Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ярево

Общество

З гісторыі

  • Вёска вядомая з канца XVIII стагоддзя ў складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ВКЛ як в. Ярова ў маёнтку Ярэва ва ўладанні Сулістроўскіх.
  • Са жніўня 1915 па лістапад 1918 года акупіравана германскімі войскамі, якімі пракладзены вузкакалейкі Ярэва—Свілелі—Інтока—Кальвяцішкі, Ярэва—Мажэйкі.
  • З 1921 года — у складзе Польшчы, з 1922-га — у Вілейскай зямлі.
  • Да 1939 года людзі жылі на асобных хутарах, з якіх вёска і была ўтворана.
  • Захаваўся калектыўны ліст ва Урад СССР, у якім сяляне ў 1931 годзе пісалі пра сваё цяжкае эканамічнае становішча.
  • У 1950 годзе быў арганізаваны калгас «За ўладу Саветаў».
  • Найбольшая колькасць жыхароў — 288 у 119 гаспадарках была ў вёсцы ў 1996 годзе.
  • У вёсцы меліся базавая школа, клуб, бібліятэка, ФАП, аддзяленне паштовай сувязі, 2 магазіны, дзіцячы яслі-сад.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ярево

Яшчэ ўбачымся!

Як добра ўсё-такі, што ў вёсках ёсць старэйшыны! Менавіта па іх дапамогу я звяртаюся кожны раз, рыхтуючы чарговы выпуск рэдакцыйнага праекта «Вёсачка». У Ярэве гэты грамадскі абавязак выконвае Яўгенія Протас. Яна, а таксама Людміла Тарасевіч і падказалі мне, да каго варта было заглянуць.

На жаль, я ахапіла не ўсе адрасы, і няхай мяне прабачаць тыя, да каго не дайшла. Але хіба гэта апошняя журналісцкая камандзіроўка ў Ярэва? Яшчэ ўбачымся! Дзеля справядлівасці варта сказаць і пра тое, што некаторыя вяскоўцы адмовіліся ад сустрэчы з ка­рэспандэнтам. Што ж, маюць права. А я з задавальненнем знаёмлю чытачоў газеты з чарговай вёсачкай.

Імі ганарацца

Зянон Лоўкіс — выпускнік ярэўскай школы, савецкі і беларускі вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі, доктар тэхнічных навук, прафесар, сапраўдны член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навук Беларусі.

Фелікс Іваноўскі — прафесар, дэкан факультэта інфарматыкі і матэматыкі Вільнюскага ўніверсітэта.

Іван Лапін — выпускнік ярэўскай школы, выкладчык кафедры літаратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Іван Шакола — ураджэнец Пастаўшчыны. З 1974 па 1979 год узначальваў калгас імя Калініна з цэнтрам у Ярэве. У 1997 годзе быў назначаны міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. Пазней з’яўляўся прэзідэнтам дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці Рэспублікі Беларусь, генеральным дырэктарам ААТ «Дражджавы камбінат».

Асаблівая ўвага – добраўпарадкаванню

Старэйшына вёскі Яўгенія Протас у тэлефоннай размове прапанавала:

— Па дарозе ў Ярэва звярніце ўвагу на добраўпарадкаванне нашых могілак.

А я звяртала на іх увагу заўсёды, калі праязджала міма. На гэты раз — больш пільна, спыніўшыся, робячы здымкі. Месца вечнага спачыну тут пастаянна ўтрымліваецца ў ідэальным стане. У 2023 годзе  адрамантавана каплічка. Ярэўцы, а таксама ўсе, чые родныя тут пахаваныя, не шкадуюць сіл, грошай і працы, каб на могілках круглы год быў парадак. Актыўна ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні Людміла Тарасевіч, Тэрэса Свілель, Ала Міхалевіч, Вольга Шукель, Ірына Трацяк, Часлава і Луцыя Вілейта. Два разы на год абкошваюць тэрыторыю могілак Анатолій і Мікалай Тарасевічы, Пётр Ківатыцкі, Віктар Яголда, Валянцін Шалкоўскі, Вальдэмар Вілейта. На ўскрайку Ярэва ёсць пахаванне нямецкіх воінаў часоў Першай сусветнай вайны. Яно таксама не занядбанае — устаноўлены крыж, абкошана трава.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ярево

Пра ўсё гэта мне расказала Яўгенія Генрыхаўна. Што да самой вёскі, то сёння тут пастаянна пражывае каля 100 чалавек, з іх 21 — дзеці. Ярэва знаходзіцца ў прыгранічнай з Літвой зоне, і тут дзейнічае пагранічная застава. Два разы на тыдзень у вёску прыходзіць аўтамагазін спажыўкааперацыі і яшчэ два разы — індывідуальнага прадпрымальніка. Таксама два разы на тыдзень вядзецца прыём на ФАПе, двойчы на месяц прыяз­джае машына райбыткамбіната. Ля Ярэва пралягае чыгунка і ходзіць цягнік «Віцебск—Лынтупы». А вось аўтобусных зносін з райцэнтрам няма, і гэта засмучае ярэўцаў. Не ў кожнага ёсць уласная машына і не ў кожнага дастаткова сродкаў, каб пае­хаць у Паставы на таксі. Але пры вострай патрэбе яго ўсё ж такі заказваюць.

Апавядаючы пра вёску, як не сказаць колькі слоў пра старэйшыну? Яўгенія Генрыхаўна 30 гадоў загадвала мясцовым аддзяленнем паштовай сувязі, зараз працуе паштальёнам. Добра ведае людзей, а яны — яе. 10 гадоў таму аўдавела. Жанчына мае двух сыноў, чатырох унукаў, і ў іх — працяг яе жыцця.

З малітвай – на добрыя справы

Самае прыцягальнае месца ў Ярэве — капліца. Кожную нядзелю і ў гадавыя святы сюды прыязджае ксёндз з Пастаў, і на святую Імшу збіраюцца вернікі не толькі з гэтай вёскі, але і з некалькіх суседніх.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ярево

— Раней тут быў звычайны вясковы дом, які людзі агульнымі намаганнямі перарабілі ў святыню, — расказвала мне Людміла Тарасевіч. — У адкрыцці капліцы, якое адбылося ў 2007 годзе, удзельнічаў біскуп Уладзіслаў Блін. Захоўваецца сшытак, у якім запісваюцца прозвішчы ўсіх, хто ахвяруе на святыню працу і сродкі. Зараз будынку патрабуецца рамонт, таксама будзем мяняць дахавае пакрыццё, таму працягваем збіраць ахвяраванні. Вельмі ўдзячныя за ўклад вернікам пастаўскай парафіі Святога Антонія Падуанскага.

Шмат робяць для капліцы Тэ­рэса Свілель, Фаіна Нагановіч, Альфрэда Тарасевіч, Алена Каравацкая, Ірына Трацяк, Алена і Віктар Яголды, Зянон Амбразевіч, Ян Лекарэвіч, сям’я Тарасевіч — бацькі Франц і Станіслава, сыны Павел і Анатолій, нявесткі Людміла і Уладзіслава, унук Мікалай. Зрэшты, немагчыма пералічыць усіх, хто спрычыняецца да добрых спраў.

Узор для многіх

Хто са старэйшага пакалення не памятае цяжкія 90-я гады? А перадавы механізатар калгаса імя Калініна Леанід Нагановіч (яго фотаздымкі неаднаразова змяшчаліся на старонках раённай і абласной газет) з жонкай Фаінай, якая працавала настаўніцай у мясцовай школе, у 1994-м пачалі будаўніцтва ўласнага дома. Многія не разумелі іх намеру: маюць жа кватэру, як адоле­юць будаўніцтва дома?

— У калгасе плацілі мала і не заўсёды своечасова, — узгадвае Леанід Ксаверавіч. — Але мы трымалі шмат скаціны. І самім хапала прадукцыі з уласнага падвор’я, і частку прадавалі, а грошы ішлі на будоўлю. Таксама дапамагалі бацькі.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ярево

У 1997-м у Нагановічаў нарадзіўся сын, і ў тым жа годзе сям’я пераехала з калгаснай кватэры ў прасторны ўласны дом. А ўсяго Леанід з Фаінай выхавалі траіх дзетак — дзвюх дачок (прычым адну прыёмную) і сына. Усе ўжо дарослыя, жывуць асобна ад бацькоў.

Дом, гаспадарчыя пабудовы, прысядзібны ўчастак у Нагановічаў і сёння ва ўзорным стане. Нават з дарогі бачна, што па Палявой, 1, жывуць сапраўдныя гаспадары. Абое на пенсіі, ужо не трымаюць так шмат скаціны, як раней (толькі дзвюх свіней і курэй), таму і бульбы, збожжа сеюць менш. Маюць усю ўласную глеба­апрацоўчую тэхніку, таму з работай спраўляцца лягчэй.

Любоў з першага погляду

Я не пра каханне, а пра тое, што маладая пара, Аляксандр і Аляксандра Каваленкі з Мінска, з першага погляду палюбілі дом у Ярэве, не раздумваючы, купілі яго і з 4 сакавіка бягучага года жывуць тут.

— Многія не разумеюць, чаму мы пераехалі сюды, — расказвалі муж і жонка. — Стаміліся ад горада і шукалі цішэйшае месца. Убачылі на «Куфары» аб’яву пра продаж дома, прыехалі паглядзець яго і зразумелі, што гэта менавіта тое, што нам трэба: прастора, цішыня, прыгожая прырода.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ярево

У шлюбе яны чатыры гады. Працуюць аддалена спецыялістамі падтрымкі карыстальнікаў «Яндэкса». Гэта дае магчымасць выбіраць любое месца жыхарства. Вось і выбралі ціхі куточак на Пастаўшчыне. Маладых людзей не засмучае нават тое, што даводзіцца самім ацяпляць дом. Праўда, ёсць магчымасць зрабіць электраацяпленне.

Дываны – на звалку!

Як усё змяняецца з цягам часу! Многія памятаюць, як цяжка было купіць секцыю, дыван, вырабы з хрусталю, якія сімвалізавалі сабой дастатак у сям’і. І каштавалі яны дорага, і ў продаж паступалі абмежавана. А сёння гэтыя рэчы вывозяць на звалку.

Вось і на агароджы ля дома Аляксандра і Валянціны Горшвіных вісеў дыван, «прыгавораны» да выкідвання. «Навошта збіраць пыл?» — пастанавіла іх дачка.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ярево

— Давайце хоць сфатаграфую вас ля дывана, каб засталася памяць пра яго, — прапанавала я гаспадыні. І яна згадзілася. А вось гаспадар не выйшаў з хаты, бо моцна нездаровілася.

Яны пазнаёміліся ў Вільнюсе, дзе Валянціна працавала, а жыць сталі ў родных мясцінах Аляксандра. Валянціна працавала ў калгасе ў аддзеле кадраў. Муж загадваў майстэрнямі, быў інжынерам па тэхніцы бяспекі, інжынерам па працаёмкіх пра­цэсах. Абое даўно на пенсіі. Далі дарогу ў жыццё сыну і дзвюм дочкам, маюць шасцярых унукаў і трох праўнукаў.

Найбагацейшыя

Сёстры Святлана Шарко і Любоў Андрыкавець нарадзіліся ў Казахстане, выраслі ва Украіне, а пастаянным месцам жыхарства для іх стала Беларусь.

— У 2000 годзе наша сям’я ў пошуках работы пераехала з Нікалаеўскай вобласці (Украіна) у Казяны, а з вясны 2010-га мы ў Ярэве, — расказвалі маладыя жанчыны. — Калгас даў жыллё і работу. Нам тут падабаецца: ціха, спакойна, прывыклі да людзей. Абедзве сталі працаваць аператарамі машыннага даення.

У ААТ «Ярэва-агра» задаволеныя такім папаўненнем. Сясцёр неаднойчы адзначалі граматамі, дыпломамі, фотаздымак Любы змешчаны на Дошцы гонару гаспадаркі. Святлана ж пакуль знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, а яе муж Юрый працуе механізатарам і таксама на добрым рахунку.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ярево

Спытаеце, а якое ж найвялікшае багацце маюць сёстры? Яго вы бачыце на здымку. У Святланы пяцёра дзяцей. Дваіх яна нара­дзіла яшчэ ва Украіне. Яе дачка Даша зараз працуе цырульнікам у нашым райцэнтры, сын Яраслаў вучыцца ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы. Аня і Яна ходзяць у садок, а найменшая, паўтарагадовая Кіра, — з мамай. У Любові чацвёра дзяцей: Маша, Ілья, Лера, Мікіта, якія ходзяць адпаведна ў пяты, чацвёрты, другі і першы клас.

Клопатаў з малымі хоць адбаўляй. Але хто, як не яны, дораць мамам найбольш радасці.

А як чытаць любіла!

Леанора Петух размаўляе з прыкметным акцэнтам, і я цікаўлюся, адкуль ён.

— Відаць, з Літвы, — адказвае жанчына. — Я ў Вільнюсе працавала прадаўцом, затым скончыла тэхнікум савецкага гандлю. Але вярнулася сюды, на татаву радзіму. Я сельскі чалавек, не люблю горад.

Спачатку Леанора працавала ў калгасе паляводам, пасля — даяркай. Успамінала, што дабівалася на ферме добрых вынікаў, яе заахвочвалі за старанне і нават у раённую газету фатаграфавалі.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ярево

— Тры разы на дзень уручную даілі кароў, працавалі цяжка і ўласнае вялікае падвор’е трымалі, — расказвала Леанора Мікалаеўна. — Стамлялася, але, нягледзячы на гэта, вельмі любіла чытаць. Выпісвала некалькі газет, нявестка прывозіла мне з Пастаў кнігі, і я магла да дзвюх гадзін ночы зачытацца якім-небудзь раманам, а апалове чацвёртай — пад’ём: трэба было збірацца на ферму. Зараз з-за дрэннага зроку не магу многа чытаць.

Яшчэ адно захапленне Мікалаеўны — кветкі. Кожнае лета іх мноства перад домам. І хоць ходзіць з кіёчкам, агародчык не абмінае. Ёсць у яе і добрая памочніца — сацыяльны работнік Святлана Турла, часта наведваецца з Пастаў сын Валерый. Стараецца хоць раз на год прыехаць з Чарапаўца да маці другі сын, Роберт.

— Весялей і ад таго, што насупраць майго дома жывуць і нясуць службу пагранічнікі, — гаварыла Леанора Петух. — Яны і сваю дапамогу прапануюць, калі спатрэбіцца.

Толькі ўспаміны засталіся

Кацярыну Урбан ведаю не адно дзесяцігоддзе. Як карэспандэнту газеты мне неаднойчы даводзілася сустракацца з ёй, на той час старшынёй Мулярскага сельскага Савета, пазней — Ярэўскага. Рабоце ў сельскіх Саветах Кацярына Іосіфаўна аддала больш за 20 гадоў.

— Патрабаванні раённага кіраўніцтва былі высокія, ставіліся канкрэтныя задачы, і даводзілася вырашаць многія пытанні жыццезабеспячэння вяскоўцаў, — расказвала Кацярына Іосіфаўна. — А машыны Савет не меў, і мабільнай сувязі тады яшчэ не было. Часта транспарт выдзяляў старшыня калгаса імя Мічурына Пётр Міхайлавіч Розынка, пра што я ўспамінаю з удзячнасцю. Складаных сітуацый было нямала, і гэта зараз адгукаецца хваробамі.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ярево

Чатыры гады назад не стала мужа Кацярыны, а яна і сёння не можа без слёз успамінаць пра яго. Добра, што іх адзіны сын жыве з сям’ёй у Паставах. Ён, нявестка і ўнук-школьнік часта наведваюцца да маці, дапамагаюць ёй у рабоце, ратуюць ад адзіноты.

Падкасіла гора

Марыя Адамаўна Нагановіч — найстарэйшая жыхарка вёскі: у мінулую пятніцу ёй споўнілася 89 гадоў. Але бабулі зусім не да свята, бо ў пачатку гэтага месяца ў сям’ю ўварвалася вялікае гора — раптоўна на 56-м годзе жыцця памёр яе сын Алег.

— Раніцай сынок заехаў да мяне, прывёз батон, а к вечару ён быў ужо нежывы, — напаўняюцца вочы Адамаўны слязамі.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ярево

Але яна збіраецца з сіламі і расказвае мне пра сваё жыццё:

— Нас у бацькоў было пяцёра, жылі бедна, кожны шукаў сваю дарогу ў жыцці. Зусім маладзенькай будавала салдацкія казармы ў Паставах. Пасля працавала ў Эстоніі, Карагандзе, Калінінградзе. Вярнуўшыся ў родныя мясціны, 15 гадоў даіла калгасных кароў.

Працоўная загартоўка, напэўна, і дае Марыі Адамаўне сілы. Яшчэ чатыры гады назад яна трымала карову, нават у цяперашнім узросце ездзіць на веласіпедзе, спраўляецца дома і на агародзе. І гора пераносіць мужна. Адамаўну падтрымлівае другі сын, Віктар. Ён жыве ў Глыбокім, але, пайшоўшы на пенсію, падоўгу бывае ў маці, дапамагае ёй.

Фаіна Касаткіна



Tagged

1 комментарий по теме “Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ярево

  1. Замечательный проект! Отличная статья! Огромное спасибо автору.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.