Інвестыцыі ў будучыню — так ахарактарызаваў удзел у акцыі «Дай лесу новае жыццё!» старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Кісялёў.
На ўчастку лесу ў 2,5 гектара за вёскай Мядзелкай Варапаеўскага сельсавета ў мінулым годзе работнікі мясцовага лясніцтва выявілі дрэвы, пашкоджаныя караедам. Рашэннем кіраўніцтва лясгаса елкі, якія тут раслі, выразалі і падрыхтавалі плошчу пад малады лес. У чацвер сюды прыехалі члены дэпутацкага корпусу раёна са сваім лідарам Юрыем Кісялёвым, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў БРСМ і Беларускі саюз жанчын на чале з Анастасіяй Пятровай і Наталляй Седзюкевіч, члены Маладзёжнай палаты пры райсавеце дэпутатаў разам з яе старшынёй Юліяй Касцюк. Перад тым як распачаць пасадку, памочнік ляснічага Варапаеўскага лясніцтва Аляксей Балай правёў інструктаж па тэхніцы бяспецы і паказаў, як трэба садзіць елкі і дубы.
На мерапрыемства сабраліся прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, пагранкамендатуры «Паставы» і іншых калектываў. Усе ўдзельнікі акцыі падзяліліся на пары. Мужчыны мячом Колесава рабілі лункі, жанчыны садзілі маладыя саджанцы. Работа ішла дружна і зладжана. Дэпутат Варапаеўскага сельскага Савета, дэлегат Усебеларускага народнага сходу Ігар Статута расказаў, што ў такой акцыі ўдзельнічае першы раз і вельмі гэтаму рады. Народная мудрасць сцвярджае, што мужчына ў сваім жыцці абавязаны пабудаваць дом, выгадаваць сына і пасадзіць дрэва. У Ігара ёсць уласны дом, з жонкай выхоўваюць дзевяцігадовага сына Ілью. У той дзень Ігар пасадзіў 350 маладзенькіх елак.
Станоўчыя эмоцыі напаўнялі і сакратара пярвічнай арганізацыі БРСМ Пастаўскага малочнага завода, члена Маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў Дар’ю Грынько. Яна ўпэўненая, што мерапрыемства, накіраванае на аднаўленне лясных масіваў, якія адыгрываюць ключавую ролю ў экасістэме рэгіёну, карыснае, а супольная праца аб’ядноўвае. У Год добраўпарадкавання краіны моладзь Пастаўшчыны робіць усё для таго, каб родная зямля станавілася прыгажэйшай.
Юрый Кісялёў адзначыў, што ўдзел у акцыі «Дай лесу новае жыццё!» — гэта інвестыцыі ў будучыню, магчымасць аказаць лясгасу пасільную дапамогу ў аднаўленні лясных багаццяў Пастаўшчыны. Згодна са статыстыкай, за апошнія 30 гадоў колькасць лясоў Беларусі павялічылася на 14%.
— Лес — не проста наша багацце, — канстатаваў Юрый Кісялёў. — Гэта чыстае паветра і наша здароўе. З кожным годам мы робім усё больш і больш для таго, каб наша Беларусь была не толькі эканамічна моцнай, але і экалагічнай.
— Штогод акцыя па аднаўленні лясоў прыцягвае да ўдзелу ў ёй шмат людзей, — расказваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў. — І сёлетняй вясной ёсць нямала ахвотных паўдзельнічаць у пасадцы лесу. На яе ўжо выязджалі работнікі пракуратуры, ваеннага шпіталя, навучэнцы некаторых школ раёна. Ёсць заяўкі і на наступны тыдзень. Мы вельмі ўдзячныя нераўнадушным грамадзянам да лёсу лясоў, іх аднаўлення. Акцыя «Дай лесу новае жыццё!» завяршаецца 12 красавіка, і адразу стартуе новая кампанія «Лес! Дабро! Парадак!». Падчас яе будзем займацца навядзеннем парадку ў лясах. Марафон добрых спраў прадоўжыцца, і ўсе ахвотныя змогуць унесці свой уклад у гэту высакародную справу.
Анна Анишкевич

















