За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, дабрыню і міласэрнасць да пацыентаў, грамадскую актыўнасць медыцынская сястра II катэгорыі Дунілавіцкага сацыяльнага пансіяната «Троіцкі» Марыя Мажэйка ў ліку маладых работнікаў сацыяльнай службы была заахвочана паездкай у Палац Незалежнасці.
— Пабываць у такім знакавым месцы, якое сімвалізуе суверэнную Беларусь, для мяне вялікі гонар, — гаварыла Марыя. — Знаёмства з ключавой пляцоўкай краіны, дзе прымаюцца найважнейшыя дзяржаўныя рашэнні, стане адной з найбольш запамінальных падзей у маім жыцці. Раней рэзідэнцыю Прэзідэнта Беларусі бачыла толькі па тэлевізары. І тут такі шыкоўны падарунак к прафесійнаму святу! Эмоцыі зашкальваюць! Палац уразіў сваёй веліччу, людзі, якія былі разам са мной, — мужнасцю, аптымізмам. Напрыклад, маладая мастачка з Гродзенскай вобласці намалявала Палац нагамі, бо рукамі не можа, і перадала карціну Прэзідэнту. Яна падзякавала за тое, што пры падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі ў нашай краіне людзі з асаблівасцямі развіцця не пакінутыя на волю лёсу. Мяркую пра гэта і па нашым пансіянаце. Яго гісторыя бярэ свой пачатак з далёкага 1957 года. Тады ён размяшчаўся ў прыстасаваных памяшканнях. У 2013 годзе ўзведзены сучасны трохпавярховы корпус. У ім для пастаяльцаў створаны ўсе ўмовы для пражывання, заняткаў у гуртках. У нашым калектыве працуе нямала маладых, і мы ўдзячныя кіраўніку дзяржавы за падтрымку моладзі, магчымасць развівацца. Навацыйныя ідэі ў сферы сацыяльнай абароны заўсёды падтрымлівае міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.
Марыя Мажэйка выбрала для сябе адну з высакародных прафесій — медыцынскай сястры. Скончыла Віцебскі дзяржаўны медкаледж і прыйшла на работу ў Дунілавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Работа з людзьмі, якiя з-за псіхічных адхіленняў поўнасцю або часткова страцілі здольнасць да самаабслугоўвання, нялёгкая. Такія пацыенты нібы вялікаўзроставыя дзеці, да кожнага патрэбны індывідуальны падыход. Медсястра прыносіць ім лекі, назначаныя ўрачом, выконвае неабходныя працэдуры, арганізуе іх жыццё згодна з распарадкам дня. Работу дзяўчына сумяшчае з вучобай у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры па спецыяльнасці «Фізічная рэабілітацыя і эргатэрапія». У будучым яна зможа прымяняць навацыйныя метады лячэння для пастаяльцаў пансіяната.
Марыя актыўная ў грамадскім жыцці: яна член маладзёжнага штаба пры камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, сакратар прафкамітэта і член пярвічнай арганізацыі БРСМ пансіяната.
— Экскурсія па Палацы была пазнавальнай: мы даведаліся пра гісторыю яго стварэння, кожную залу асобна, прайшліся па іх. Цікава было слухаць прэс-сакратара Прэзідэнта Беларусі Наталлю Эйсмант. Адным словам, наведванне гэтага гістарычнага месца выклікала, як цяпер модна казаць, вау-эфект, — рэзюмавала дзяўчына.
Анна Анішкевіч
Фота даслала Іна Паўловіч

