У мінулыя выхадныя прырода паднесла свае сюрпрызы: мінусавую тэмпературу, моцны вецер і снегапад. На Магілёўшчыне вышыня снежнага покрыва дасягала 25 сантыметраў. Вярнулася зіма і на Пастаўшчыну. Праўда, вялікіх клопатаў дарожнікам, работнікам камунальнай службы, энергетыкам яна не прынесла. На дарогах і тратуарах снег хутка ператвараўся ў ваду. А вось на клумбах і дрэвах затрымліваўся.
Снег крыху прытармазіў набраны гаспадаркамі раёна тэмп сяўбы яравых зерневых і зернебабовых. Спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў штодзённа манітораць прагноз надвор’я, таму да такога яго павароту былі гатовыя. Наперакор непагадзі хлебаробы сельгаспрадпрыемстваў «Дунілавічы-агра», «Сцяг Перамогі-агра», «Янавіца-агра», «Камайскі-агра», «Ярэва-агра» сеялкі на прыкол не паставілі, а засявалі вышэйшыя ўчасткі. За выхадныя засеяна больш за 600 гектараў.
СП «Дунілавічы-агра» трэба засеяць зерневымі і зернебабовымі 970 гектараў. Работа праведзена на 620, што складае 64%. Да аўторка ў гаспадарцы працавалі тры сеяльныя агрэгаты. Мясцовы Дзмітрый Лысёнак і механізатары малочнага завода Артур Чапскас і Леанід Насыр рупіліся на розных участках. У аўторак Леанід адправіўся на дапамогу хлебаробам ААТ «Сцяг Перамогі-агра».
— Практычна ўвесь светлавы дзень у полі, — гаварылі механізатары. — Выпрацоўка залежыць ад размераў поля. А яшчэ вялікай праблемай з’яўляюцца камяні. Яны — прычына розных паломак. Стараемся быць пільнымі, каб пазбягаць прастояў.
Згодна з планам яравыя на Пастаўшчыне трэба пасеяць на плошчы 14 300 гектараў. 4 440 з іх зоймуць зерневыя і зернебабовыя, 604 – рапс, 2 100 – лён, 6 185 – кукуруза на сілас і зерне. На 25 гектарах будзе вырошчвацца бульба.
У параўнанні з мінулымі гадамі гэта самы малы план яравой сяўбы. Звязана гэта з тым, што вялікі аб’ём работ выкананы восенню — азімыя пасеяны на 15 060 гектарах, рапс — на 3 996 га. Усе культуры перазімавалі добра. З устанаўленнем цёплага надвор’я пачалася іх вегетацыя.
На 80% плошчы азімыя зерневыя ўжо падкормлены азотам. У ААТ «Хацілы-агра» распачалі іх сілкаванне па другім разе. Атрымлівае неабходную колькасць удабрэнняў і азімы рапс. У ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Хацілы-агра», «Кураполле-агра» і «Ярэва-агра» пад гэту культуру ўнясенне ўдабрэнняў па першым разе завяршылі і пайшлі паўторна.
Працягваецца вывазка і ўнясенне арганікі пад сяўбу кукурузы, унясенне калійных удабрэнняў.
Анна Анішкевіч

