267-м рымскім пантыфікам стаў кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост. Святы Айцец абраў сабе імя Леў XIV

Духовность

8 мая падчас другога дня канклаву кардыналы, сабраныя ў Рыме, выбралі новага Папу. 267-м рымскім пантыфікам стаў кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост. Святы Айцец абраў сабе імя Леў XIV.

Ад місіянера – да Папы Рымскага

Роберт Фрэнсіс Прэвост нарадзіўся 14 верасня 1955 года ў ЗША. Духоўны шлях прывёў яго да служэння ў якасці місіянера, а затым і да вышэйшых пасад у Каталіцкім Касцёле. З 30 студзеня 2023 года да 21 красавіка 2025 года ён займаў пасаду прэфекта Дыкастэрыі па справах біскупаў і адначасова быў старшынёй Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі.

 

Прэвост вядомы сваім місіянерскім духам і адданасцю евангелізацыі, а таксама адміністрацыйнымі навыкамі, якія ён праявіў на розных пасадах. Яго абранне Папам Рымскім адкрывае новую старонку ў гісторыі Каталіцкага Касцёла, дзе яго міжнародны досвед і пастырскае бачанне могуць дапамагчы ў вырашэнні сучасных выклікаў, з якімі сутыкаецца Касцёл па ўсім свеце.

267-м рымскім пантыфікам стаў кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост. Святы Айцец абраў сабе імя Леў XIV

Урачыстая інаўгурацыя

18 мая каля 250 тысяч вернікаў з усяго свету, прадстаўнікі больш чым 150 дзяржаў, дэлегацыі розных хрысціянскіх канфесій і рэлігій сабраліся на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане на ўрачыстую інаўгурацыю пантыфікату Льва XIV.

Перад святой Імшой пантыфік праехаў на папамабілі па плошчы Святога Пятра і прылеглай да яе, каб прывітаць усіх пілігрымаў, у тым ліку тых, хто падчас літургіі знаходзіўся ўдалечыні ад алтара. Затым Папа, патрыярхі і іншыя іерархі накіраваліся ў працэсіі да алтара, усталяванага перад ватыканскай базілікай. Разам з імі ішлі дыяканы, якія неслі Евангелле, а таксама пастырскі палій і Пярсцёнак Рыбака. Пярцёнак сімвалізуе пераемнасць Святога Пятра. Унутры яго напісала імя Папы — Леў XIV, а таксама ёсць элементы яго герба — ліліі і сэрца ў агні.

Ва ўрачыстай святой Імшы на распачацце пантыфікату Папы Льва XIV удзельнічалі дзве дэлегацыі з Беларусі. Першую, дзяржаўную, узначальваў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка, другую, якая складалася з духоўных асоб, — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Сустрэча з беларусамі

Ігар Сергяенка падчас урачыстай цырымоніі сустрэўся з Папам, выказаў упэўненасць, што душпастырскае служэнне Святога Айца будзе дабром для чалавецтва на Зямлі, і перадаў Папу віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і падарунак — абраз Божай Маці Жыровіцкай.

267-м рымскім пантыфікам стаў кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост. Святы Айцец абраў сабе імя Леў XIV

21 мая адбылася першая агульная аўдыенцыя Папы Льва XIV. На ёй прысутнічалі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Аляксандр Яшэўскі. Пасля агульнай аўдыенцыі ў іх была кароткая асабістая сустрэча з пантыфікам. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ад імя Касцёла Беларусі перадаў Папу Льву XIV афіцыйнае запрашэнне наведаць Беларусь, дзе, па словах іерарха, «беларускі народ будуе сваю будучыню на моцным фундаменце хрысціянскіх і сямейных каштоўнасцей і, перажываючы 80-годдзе заканчэння Другой сусветнай вайны, — на спакоі, згодзе і міры».

Анна Анішкевіч
Фота з сайта Catolik.by



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.