Святкаванне Вялікадня нельга ўявіць не толькі без фарбаваных яек, але і без кулічоў. Многія гаспадыні выпякаюць іх самі, іншыя не абцяжарваюць сябе на кухні, а купляюць гатовыя.
Сёння ў другой палове дня ў магазіне «PROЗапас» адкрываецца выстава-продаж кулічоў і іншых кулінарных вырабаў. Дырэктар гэтай гандлёвай кропкі Лілія Мелец расказвала:
— Прадукцыя нашага кулінарнага цэха пастаянна карыстаецца попытам. Ірына Данілюк і Валянціна Бязклубая, якія працуюць у ім, кожны дзень выпякаюць па 800 і больш штук розных булачак, пірожных, тартоў і інш., і ўсё гэта раскупліваецца. Напрыклад, за мінулы месяц мы рэалізавалі такой прадукцыі на 22 тысячы рублёў.
К мінулагодняму каталіцкаму Вялікадню ў «PROЗапасе» выпеклі 500 кулічоў, столькі ж і к аналагічнаму святу праваслаўных вернікаў. Сёлета ў абедзвюх канфесій свята прыпала на адну і тую ж дату. Таму кулінары магазіна плануюць выпечы не менш за тысячу кулічоў, а таксама дастаткова тартоў, караваяў, пірожных і іншага.
Знойдуць пастаўчане кулічы і іншую здобную прадукцыю на велікодны стол і ў магазінах «Суседзі», «Купалінка», «Хіт», «Расінка», «Капеечка».
— Розніца ў тым, што там прадукцыя завазная, а мы выпякаем яе на месцы, яна свяжэйшая і каштуе значна танней», — падсумавала Лілія Мелец.
Фаіна Касаткіна

