У Камайскай сярэдняй школе адбылося выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. Яно прайшло ў расшыраным фармаце. Былі запрошаны не толькі законныя прадстаўнікі і падлеткі, па якіх у камісію паступілі матэрыялы ад суб’ектаў прафілактыкі, але і вучні 5-6 класаў і іх бацькі. Менавіта ў гэтым узросце, пры пераходзе з пачатковай школы ў сярэдняе звяно, дзеці патрабуюць асабістага кантролю з боку як бацькоў, так і педагогаў. Гэта нельга недаацэньваць. Адным з галоўных пытанняў, вынесеных на парадак дня, было аб асаблівасцях узаемадзеяння законных прадстаўнікоў і ўстановы адукацыі па пытаннях выхавання законапаслухмяных дзяцей.
Размова вялася сур’ёзная і прадметная, абмеркаваць было што. Прывяду такі факт: вучань 6 класа К. учыніў бойку з аднакласнікамі на ўроку. У камайскую школу ён залічаны з верасня мінулага года, а да гэтага з’яўляўся навучэнцам адной з пастаўскіх школ. Дома і ў школе створаны ўсе ўмовы для паспяховай вучобы, але хлопчык лянуецца, а ў дадатак да гэтага невыносна паводзіць сябе.
Ва ўсіх навучальных установах перыядычна выступаюць прадстаўнікі міліцыі, пракуратуры, камісіі па справах непаўналетніх, тлумачаць, як трэба сябе паводзіць, якія меры адказнасці прымяняюцца да парушальнікаў правапарадку. Праводзіліся такія гутаркі і ў Камайскай СШ, аднак не ўсе засвоілі пачутае. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч нагадала пра тое, што непаўналетнія парушальнікі заканадаўства ўжо з 11-гадовага ўзросту рашэннем суда могуць быць змешчаны на тэрмін да 2 гадоў у спецыяльную ўстанову закрытага тыпу. Ні адно супрацьпраўнае здарэнне, якое ўчыняюць навучэнцы школ або каледжа, не павінна замоўчвацца. Бацькі абавязаны пастаянна быць на сувязі з педагогамі, адэкватна рэагаваць на заўвагі ў адрас іх дзяцей, сумесна шукаць шляхі вырашэння той ці іншай праблемы.
Хачу спыніцца яшчэ на адным пытанні, якое абмяркоўвалася на выязным пасяджэнні. Адміністрацыя Пастаўскага дзяржаўнага каледжа хадайнічала перад камісіяй аб датэрміновым спыненні адукацыйных адносін з былым вучнем Камайскай СШ, а з верасня мінулага года — навучэнцам каледжа, непаўналетнім Ж. Падлетак не праяўляе цікавасці да вучобы, сістэматычна прапускае заняткі, у яго сярэдні бал па прадметах — 3,75. Прычына гэтага банальная: ён марыў стаць калі не механікам, то хаця б трактарыстам, але па прахадным бале змог паступіць у каледж толькі на спецыяльнасці «Прадавец» і «Кандытар». Яны яго зусім не прывабілі, таму і не было жадання вучыцца. А навошта такі баласт каледжу?
Гісторыя Ж. — яскравы прыклад таго, як старанна трэба вучыцца дзецям у школе, каб атрымаць трывалыя веды і вышэйшы бал у пасведчанні аб заканчэнні 9 класаў ці атэстаце аб сярэдняй адукацыі. Толькі гэта дасць ім магчымасць паступіць вучыцца па тых спецыяльнасцях, якія цікавяць, а не па тых, дзе найніжэйшы прахадны бал. Пазіцыя «абы паступіць» нікому не прыносіць карысці.
Пасля азнаямлення з хадайніцтвам каледжа і з характарыстыкай навучэнца, заслухоўвання тлумачэнняў падлетка і яго маці камісія прыняла рашэнне дазволіць датэрміновае спыненне адукацыйных адносін паміж каледжам і навучэнцам.
І адразу ж узнікла пытанне: а чым зараз будзе займацца 16-гадовы юнак, якога маці выхоўвае адна? Яно таксама абмеркавана. Адзін з магчымых варыянтаў — курсы, на якіх рыхтуюць розных спецыялістаў. Але і на іх трапіць не так проста.
На выязным пасяджэнні разгледжаны і шэраг іншых актуальных пытанняў, у тым ліку па кібербяспецы непаўналетніх.
Фаіна Касаткіна

