«Вельмі сціплыя кветачкі», — напэўна, падумаеце вы, убачыўшы гэтыя браткі і маргарыткі. І я пагаджуся з вамі, толькі зазначу, што сфатаграфавала іх учора ў двары дома недалёка ад рэдакцыі. Кволыя, нешматлікія, але цвітуць напрыканцы студзеня!
Ну хіба не вясна ў прыродзе? Метэаролаг Лынтупскай метэастанцыі Лілія Антаневіч расказала:
— Сярэднямесячная тэмпература снежня на 3 градусы перавысіла кліматычную норму мінус 2,6. Найцяплей было 13 снежня (+8,6) і 19-га — +7,9. Яшчэ большае перавышэнне — на 4 градусы — было ў першай і другой дэкадах студзеня. Цёплым абяцае быць і люты.
Радавацца ці засмучацца такой анамальнасці? А гэта як каму. Цёплая бясснежная зіма на руку дарожнікам і камунальнікам, вадзіцелям. Пешаходам не пагражаюць галалёдныя траўмы. Цяплей жывёле на фермах. Але ж ёсць і мінусы. Асабліва расчараваныя аматары зімовай рыбалкі і катання на лыжах, каньках.
Найбольшым выпрабаваннем тэмпературная анамалія пагражае прыродзе. Начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Андрэева адзначыла, што азімыя пасевы пакуль у добрым стане і, калі ў лютым не будзе маразоў, можна разлічваць на іх ураджай. А вось рапсу вельмі шкодзіць халодная, насычаная вільгаццю глеба.
А мы засумавалі не толькі па снезе і лёгкім марозіку, але і па сонцы. Але ж яно павінна выглянуць! Значыць, усё бліжэй да вясны сапраўднай.
Фаіна Касаткіна


