаюцца «ДЮСШ-Шахцёр» (19 ачкоў), «Газавік-Гомель» (15), «Атлант» (11), РДВАР-2009 (3).

У сярэдзіне лютага нашы правядуць чарговыя матчы ў сталіцы.

Уладзімір Шык
Фота з адкрытых крыніц



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.