Поставские энергетики награждены за старание на ликвидации последствий прошлогодней июльской стихии

Общество

За аднаўленне электразабеспячэння — такім нагрудным знакам адзначана старанне пастаўскіх энергетыкаў на ліквідацыі наступстваў мінулагодняй ліпеньскай стыхіі.

Наш раён той ураган абмінуў. Ад яго пацярпелі амаль 250 населеных пунктаў у 15 раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей. У тых рэгіёнах быў уведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі. Да навядзення парадку падключылася ўся краіна. Рупіліся ратаўнікі, работнікі лясной гаспадаркі, прадстаўнікі энергасістэмы.

Не застаўся ў баку ад гэтай дабрачыннай справы і калектыў Пастаўскага раёна электрасетак. Першымі на дапамогу сваім калегам з Рэчыцкага РЭС адправіліся брыгады Ігара Пашкевіча і Юрыя Чарняўскага. Браты Ігар і Аляксей Пашкевічы дызельным генератарам забяспечвалі электрычнасцю адну з жывёлагадоўчых ферм, якая была поўнасцю абясточаная.

— Генератар працаваў круглымі суткамі, — расказвалі. — А мы сачылі, каб не здарылася перабояў, не парушаўся тэхналагічны пра­цэс. Жылі ў машыне. Але ні на што не наракалі, бо ведалі: ферма павінна функцыянаваць.

Поставские энергетики награждены за старание на ликвидации последствий прошлогодней июльской стихии

Электраманцёры Аляксандр Радко, Дзмітрый Гайдэль, Аляксандр Ульянаў, Юрый Антаневіч адразу распачалі ўхіленне пашкоджанняў на лініях электраперадачы. Пад’ём спецыялістаў на вышыню забяспечваў аператар машыны з пад’ёмнікам Аляксандр Ківачук.

Праз тыдзень папярэднія брыгады змяніла брыгада Андрэя Літынскага ў складзе электраманцёраў Аляксандра Зубко, Антона Ражко, Уладзіслава Амбрасовіча, Паўла Пяткевіча і вадзіцеля Славаміра Савіча.

— Работы па аднаўленні падачы электраэнергіі спажыўцам вяліся кругласутачна паскоранымі тэмпамі ў экстрэмальных умовах, — успаміналі. — Энергетыкі рабілі ўсё магчымае, каб хутчэй вярнуць у працоўны рытм прадпрыемствы, даць людзям святло. Мы разумелі, што гэта бяда агульная і мы абавязаныя дапамагчы з ёй справіцца. Прыемна было, калі мясцовыя жыхары падыходзілі, дзякавалі за працу, некаторыя стараліся пачаставаць якімі-небудзь прысмакамі.

Апошняга спажыўца электраэнергіі падключылі на 17-ы дзень пасля разгулу стыхіі. Вярнуўшыся з камандзіроўкі, РЭСаўцы ўключыліся ў выкананне паўсядзённых задач, пастаўленых перад калектывам. А нядаўна іх чакаў сюрпрыз — узнагароджанне. Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне электра­энергетыкі «Белэнерга» ў знак удзячнасці ліквідатарам устанавіла нагрудны знак «За аднаўленне электразабеспячэння». Дырэктар філіяла «Глыбоцкія электрычныя сеткі» Алег Апяцёнак уручыў яго кожнаму пастаўскаму энергетыку, хто праявіў высокі прафесіяналізм і мужнасць у складанай нестандартнай сітуацыі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.