Напрыканцы мінулага года прайшоў 118-ы Віцебскі адкрыты асабіста-камандны тэмпа-турнір, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова. Арганізатарамі спаборніцтваў выступіў Віцебскі абласны савет Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў сумесна з ДФСК «Віцебск».
Сярод удзельнікаў турніру было 13 шахматыстаў з рэйтынгам, вышэйшым за 2 000 балаў. Спаборніцтвы былі праведзены ў 9 тураў з кантролем часу 5 хвілін кожнаму ўдзельніку плюс 3 секунды за кожны зроблены ход.
У галоўным турніры перамогу святкаваў віцебскі школьнік Дзяніс Кот, які набраў 8 ачкоў з 9 магчымых. На паўачка менш у яшчэ аднаго прадстаўніка паўночнай сталіцы — Андрэя Малевіча. 7 заліковых балаў у Мікіты Навуменкі (Орша), і гэта трэці вынік. Усе прызёры маюць нарматыў кандыдата ў майстры спорту Рэспублікі Беларусь.
Наш раён на гульнях прадстаўлялі Станіслаў Цыбульскі (Пастаўскі малочны завод) і ветэран шахмат Авенір Чырванец. Удзельнічалі яны ў намінацыі «Сельскія шахматысты».
У стартавы пратакол было занесена 11 прозвішчаў з Пастаўскага, Віцебскага, Полацкага, Шумілінскага і Верхнядзвінскага раёнаў. Тут ганаровае 1-е месца заняў наш Станіслаў Цыбульскі, які набраў 4,5 ачка і апярэдзіў па дадатковых паказчыках Міхаіла Прыгожага з Шумілінскага раёна.
Тройку прызёраў замкнуў Іван Урбановіч з Верхнядзвінска. Такі ж вынік паказаў і Авенір Чырванец, але ў яго аказаўся горшым каэфіцыент. Нягледзячы на гэту акалічнасць, 4-е месца — годны вынік гульні нашага найвопытнейшага ветэрана.
Партызанскі псеўданім М. Шмырова – Бацька Мінай. З красавіка 1942 года з’яўляўся камандзірам 1-й Беларускай партызанскай брыгады. Пры яго непасрэдным удзеле былі створаны «Суражскія вароты». Мае званне «Ганаровы грамадзянін горада Віцебска».
Юрый Катовіч

