У Мінску з 12 па 16 сакавіка праходзіла міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, якая сабрала на сваіх пляцоўках выдаўцоў, пісьменнікаў, чытачоў. На ёй друкаваную прадукцыю прадставілі звыш 20 краін на больш чым 500 павільённых стэндах.
Па запрашэнні Саюза пісьменнікаў Беларусі мне выпала магчымасць у складзе дэлегацыі Віцебскага абласнога аддзялення СПБ наведаць гэту выставу і паўдзельнічаць у некаторых мерапрыемствах.
Цэнтральная частка форуму была адведзена дзяржавам — удзельніцам ЕАЭС, там жа размяшчалася галоўная сцэна-пляцоўка для прэзентацый і стэнды з відэахронікай пра Беларусь, матэрыяламі, прысвечанымі 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, значныя выданні нашай краіны, у тым ліку дэманстрацыя кнігі «Наш Прэзідэнт». Вялікі сектар на ўваходзе ў экспацэнтр займалі кнігі розных выдавецтваў Расіі, побач — экспазіцыі Кітая, Ірана, КНДР, Таджыкістана, ААЭ і іншых краін. Кожая дзяржава, кожнае выдавецтва імкнуліся чым-небудзь зацікавіць наведвальнікаў, праводзілі розныя інтэрактыўныя імпрэзы.
Цікавымі былі прэзентацыя Палесціны, дзе частавалі моцнай арабскай кавай з рознымі прысмакамі, і выстава Ірана, дзе дэманстраваліся фаліянты з незвычайна прыгожымі малюнкамі сучасных мастакоў гэтай краіны. Вельмі каларытна выглядалі павільёны Узбекістана, Кыргызстана, Туркменістана, дзе выданні прэзентавалі маладыя людзі ў яркіх нацыянальных строях. Многія наведвальнікі, асабліва школьнікі, імкнуліся з імі сфатаграфавацца. На стэндах некаторых усходніх краін актыўна рэкламавалі дзясяткі найменняў дыхтоўна аформленых кніг пра прарока Мухамеда, і яго павучэнні раздаваліся дарма ўсім, хто выказаў хоць невялікую зацікаўленасць.
Асобныя сектары выставачнага комплексу былі адведзены абласцям Беларусі, найбуйнейшым дзяржаўным і прыватным выдавецтвам, арганізацыям і магазінам («Белкніга», «Акадэмкніга»), выдавецтвам сістэмы адукацыі, вышэйшым навучальным установам. Прычым ВНУ дэманстравалі не толькі друкаваныя выданні, але і навуковыя распрацоўкі. Так, вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікаў сабака-робат, які хадзіў па выставе і, вітаючыся, падаваў сваю металічную лапу.
Некалькі збянтэжыла тое, што на кірмашы прапаноўвалася даволі многа містычнага чытва, прадавалася шмат абярэгаў, а ў некаторых кропках настойліва раілі расчытаць кармічную аўру чалавека.
Мне давялося паўдзельнічаць у круглым стале па пытаннях выдання сацыяльна значнай літаратуры, які праводзілі прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі, культуры і адукацыі, а таксама выступіць на галоўнай сцэне падчас прэзентацыі творчых набыткаў пісьменнікаў Віцебскай вобласці. У выступленні я распавёў пра свае апошнія кнігі «100 адметных мясцін Пастаўшчыны», «Бровар», «Цагельня», «Манькавічы ў плыні часу», «Рыбалка ў стылі «Сюр», «Рубаі беларускія», прачытаў некалькі ўласных вершаў.
На працягу дня адбылося шмат сустрэч з пісьменнікамі і выдаўцамі, завязаліся новыя знаёмствы. Так, пасля прэзентацыі кніг краязнаўца з Невеля Генадзія Сініцкага падказаў яму, што на Пскоўшчыне некаторы час жыў і вучыўся наш паэт і празаік Уладзімір Дубоўка, пра якога той і не чуў. Аднак праз два дні Генадзь прыслаў першыя матэрыялы, якія ён адшукаў пра побыт Дубоўкі ў тым горадзе. І гэта толькі пачатак.
Кніжны форум надаў шмат станоўчых эмоцый і аптымізму. Выставу наведала вельмі многа людзей, і амаль ніхто не пакінуў яе без кніг. З гэтага вынікае, што ў цяперашні электронна-мабільны час друкаваныя выданні ўсё ж застаюцца важнай сферай духоўнага жыцця нашых сучаснікаў.
Ігар Пракаповіч, Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі





