Люблю прыватны сектар. Напэўна, таму што жыву ва ўласным доме. А яшчэ заўсёды прыемна бачыць, як рупяцца гаспадары ля свайго жылля і на прыдамавых тэрыторыях. Згадзіцеся, ля шматпавярховак такую актыўнасць мала дзе заўважыш. Праўда, дзеля справядлівасці трэба сказаць, што і не ўсе ўласнікі дамоў утрымліваюць іх у добрым стане. Адны састарэлі і не маюць сіл на добраўпарадкаванне, іншыя не надаюць гэтаму належнай увагі або проста не жадаюць сябе абцяжарваць. Некаторыя дамы ўвогуле застаюцца без гаспадароў, тэрыторыі ля іх зарастаюць травой і хмызняком. Такая карціна назіраецца не толькі ў вёсках і гарпасёлках, але і ў райцэнтры і вельмі псуе выгляд населеных пунктаў.
Але сёння пра іншае — сапраўдных гаспадароў. Кожны раз, праязджаючы па вуліцы Кляра ў Паставах, любуюся прыгожым двухпавярховым домам, абшытым светлым сайдынгам і накрытым металачарапіцай. Нарэшце вырашыла пазнаёміцца з яго гаспадарамі. Ала Татарчук здзівілася нечаканай госці, але ад размовы не адмовілася.
— Я — індывідуальны прадпрымальнік, а муж працуе токарам у «Рассвеце Пастаўскім», — расказвала жанчына. — Жывём тут з 1988 года. — Ад дома, які тады купілі, засталіся толькі сцены: усё ў ім перарабілі па-свойму і сваімі рукамі. Уласны дом — гэта і пастаянная праца ў ім і ля яго, і немалыя грашовыя ўкладанні. Кожны год мы што-небудзь удасканальваем.
Тое, якіх выдаткаў і колькі працы патрабуе свой дом, добра вядома і суседзям Татарчукоў — Юрыю Зарэцкаму і Таццяне Арнаутавай. Ён — будаўнік, працуе на малочным заводзе, яна — страхавы агент. У сям’і трое сыноў. Старэйшы ўжо дарослы, ажаніўся, жыве ў Мінску, сярэдні — навучэнец Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, малодшы — школьнік. Дом купілі ў 2003 годзе (да гэтага маладая сям’я жыла з бацькамі Юры) — стары, невялікі, складзены з бярвення. І распачалі яго рэканструкцыю. Таксама ўсё рабілі сваімі рукамі, бралі ў банку крэдыты. Затое зараз яго не пазнаць: намнога большы па плошчы, абшыты сайдынгам, накрыты металачарапіцай, сучасна абсталяваны ўнутры. Акуратныя гаспадарчыя пабудовы, стыльная альтанка ў двары. Гэтым летам гаспадары збіраюцца ўстанавіць ля дома новую агароджу.
— Адным словам, у добраўпарадкаванні няма межаў дасканаласці, — жартавалі суседкі, — але нашы сем’і да яе імкнуцца.
І гэта пахвальна.
Фаіна Касаткіна





